«Першы мільён праглядаў. Шчыры дзякуй, сябры, што глядзіце-слухаеце! Наш «вандроўны ўнівэрсытэт» працуе далей«, — напісаў паэт, перакладчык, літаратуразнаўца і выкладчык Андрэй Хадановіч у сацсетках.
На Ютуб-канале, які так і называецца ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ, літаратар распавядае пра літаратуру, пра класікаў і сучаснікаў, выбіраючы тыя імёны, творы і пазіцыі, якія здольны патлумачыць беларускаму гледачу час, у які мы жывём. Робіць гэта лагічна, зразумела, вобразна і грунтоўна. Верагодна, у гэтым, а яшчэ ў харызме аўтара поспех яго праекта.
Андрэй Хадановіч называе свой Ютуб-канал універсітэтам: «У сітуацыі, у якой апынулася Беларусь, у сітуацыі, калі з універсітэтаў звольненыя найлепшыя выкладчыкі і адлічаныя студэнты, мы самі робім сваю культуру, мы самі робімся інстытуцыямі. Мы самі сабе ўніверсітэты, бібліятэкі і школы«.
Аўтар адкрыты да камунікацыі і прыслухоўваецца да свайго гледача. Чакае прапаноў кніг ці аўтараў, пра якія б хацелася паслухаць.
«Наступныя выпускі будуць пра «Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя, пра быкаўскую «Доўгую дарогу дадому», пра юбілярку-набэлістку Віславу Шымборску. А пра каго і пра што хацелі б пачуць вы? Цікавыя ідэі прымаюцца і горача вітаюцца! А хто не падпісаўся, далучайцеся!» — піша Хадановіч у сваім допісе.
У актыўную асветніцкую працу Андрэй Хадановіч уцягнуўся падчас дваровых лекцый 2020-га. Сустрэчы з ім карысталіся вялікай папулярнасцю.
«Культурны фронт» рэдакцыі Reform.by шчыра віншуе з першым мільёнам і зычыць наступнага!
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram