У кагорце беларускіх ТГ-каналаў пра экалогію, навакольнае асяроддзе і зялёныя гарады з’явіўся канал «I have a Green. Марым Беларусь». Як кажуць стваральнікі каналу, яго фішка – мара аб зялёнай і сацыяльна справядлівай Беларусі будучыні.
Як калісьці ў ЗША барацьбіт за правы цемнаскурых грамадзянаў краіны Марцін Лютэр Кінг дзяліўся са сваімі прыхільнікамі марай аб роўных правах і магчымасцях для кожнага амерыканца, канал заклікае падпісчыкаў падзяліцца сваімі марамі аб тым, як будуць выглядаць беларускія гарады і мястэчкі ў будучыні.
Якой будзе энергетыка, якім будзе транспарт, як і на чым будзе развівацца прамысловасць, якімі будуць лясы і палі, як будзе захоўвацца біяразнастайнасць, як будзе выглядаць культурнае і сацыяльнае жыццё беларусаў.
Кантэнт каналу складаецца з экспертных мараў і мараў простых беларусаў, з апытанак на розныя экалагічныя і зялёныя тэмы, з падкастаў і візуалізацый. Да яго стварэння заклікаюцца ўсе беларускія летуценнікі, незалежна ад таго, у якой краіне яны зараз жывуць і на якой мове размаўляюць.
Галоўны крытэр – жаданне бачыць Беларусь зялёнай, бяспечнай, утульнай і сацыяльна адказнай. Стваральнікі каналу просяць падпісчыкаў дзяліцца сваімі жаданнямі і ўяўленнямі ў каментарах. Прымаць актыўны ўдзел у дыскусіях, адказваць на апытанкі.
«Заплюшчыце вочы і ўяўляйце. Чаго ў нас ніяк нельга адабраць, дык гэта ўяўлення. Таму мы будзем уяўляць сябе, як выдатна будзем жыць у новай Беларусі будучыні», – кажа адзін з першых пастоў у новым ТГ-канале.
Стваральнікі праекта кажуць, што гатовыя на тое, каб выглядаць трохі летуценнікамі, але сёння беларусам патрэбна захаваць здольнасць верыць у лепшае і імкнуцца да недасяжнага. Тым больш, што зялёная эканоміка, зялёныя кліматычна нейтральныя гарады, чыстая ўзнаўляльная энергетыка і сацыяльна адказнае ўстойлівае грамадства – не нешта фантастычнае.
«Зрабіць Беларусь краінай нашых мараў магчыма. І гэты час абавязкова прыйдзе, як калісьці ажыццявілася мара Марціна Лютэра Кінга», — падкрэсліваюць стваральнікі.
Далучыцца да каналу можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram