Беларуская выцінанка ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO

Выцінанка, традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, якое практыкуецца ў Беларусі з XVI стагоддзя, уключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Рашэнне аб гэтым было прынятае ў Асунсьёне, Рэспубліка Парагвай, падчас 19-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2024 года. Гэта ўжо шосты беларускі элемент у гэтым спісе.

Беларуская выцінанка трапіла ў Рэпрэзантыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва разам з 34-ма іншым культурнымі элеменатамі са ўсяго свету.

«Першапачаткова вырызаныя ўзоры выкарыстоўваліся для ўпрыгожвання цэркваў, а цяпер ужываюцца для ўпрыгожвання дамоў, кафэ і офісаў, для афармлення друкаванай прадукцыі — календароў і паштовак, а таксама ў тэатральных дэкарацыях і грамадскіх месцах, прадстаўляе беларускую выцінанку міжнароднай супольнасці камітэт UNESCO. — Майстры выкарыстоўваюць розныя спосабы працы з паперай: ад выразання нажніцамі простых сіметрычных кампазіцый да камбінавання складаных фігур з дапамогай нажніц і разца. Цяпер выцінанка выконвае шэраг універсальных функцый, у тым ліку адукацыйную, эстэтычную і камунікатыўную».

Беларуская выцінанка пачала распаўсюджваецца ў Беларусі з XVI стагоддзя. У асяродку шляхты існавала сілуэтная выразка (чорна-белыя рэалістычныя выявы людзей, прыродных матываў, бытавых сцэн). Народная выцінанка адрознівалася тэхнікай выканання. Папера складалася гармонікам, у 4, 6 разоў у выглядзе трохвугольніка, ці толькі ў двая і па бакам выразаліся ажурныя геаметрычныя ўзоры.

Росквіт выцінанкі прыпадае на канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддяў. У беларускай культуры найбольш пашыраны аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру. Характэрны простыя кампазіцыі на аснове геаметрычных, раслінных, зааморфных і рэдка прадметных матываў. Выцінанку шырока ўжывалі ў побыце.

Фота: bakhuny.by.

З развіццём лёгкай прамысловасці выцінанку замяніў тэкстыль. Апошні перыяд росквіту выцінанкі прыпадае на 1940-я — 1950-я гады. Потым мастацтва выцінанкі зноў сыходзіць у заняпад.

У 1970—1980 гады адбылося адраджэнне традыцыйнага мастацтва выцінанкі. У Мінску таксама былі майстры, якія спрыялі аднаўленню гэтага віду беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выцінанка набыла сучаснае «гучанне», але не згубіла і традыцыйных рыс.

Зараз, у XXI стагоддзі, матывы і прыёмы выцінанкі пашыраны ў афармленні кніг, упаковак, паштовак, у афармленні інтэр’ераў і экстэр’ераў.

У 2021 годзе беларускае мастацтва выцінанкі атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Беларусі.

Нагадаем, што выцінанка стала шостым беларускім элементам нематэрыяльнай спадчыны, уключаным у спіс ЮНЕСКА. Нагадаем, што раней у яго былі прыняты: калядны абрад «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, «Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна, «Юраўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна, культура бортніцтва, «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!