Беларускае тэатральнае кам’юніці ў замежжы ўчора апублікавала мемарандум аб стварэнні Беларускага Інстытута тэатра (БІТ). Ён быў падпісаны беларускімі тэатральнымі дзеячамі па выніку адмысловай канферэнцыі па стварэнні незалежнай інстытуцыі. Падзея адбылася 7-9 верасня, але зараз інфармацыя і асноўны дакумент — мемарандум — сталі даступныя для кожнага.
У афлайн- і анлайн-канферэнцыі ўзялі ўдзел каля 50 прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай тэатральнай супольнасці: акторы, рэжысёры, крытыкі, тэатразнаўцы, менеджары, тэхнічныя спецыялісты, а таксама журналісты. Сярод іх: Купалаўцы Алег Гарбуз, Валянціна Гарцуева, Зоя Белахвосцік, а таксама рэжысёры Юра Дзівакоў, Уладзімір Ушакоў, прадзюсар Марына Дашук, актор і рэжысёр Андрэй Новік, драматург Андрэй Іваноў, даследчыца тэатра Анастасія Панкратава і многія іншыя.
Па выніку ўдзельнікі і ўдзельніцы канферэнцыі распрацавалі рашэнні для кірункаў працы будучага Інстытута.
У створаным мемарандуме акрэслены асноўныя прынцыпы працы БIТ:
- Поле дзейнасці – усё поле беларускага тэатра: як унутры Беларусі, так і за яе межамі;
- Дэцэнтралізацыя паміж малымі і вялікімі гарадамі і мясцовасцямі;
- Недыскрымінацыя па гендары, узросце і іншых крытэрах;
- Адвакацыя правоў прадстаўнікоў/_ніц прафсупольнасці;
- Забеспячэнне балансу паміж бяспекай і празрыстасцю;
- Развіццё міждысцыплінарнага ўзаемадзеяння.
Асноўныя напрамкі дзейнасці інстытуцыі:
- Праца з прафесійнай супольнасцю беларускага тэатра і сумежных мастацтваў. Адвакацыя правоў адмыслоўцаў беларускага тэатра;
- Развіццё прафесійнай нефармальнай і акадэмічнай адукацыі ў галіне тэатра;
- Стымуляванне і стварэнне ўмоваў для тэатральнай вытворчасці і сумежных праектаў прафесійнай супольнасці;
- Навукова-даследчая дзейнасць у галіне тэатра і тэатральнай (культурнай) палітыкі;
- Камунікацыйная дзейнасць;
Наступны крок беларускага кам’юніці па запуску БІТ — стварэнне працоўных групаў і працэс рэгістрацыі юрыдычнай асобы (уключна юрыдычнае суправаджэнне).
Важнай часткай прынцыпу працы БІТ застаецца гарызантальнасць і адкрытасць. Таму далучыцца да працы Інстытута можа кожны зацікаўлены — дастаткова запоўніць анкету альбо напісаць на пошту Беларускага тэатральнага кам’юніці ці ў сацыяльныя сеткі.
Канферэнцыя па стварэнні Беларускага Інстытута тэатра была арганізавана працоўнай групай Беларускага тэатральнага кам’юніці, куды ўваходзяць Анжаліка Крашэўская, Валянціна Мароз, Паліна Дабравольская, Каця Раманчык і іншыя ўдзельніцы каманды.
Сачыць за дзейнасцю беларускай тэатральнай супольнасці можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: