«Беларусьфільм» прыбрaў са свайго адмысловага каналу фільм «На Чорных лядах» паводле твораў Васіля Быкава

Belarusfilm Digital — адмысловы канал Нацыянальнай кінастудыі, на якім інстытуцыя выкладвае свае стужкі пасля лічбавай рэстаўрацыі выявы і гуку. Фільм Валерыя Панамарова «На Чорных лядах», створаны на «Беларусьфільме» паводле твораў Васіля Быкава ў 1995 годзе, быў дададзены да плэйліста адрэстаўраваных карцін у ліпені 2020 года. Але зараз кіно знікла з адмысловай пляцоўкі, заўважыў тэлеграм-канал «Священный Белавуд».

«Цяпер па спасылцы сэрвіс інфармуе, што відэа недаступнае да прагляду. Пры гэтым копіі адрэстаўраванай версіі фільма можна знайсці на каналах іншых карыстальнікаў ютуба», — адзначае тэлеграм-канал.

«На Чорных лядах» — стужка беларускага сцэнарыста і рэжысёра родам з Расіі Валерыя Панамарова, якая распавядае пра Слуцкі збройны чын 1920 года.

«Аддзел беларускіх паўстанцаў спрабуе сысьці лясамі ад бальшавіцкага перасьледу. Апынуўшыся ў акружэньні, яны прымаюць рашэньне пра групавое самагубства, каб ня трапіць жывымі ў палон і не падставіць пад удар сваякоў. У жывых застаецца толькі малады хлопец, які мусіць схаваць іхнія целы ў зямлю…», — адзначалася ў анатацыі да карціны, якая і без актуальнага прэцэндэнта мела незайздросны пракатны лёс.

Уласна, у 1995 годзе прэм’ера «На Чорных Лядах» мелася адбыцца ў кінатэатры «Масква», але была сарваная з прычыны… нібыта выкрадзенай са студыі адзінай копіі стужкі. Пазней карціну «знайшлі», але публіцы ў шырокім пракаце так і не прадэманстравалі. Яе паказы адбыліся толькі для вузкай аўдыторыі. (Акурат пра сарваную прэм’еру беларускі рэжысёр Андрэй Куціла ў 2013 годзе зняў для «Белсата» рэпартаж «Забаронены фільм»).

Па адной з версій, негалоснае рашэнне аб забароне кіно Валерыя Панамарова было прынята Уладзімірам Замяталіным, які ў той час узначальваў Галоўнае ідэалагічнае ўпраўленне ў Адміністрацыі прэзідэнта. Але пацверджанняў гэтай версіі няма.

Напрыканцы 1990-х «На Чорных лядах» актыўна распаўсюджваўся на відэакасетах і дысках. Ды трапіў у Еўропу, ЗША і Аўстралію.

«Беларусьфільм» афіцыйна выклаў стужку на сваім канале толькі ў 2020 годзе. І нават у Вікіпедыі да гэтай пары можна знайсці спасылку на адрэстаўраваную версію, якая, як бачым, ужо не працуе.

Цікава, што іншыя стужкі, створаныя на «Беларусьфільме» паводле твораў Васіля Быкава, на афіцыйным YouTube-канале студыі можна адшукаць — тую ж «Пайсці і не вярнуцца», «Фруза», «Альпійская балада». Відаць, кіно пра супраціў беларускіх паўстанцаў савецкай уладзе ў 1920 годзе на «асобым рахунку».

Аднак, паўторымся, «забаронены фільм» зараз ужо можна адшукаць на прасторах інтэрнэту.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.