10 траўня ў Гданьску Андрэй Хадановіч запрашае на адкрытую лекцыю «Партызаны імперыі: «Энеіда навыварат», «Шляхціц Завальня», «Пінская шляхта»» з серыі лекцый «Беларусь у фантастычных апавяданнях».
Лекцыя на беларускай мове, але для ахвочых будзе пераклад на польскую.
Пра што распавядзе літаратар?
Як іронія і пародыя разбураюць імперскую ідэалогію? Чаму еўрапейскія пісьменнікі смяюцца з Энея, а шляхціц Завальня засынае, слухаючы пра Адысея? Хто быў папярэднікам беларускай «Энеіды навыварат» і што мы ведаем пра яе аўтара? Ці магчымая беларуская літаратура па-польску? А па-палеску? Чаму «Пінская шляхта» больш за паўстагоддзя, а «Шляхціц Завальня» больш за паўтара стагоддзя не маглі трапіць да беларускага чытача? Як у Яна Баршчэўскага і ў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча паказаны «русскій мір»? І як нашая «эліта” сама дапамагае каланізатарам? Хто такая Плачка і што яна аплаквае? Ці робіць шчаслівым сяброўства з цмокам? Як у нашых умовах не стаць ваўкалакам?
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры. Аўтар 10 кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей. Перакладае паэзію з французскай, ангельскай, польскай, украінскай моваў. Выкладаў літаратуру ў Менску – на філфаку БДУ і ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, а таксама вёў заняткі ў «Беларускім Калегіюме» і ў «Перакладчыцкай майстэрні». З восені 2022 года выкладае класічную і сучасную літаратуру ў віленскім ЕГУ, з вясны 2022 года чытае літаратурныя лекцыі на ютуб-канале chadanovič. Песьня «Муры» ў ягоным перакладзе стала адным з галоўных беларускіх гімнаў пратэсту ў 2020 годзе. З кастрычніка 2022 г. жыве ў Гданьску як стыпендыят ICORN.
Гэта другая сустрэча з чатырох запланаваных гутарак пра класічную і сучасную беларускую літаратуру. «Пра аўтараў у часы, калі беларусы ўжо мелі такую назву – і яшчэ не мелі яе, карысталіся беларускай мовай – і іншымі мовамі, ад сераднявечнай лаціны да ідышу міжваеннага часу, — паведамляецца ў анатацыі да падзеі. — Пра выпадкі, калі пісьменнікі пісалі па-польску, але належаць Беларусі ў большай ступені, чым Польшчы. Пра важнасць перакладаў, што захоўваюць актуальнасць, якую ў значнай ступені ўжо страцілі арыгіналы. Пра белую (часам бел-чырвона-белую) магію літаратурнага тэксту, якая пераадольвае геаграфічныя, часовыя і лінгвістычныя межы. Нам усім на радасць».
Дата: 10 траўня
Час: 17:00 (час мясцовы)
Месца: Кнігарня Tajne Komplety Gdańsk, Длуга, 35, Gdańsk.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram