«Артадаксальны сітком, але з фігай у кішэні». «ЧынЧынЧэнэл» выпускаюць новы камедыйны серыял — «БелГосПсиХоз»

26 жніўня «на ўсіх ютубах» краіны адбудзецца прэм’ера міні-серыяла «БелГосПсиХоз» ад аўтараў «ЧынЧынЧэнэл». У Янкі Купалы было «біпалярнае засмучэнне», у святара, якія размаўляе з Богам, шызафрэнія — адныя з «геніяльных» дыягназаў ад галоўнага героя сіткома — псіхолага-ідэолага, які зараз шчыруе ва ўмоўнай дзяржаўнай лякарні.

Што будзе, калі ўлады Беларусі скасуюць псіхолагаў і прызначаць лячыць псіхалагічныя траўмы грамадзянаў чыноўніка-ідэолага? — у сатырычным ключы такую сітуацыю паспрабавалі ўявіць шоўранеры праекта Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй.

«Серыял будзе дастаткова класічным сіткомам, у стылістыцы «Сяброў» ці «Як я сустрэў вашу маму». Адна асноўная лакацыя, тры сцены, тэлевізійны фармат, толькі закадравага смеху не будзе. Мы спецыяльна хацелі зрабіць звычайны артадаксальны сітком, але з фігай у кішэні», — распавёў пра праект Андрэй Кашперскі.

Бэкстэйдж з праекта. Злева направа: Андрэй Кашперскі, Нэла Агрэніч, Міхаіл Зуй.

Галоўную ролю адмыслоўца-псіхолага з ідэалагічнай зарадкай, які па паліцах раскладвае калектыўнае неўсвядомленае, у праекце выконвае купалавец Аляксандр Зелянко. Гледачы маглі бачыць актора раней у праектах «ЧынЧынЧэнэл» — ён іграў эпізадычную ролю фізіка-лабаранта ў фільме «ЧынЧыны ў краіне цудаў», амерыканца ў кліпе «Дзекаць і Цекаць». Але сітком становіцца ў пэўным сэнсе бенефісам для Аляксандра.

Таксама ў серыяле здымаюцца: Нэла Агрэніч, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Дзяніс Сарока, Андрэй Новік, Святлана Зелянкоўская, Аляксандр Адамоў, Аляксандр Дашкевіч, Андрэй Бардухаеў-Арол і іншыя артысты.

Андрэй Кашперскі, які, нагадаем, разам з Міхалам Зуем з’яўляецца аўтарам такіх праектаў як «Працэсы», «ЧынЧыны ў мундзірах», «ЧынЧыны на колах», адзначае, што «БелГосПсиХоз» ствараўся пашыранай камандай.

«Большасць сцэнарыяў нам пісаў Сумны Коленька, а чатыры серыі з васьмі зняў Аляксандр Гарадко, які нядаўна зрэжысаваў праект «Без рэтушы».

Рэжысёрам чатырох астатніх серый выступае, уласна, Андрэй Кашперскі. Гэтаксама да сцэнарыя спрычынілася Алена Зуй-Вайцяхоўская — яна напісала сцэнар да серыі пра эстрадную спявачку Алену ЖалудOк.

Бэкстэйдж з праекта.

«Мы хацелі зрабіць нешта спакойнае і не эксперыментальнае, зразумелае для масавага гледача. Нашы папярэднія праекты былі крыху больш вострыя і рэзкія, і пасля іх хацелася зрабіць перадышку», — распавядае пра стылістыку праекта рэжысёр.

Але варта адзначыць, што без фірменнай жорсткай сатыры «ЧынЧынЧэнэлаў» новы сітком не абыдзецца.

Да фінансавання серыялу мае дачынне Content Fund, з якім раней «ЧынЧынЧэнэл» рабілі пілот «ЧынЧыны бяруць Берлін».

«Content Fund спадабалася нашая ідэя і яны яе прафінансавалі. Бюджэт быў вельмі сціплы, але дзякуючы нашай крэатыўнай камандзе, у склад якой увайшлі прафесіяналы з кінасферы, з’ехаўшыя з Беларусі, мы здолелі зрабіць сітком», — дадае інфармацыі пра «кухню» праекта прадзюсар Андрэй Каралевіч.

Кадр з серыялу «БелГосПсиХоз».

Дададзім, што зараз Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй таксама працуюць над поўнаметражным фільмам жахаў «Суд мёртвых».

«Гэта будзе камедыйны хорар з ноткамі сатыры, — анансуе новую карціну Андрэй Кашперскі.— Але і экзістэнцыйная лінія тамака таксама будзе». Раней жа рэжысёр адзначаў, што стужка будзе распавядаць пра беларускую сістэму і міфалогію. Верагодна, яна запусціцца ў вытворчасць увосень.

Прэм’ера ж «БелГосПсиХоз» з Аляксандрам Зелянко ў галоўнай ролі адбудзецца, нагадаем, ужо паслязаўтра, 26 жніўня а 14:00, на YouTube-канале «ЧынЧынЧэнэл».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!