На пасаду галоўнага рэжысёра Іркуцкага абласнога музычнага тэатра імя М. М. Загурскага прызначана Анастасія Грыненка — беларуская аўтарка лібрэта і перакладаў, рэжысёрка, мастацкі кіраўнік мінскага прыватнага творчага аб’яднання «Тэрыторыя мюзікла.Тэатр Генадзя Гладкова». Гэтымі днямі вядомую ў беларускім тэатры адмыслоўцу прадставілі калектыву сібірскага тэатра, пішуць «Сибирские новости».
Анастасія Грыненка больш за 17 гадоў працавала ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. У яе даробку — пастаноўка ліцэнзійных мюзіклаў сусветнага ўзроўню — «Вестсайдская гісторыя», музычнае рэвю «Прывітанне, Брадвей!» ды іншыя яскравыя спектаклі.
Але сапраўдным прарывам для ўсёй беларускай тэатральнай сцэны сталася адкрыццё прыватнага музычнага тэатра «Тэрыторыя мюзікла», які Анастасія Грыненка разам з беларускімі акцёрамі Аляксеем Грыненкам і Дзмітрыем Якубовічам заснавала ў 2012 годзе. Тэатр намагаўся пашырыць межы жанру мюзікл, яго ўспрыманне — але ў 2022 годзе чарговай пастаноўцы калектыву — мюзіклу-пастыча «Фігаро» — не далі ход. Тэатр фактычна спыніў свае існаванне.
Зараз разам з Анастасіяй у Іркуцкім абласным музычным тэатры будзе працаваць і беларускі артыст Дзмітрый Якубовіч — ён стане загадчыкам рэжысёрскага дэпартамента ва ўстанове.
«У новым тэатральным сезоне першай падзеяй на асноўнай сцэне стане музычнае рэвю «Формула Гайдая» да 100-годдзя знакамітага рэжысёра. Па задуме аўтараў гледачы змогуць зірнуць на яго фільмы вачыма маладога пакалення і ацаніць сучаснасць і актуальнасць творчасці Леаніда Гайдая. Зімой на галоўнай сцэне адбудуцца прэм’еры аперэты Іагана Штраўса «Летучая мышь» і музычнай казкі «Навагодняя бітва чараўнікоў». У вясновых планах тэатра — мюзікл Яўгена Загота «Чараўнік ізумруднага горада», — пішуць пра будучыя планы тэатра «Сибирские новости».