Станіслаў Ігнацы Віткевіч (Віткацы) — адзін з самых яскравых польскіх творцаў міжваеннага дваццацігоддзя. Мастак, фатограф, пісьменнік, творчасць якога ўбірае рысы мадэрну, экспрэсіянізму і сюррэалізму, скончыў жыццё самагубствам, калі даведаўся пра напад СССР на Польшчу. Адзін з найвядомейшых твораў загадкавага аўтара — раман «Ненасытнасць» — у перакладзе на беларускую надрукавала выдавецтва «Янушкевіч».
Пераклад рамана здзейсніла Алена Пятровіч.
«Гэта кніга выклікае галавакружэнне, не менш», — так праанансавала навінку выдавецтва.
«Ненасытнасць» Станіслава Ігнацы Віткевіча лічыцца найлепшым раманам аўтара, — дадаецца ў анатацыі. — Антыўтапічная фантазія, напісаная ў 20-я гады XX стагоддзя, апісвае працэс сталення галоўнага героя на фоне рэвалюцыйнага кітайскага ўварвання ў Еўропу і распаўсюджання новай веры. Сімвалам гэтай веры з’яўляецца таблетка, прыняцце якой дазваляе змяніць светапогляд, а таксама падавіць індывідуальнасць і знішчыць асобу як такую. Кніга насычана эротыкай, філасофіяй, палітыкай і мастацтвам — праз пагружэнне ў іх персанажы імкнуцца спатоліць сваю прагу жыцця і заглушыць метафізічны жах існавання».
Станіслаў Ігнацы Віткевіч нарадзіўся ў 1885 годзе ў сям’і мастацкага крытыка Станіслава Віткевіча ў Варшаве. Самым плённым яго перыядам сталі 1920-я — 1930-я гады. Разам з польскімі пісьменнікамі Бруна Шульцам і Вітольдам Гамбровічам Віткацы абазначыў пярэдні край мастацка-літаратурных пошукаў у Польшчы міжваеннага дваццацігоддзя.
Пасля ўварвання ў Польшчу войскаў Германіі Віткевіч разам са сваёй умілаванай Чэславай Акніньскай пераехаў з Варшавы ў маёнтак Азёры сваіх сяброў на ўсходняй ускраіне Польскай дзяржавы (цяпер сяло Вялікія Азёры Ровенскай вобласці Украіны). 18 верасня 1939 года, на наступны дзень пасля весткі аб уварванні савецкіх войскаў, скончыў жыццё самагубствам у Азёрах, дзе і пахаваны.
Кніга мастака і філосафа Віткацы «Ненасытнасць» даступная тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram