Апублікаваныя пераклады твораў Алеся Бяляцкага на восем моў

Праект міжнароднай падтрымкі #FreeAllWords пераклаў творы беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага на восем моў.

Фонд #FreeAllWords з’яўляецца сумесным праектам падтрымкі беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў усіх жанраў і арганізаваны пад эгідай Еўрапейскай пісьменніцкай рады (EWC). У яго межах кароткія, актуальныя, існуючыя і арыгінальныя тэксты, інтэрв’ю, рэпартажы, эсэ, вершы і іншыя літаратурныя формы перакладаюцца на еўрапейскія і міжнародныя мовы і распаўсюджваюцца праз цэлы шэраг каналаў сувязі — лічбавыя, друкаваныя, блогі, СМІ.

На англійскую, венгерскую, літоўскую, фінскую, французскую, іспанскую і дацкую мовы былі перакладзены тэксты Алеся Бяляцкага «Карычневы сшытак» і «Мары». У іх Бяляцкі яскрава апісвае свае ўражанні падчас першага знаходжання ў зняволенні з 2011 па 2014 год. Нямецкі пераклад Лідзіі Нагель (Lydia Nagel) дзённікавых нататкаў беларускага Нобелеўскага лаўрэата будзе апублікаваны перад Калядамі.

«У Беларусі дыктатар на працягу многіх гадоў здзекуецца з уласнага народа, ужываючы тэрор і гвалт, — дала свой каменатар да фрагментаў з «Турэмнага сшытку» беларускага літаратара і праваабаронцы старшыня Рады еўрапейскіх пісьменнікаў Ніна Джордж (Nina George). — Урыўкі з дзённіка Алеся Бяляцкага сведчаць пра страх, гнеў, надзею і боль; яны кажуць нам пра тое, што нельга заплюшчваць вочы на такія рэчы, нельга забываць пра людзей і культуру, якіх пераследуюць у Беларусі».

Зараз у фондзе перакладных тэкстаў #FreeAllWords зарэгістраваны болей за 25 перакладчыкаў з 11 краін з досведам перакладу з украінскай, беларускай і рускай моў. За час існавання праекта на дзевяць моў (дацкую, нямецкую, англійскую, фінскую, французскую, літоўскую, румынскую, іспанскую і венгерскую) перакладзены творы трынаццаці аўтараў з Беларусі і Украіны, творы яшчэ чатырнаццаці беларускіх і ўкраінскіх аўтараў на дадзены момант перакладаюцца на еўрапейскія мовы.

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі ўжо другі раз знаходзіцца за кратамі. Яго абвінавачваюць у кантрабандзе, а таксама ў фінансаванні акцый пратэсту. Падчас дэмакратычных пратэстаў, якія пачаліся пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 года, «Вясна» актыўна абараняла права на свабоду сходаў, правы палітвязняў і старанна дакументавала тысячы і тысячы парушэнняў правоў чалавека.

У кастрычніку 2022 года Нобелеўскі камітэт у Осла прысудзіў Нобелеўскую прэмію міру 2022 года беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, украінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабод» і расійскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял». 10 снежня адбылася ўрачыстая цырымоння ўзнагароджання Нобелеўскіх лаўрэатаў прэміі міру ў Осла, на якой прысутнічала і чытала лекцыю ад імя беларускага лаўрэата жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук.

Ініцыятарамі #FreeAllWords выступілі аўтарскія аб’яднанні A*dS («Аўтары Швейцарыі»), Forfatterforbundet (Нарвегія) і Задзіночанне беларускіх пісьменнікаў (Беларусь).

Азнаёміцца з тэкстамі Алеся Бяляцкага і іншых аўтараў можа на сайце #FreeAllWords.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!