«Беларусь 23.34» — фільм беларускай дакументалісткі Тані Свірэпы пра падзеі жніўня 2020 года і людзей, якія трапілі ў пекла Акрэсціна, — да 15 мая даступны ў анлайн-праграме «Артдокфэсту». Акурат цяпер стужку можна глядзець па падпісцы ў любой краіне свету акрамя Беларусі на сайце фестывалю дакументальнага кіно. Аглядальніку Reform.by ўдалося ўбачыць дзве версіі карціны — і гэта ў любым выпадку фільм-сведчанне, які распавядае галасамі самых розных беларусаў пра агульную калектыўную траўму. Глядзець яго цяжка, часам невыносна, але важна.
На сайце Artdoc.media цяпер размешчана для прагляду версія «Беларусь 23.34» , дзе твары герояў фільма схаваныя ў мэтах бяспекі. (У гэтых жа мэтах фільм недасяжны ў Беларусі). У сувязі з гэтай мерай напярэдадні паказу рэжысёрка карціны зрабіла заяву. «Ситуация с политическими репрессиями и заключенными в Беларуси с каждым днем ухудшается. Участников ненасильственных протестов 2020 года теперь задерживают по уголовным статьям и дают огромные строки. Поэтому мы закрыли в фильме все лица, которые могут быть распознаны карательными силовыми структурами», — адзначыла Таня Свірэпа, і дадала, што гэты крок, у той жа час, дае прастору для фантазіі. «Каждый смотрящий может легко подставить своё лицо вместо говорящего и лучше прочувствовать ситуацию», — дадае яна.
Для Тані Свірэпы — гэта трэцяя карціна пасля яе дакументальных фільмаў — «Некалькі слоў пра маю маці і яе сабаку», і «Чысцец». Фотаграфка і журналістка, яна займалася арт і дакументальнымі праектамі, смела звярталася да сацыяльнай тэматыкі, і «Беларусь 23.34» ўзнікла як шчырае імкненне рэжысёркі зафіксаваць пераломны і страшны момант гісторыі краіны.
Два гады таму Таня Свірэпа звярнулася да валанцёраў, якія бралі інтэрв’ю ў людзей, пацярпелых ад рэпрэсій. Яна папрасіла кантакты розных герояў — у першую чаргу, дакументалістку цікавілі гісторыі простых людзей — розных узростаў, прафесій. У выніку ў «Беларусь 23.34» ўвайшлі ўрыўкі з 25 інтэрв’ю з беларусамі, што прайшлі праз досвед затрымання ў 2020 годзе і ўдзелу ў мірных пратэстах. Здымкі стужкі працягваліся два тыдні. А падтрымалі карціну кінематаграфісты з Даніі, Украіны і Польшчы.
Структура «Беларусь 23.34» — даволі простая. У чорным пакоі — умоўнай чорнай прасторы — мужчыны, жанчыны, маладыя людзі і сталыя распавядаюць пра свой досвед. Аніякіх залішніх дэталяў — толькі чалавек і яго сведчанне. У пэўным сэнсе дапамагае ўявіць гісторыю героя хроніка відавочцаў і СМІ, выява якіх часам транслюецца на сведку і сцену за ім. Пачынаецца карціна з аўдыязапісу голасу падобнага да голасу экс-міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Караева, у якім ён настаўляе падначаленых на пераслед і жорсткі гвалт у дачыненні тых, хто «пагражае нам з вамі». «Все бросайте, находите эту тварь и убивайте», — гучыць голас мужчыны ў запісу.
Сёння вяртанне ў жнівень-верасень 2020 года — гэта выпрабаванне не з лёгкіх. Асабліва, калі вяртанне фіксуецца на злачыстве ўладаў у дачыненні сваіх грамадзян. «Беларусь 23.34» — гэта хроніка болю, якую Таня Свірэпа паспела запісаць па свежых слядох. У фільме пра пекла, якое яны перажылі, кажуць простыя беларусы: ад 19-гадовага юнака да 69-гадовай пенсіянеркі. Гавораць «з блізкай дыстанцыі», проста, часам стрымліваючы эмоцыі, часам даючы ім волю — і гэтыя асобныя галасы людзей сабіраюцца разам у калектыўны досвед — вялікую траўму, якую перажыла і перажывае Беларусь.
Па сутнасці, гледачу карціны прапануецца прайсці шлях, пачынаючы ад галасавання на ўчастках, і далей — чакання яго вынікаў ля школаў, абурэнне агучанымі лічбамі і рэакцыі на падман. І далей — пратэсты на вуліцы, разгон дэманстрацыі, ужыванне святлошумавых гранатаў, гумавых куляў сілавікамі ў дачыненні бязбройных беларусаў, траўмы, забойста, затрыманні, і гвалт, гвалт, гвалт — у аўтазаку, у РАУС, на Акрэсціна, у камерах… «Нас паклалі ў бок і пачалі біць дубінкамі, крычаць, мацюкацца, усяляк прыніжаць», — даволі спакойна апісавае свой досвед у РАУС адзін з пацярпелых. «Выставілі ў двары, да сценачкі, і пачалі ўжо прафілактычна апрацоўваць дубінкай. Мне зламалі рабро і адбілі нагу, таму што я меў дзёрзкасць скрысціць ногі, стоячы ля сцяны», — расказвае іншы мужчына. «Там было проста месіва», — дзеліцца яшчэ адзін. Людзі простымі словамі апісваюць страшныя рэчы — бесчалавечную карную аперацыю, праз якую прайшлі дзясяткі тысяч беларусаў. Катаванні — холадам, голадам, псіхалагічнае, фізічнае… Злачынства, якое да гэта пары не асуджана, не ацэнена ў сваіх памерах, — беларускі глядач, у прыватнасці, вяртаецца ў адзін з самых страшных сваіх кашмараў. Ён не знік, нягледзячы на старанні ўладаў «перевернуть страницу».
Фільм Тані Свірэпы — акурат доказ таму, што ўсё гэта было і жыве з тымі людзьмі як вялікае гора і несправядлівасць. Гэта траўма не знікла нікуды, і, магчыма, не знікне, колькі бы разоў мы пра яе ні чулі. Гэта гора, якое памятае беларускае грамадства, — і да яго яшчэ далучыўся горыч ад разгрому пратэстаў, адчай з-за рэпрэсіяў, якія сталі ў краіне руцінай…
Беларуская дакументалістка паспела захаваць на камеру сведчанні пацярпелых у 2020 годзе людзей, вывезці матэрыял у Кіеў, потым — у Польшчу, і зрабіць фільм, які пры простым, лічы, журналісцкім, падыходзе, мае сваю інтанацыю і аблічча. Адметнасць «Беларусь 23.34» — у эмпатыі да герояў, своечасовасці; яна — таксама і ў мантажы, які збірае інтэрв’ю і хроніку ў агульную карціну.
Мне ўдалося ўбачыць «Беларусь 23.34» у яго першай версіі — калі твары герояў не схаваныя ў мэтых бяспекі. І менавіта рэакцыя людзей, іх эмоцыі на твары, позірк вачэй, жэсты — усё разам — аказвае вялікае ўражанне. Бо гэта вялікая мужнасць — распавесці пра тое, што прайшоў чалавек, пра свае пакуты. І камера не хавае нічога.
У актуальнай версіі для «Артдокфэсту», праз размыванне аблічча герояў гэты эфект крыху сыходзіць — фільм паўстае больш дакументам, у якім калектыўнае сведчанне збірацца з ананімных галасоў і абліччаў. Але і гэты дакумент — важны і неацэнны. І дзякуй Тані Свірэпе за тое, што ён у нас ёсць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram