У італьянскім горадзе Ларэта на вайсковых могілках, дзе пахаваныя польскія жаўнеры, беларус Яраслаў Мусько знайшоў пахаванне Аркадзя Міклашэвіча — малодшага брата паэткі і пісьменніцы Ларысы Геніюш. Ён служыў у польскай арміі генерала Андэрса і загінуў пад Монтэ-Касіна. Пра гісторыю пошуку напісала Свабода.
Яраслаў Мусько — з Падляшша, зараз працуе дарадцам групы еўрапейскіх кансерватараў і рэфарматараў Еўрапарламенту ў Бруселі. Беларус зацікавіўся пошукамі роднага брата Ларысы Геніюш пасля прачытання яе кнігі «Споведзь».
«Яна там апісвала свайго брата, які быў у польскай арміі генерала Андэрса ў Італіі і загінуў пад Монтэ-Касіна. Мяне вельмі зацікавіла, дзе ён пахаваны. Яна пісала, што недзе ў Італіі. Я тады падумаў, што калі буду там, то добра было б знайсці», — расказвае Яраслаў.
Падчас вакацый у Італіі Яраслаў і пачаў пошукі. Ён знайшоў трое могілак, дзе могуць быць пахаваны польскія жаўнеры. На сайце аднаго з іх убачыў імя і прозвішча Arkadiusz Mikłaszewicz — вайсковец служыў у 12-м палку падольскіх уланаў. Месца нараджэння мужчыны пазначанае як «Жлобаўцы Горадзенскага павету». На гэтым хутары нарадзілася Ларыса Геніюш. Дата нараджэння Аркадзя — 15 лістапада 1922 года, дата смерці — 27 ліпеня 1944 года. Пражыў 21 год. Могілкі знаходзіліся ў італьянскім горадзе Ларэта.
«Я не знайшоў іншага Аркадзя Міклашэвіча. Думаю, на 99,99% мы знайшлі магілу брата Ларысы Геніюш. Ці ведаў пра гэта хто раней, ня ведаю. Інфармацыі, дзе ён пахаваны, раней у інтэрнэце я ніколі не знаходзіў», — цытуе словы спадара Яраслава «Свабода».
Могілкі аказаліся пры касцёле, які здаўна стаў папулярным месцам паломніцтва. На іх пахаваныя больш за тысячу вайскоўцаў. Усе магілы ў адным стылі — контуры магілы і крыж. Зямля засыпаная галькай. Над могілкамі лунае польскі сцяг.
Над месцам спачыну Аркадзя Міклашэвіча стаіць праваслаўны крыж.
«Я падумаў, што б падумала Ларыса Геніюш, калі б стаяла побач з магілай свайго брата, — кажа Яраслаў. — Мы з сынам памаліліся над гэтым пахаваннем, пахадзілі яшчэ па могілках».
Паэтка Ларыса Геніюш нарадзілася ў 1910 годзе ў маёнтку Жлобаўцы на тэрыторыі цяперашняга Ваўкавыскага раёна Горадзенскай вобласці (тады гэта была Расійская імперыя, потым Польшча, пасля СССР), піша «Свабода». Яна паходзіла з праваслаўнай заможнай сям’і земляўласнікаў Антона і Аляксандры Міклашэвічаў. Вядомыя імёны трох ейных братоў — Расціслаў, Аляксей, Аркадзь — і трох сёстраў: Ксенія, Ніна, Людміла.
У 1939 годзе сям’ю раскулачылі. Бацьку выслалі на пяць гадоў у Карагандзінскую вобласьць СССР, там ягоныя сляды згубіліся. Дэталяў раскулачвання рэшты сям’і Ларыса не ведала, бо ўжо тады жыла з мужам у Празе. У спісах на высылку былі маці і сямёра дзяцей, уключна з Ларысай. Вядома, што маці, братоў і сёстраў выслалі ў Казахстан.
Браты Ларысы Геніюш — Аляксей і Аркадзь Міклашэвічы — падчас Другой сусветнай вайны ў складзе польскай арміі генерала Андэрса ўдзельнічалі ў бітве пры Монтэ-Касіна, дзе і загінуў Аркадзь. Аляксей дажыў да 87 гадоў, памёр у Лондане.