Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ўчора, 22 мая, падтрымала прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Культура беларускай дуды», паведамляе Міністэрства культуры ў афіцыйным тэлеграм-канале.
Беларускай дудой варта называць канкрэтны від аднагукавай дуды – духавы народны музычны інструмент, які складаецца са скуранога меху, аднаго гуку (бурдону), адной жалейкі (перабор), соскі, а таксама на кожнай з ігравых трубак усталяваны рагаўні-раструбы, — даецца апісанне адметнасці беларускага інструмента ў паведамленні.
Як і іншыя язычковыя духавыя, дуда выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах.
Гістарычным арэалам распаўсюджання культуры дуды з’яўляецца Віцебшчына, Міншчына і Гродзеншчына, дзе сустракаліся аўтэнтычныя віды дударскай традыцыі з XVІ-XVIІ стагоддзяў.
У 1920-х – 1930-х гадах дуда пачала выцясняцца больш «моднымі» на той час скрыпкамі, кларнетамі, гармонікамі і амаль знікла ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, — гаворыцца ў гістарычным дасье інструмента.
Адраджэнне беларускай дуды пачалося з 1980-х гадоў.
Сёння дударская традыцыя бытуе на тэрыторыі Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і горада Мінска.
Сучаснае выканальніцтва на дудзе прадстаўлена 30 дударамі-майстрамі, а таксама каля 100 аматарамі.
Мінскі аблвыканкам плануе падрыхтаваць дасье “Культура беларускай дуды” для накіравання ў UNESCO ў 2024 годзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram