Арганізатары Алімпійскіх гульняў у Парыжы выбачыліся за скетч на «Тайную вячэру» Леанарда да Вінчы

Дырэктар па камунікацыях аргкамітэта Алімпійскіх гульняў-2024 Ан Дэскам выбачылася за асобныя нумары на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Парыжы. Скетч «Тайная вячэра» не меў на ўвазе праявіць непавагу, заявіла яна на нядзельным брыфінгу.

«Відавочна, што ў нас не было намеру праявіць непавагу да якой-небудзь рэлігійнай групы. [Цырымонія адкрыцця] была накіравана на святкаванне талератнасці ў грамадстве», – цытуе словы Дэскам Reuters.

«Мы лічым, што гэтая мэта была дасягнута. Калі людзі на нешта пакрыўдзіліся, мы вельмі шкадуем», – дадала яна.

Нагадаем, што на цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы была пастаўлена сцэна, якая кампазіцыйна адсылала да твора «Тайная вячэра» Леанарда да Вінчы. Аднак на месцы Ісуса Хрыста і яго вучняў за сталом на ўмоўнай трапезе апынуліся пышная дзяўчына-дыджэй, дрэг-квін, трансгендарная мадэль і спявак, загрыміраваны пад грэчаскага бога віна Дыяніса.

Фота: x.com.

Перформанс нечакана для стваральнікаў шоу выклікаў вялікую хвалю абурэння. Рэферэнс раскрытыкавалі французскія правыя, прадстаўнікі Каталіцкай царквы, амерыканскія журналісты, ды нават Ілон Маск заявіў у X, што гэта было «надзвычай непаважна для хрысціян».

Фота: x.com.

Рэжысёр цырымоніі адкрыцця Томас Джолі на суботняй прэс-канферэцыі абараніў сваю працу, падкрэсліўшы, што ён у першую чаргу хацеў славіць «інклюзіўнасць».

«Калі мы хочам уключыць усіх і нікога не выключаць, узнікаюць пытанні, – сказаў ён. – Наша тэма не павінна была быць падрыўной. Мы ніколі не хацелі быць падрыўнікамі. Мы хацелі пагаварыць пра разнастайнасць. Разнастайнасць азначае быць разам. Мы хацелі ўключыць усіх, усё проста».

Ён працягнуў: «У Францыі ў нас свабода творчасці, свабода мастацтва. Нам пашанцавала ў Францыі жыць у свабоднай краіне. У мяне не было ніякіх канкрэтных паведамленняў, якія я хацеў бы даставіць. У Францыі – мы рэспубліка – мы маем права любіць, каго хочам, мы маем права не быць багамольцамі, у нас у Францыі шмат правоў, і гэта тое, што я хацеў сказаць», – падсумаваў рэжысёр.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!