Як сведчыць назва, кніга Аляксандра Чарнухі пра гвалт. Аднак адметнасць гэтых дзесяці апавяданняў, напісаных за два гады ў Варшаве, у метафарычнасці вобраза гэтага гвалту.
Фактычна — гэта дзесяць прыпавесцяў, за сюжэтамі якіх праглядаюцца рэальныя падзеі апошніх гадоў, ад якіх нам, беларусам, даволі цяжка было схавацца. Гвалт у кнізе фіксуецца як у маштабе дзяржавы, напрыклад, у апавяданні «Глобстэр», дзе на шклоўскім пляжы з’яўляецца Чорнае Нішто, паводле прапагандыстаў, неабдымнае і ўнікальнае (як тут не згадаць «дыктатура — наш брэнд»), так і ў маштабе вёскі, горада, бальніцы, сям’і і турмы. Гвалт над мовай — адзін з самых вусцішных сюжэтаў, у гэтым апавяданні «мёртвый язык» ператвараецца ў амаль татэмічны прадмет. Ёсць тут і пра кансэлінг у сацсетках, пра згвалтаванне і пакаранне трынаццацігадовай дзяўчынкі ў Самалі. Нават пра працу палітзняволеных на плантацыі цыбулі, сюжэт, натхнёны расследаваннем reform.news. Толькі мэты ў плантацыі іншыя — і не цыбуля становіцца важнай.
То-бок кожнае апавяданне выклікана да жыцця нейкай траўмай. Але перажываеш яе наноў праз оптыку аўтара ужо не літаральна. Аўтар нібы ўпячатвае ў кнігу лаканічныя злепкі трагічных падзей, што, на жаль, да ніякага вызваляльнага катарсісу не прыводзіць, а вось да пераасэнсавання — дакладна. І цяпер можна глядзець на тыя падзеі з метафізічнай адлегласці. Нездарма на абмеркаванні Аляксандр Чарнуха расказаў, што адно з апавяданняў, прычым найбольш прывязанае да лакальнага кантэксту, «Дядя и тетя сидели…», было перакладзенае на англійскую мову. Дзеля эксперыменту яго далі пачытаць англамоўнаму чалавеку. І таму было зразумела і больш за тое — цікава. «Таму ўсё гэтыя сюжэты могуць існаваць у глабальным свеце», — падсумаваў Аляксандр Чарнуха на прэзентацыі.

І яшчэ адна выснова, якая з’яўляецца пасля прачытання гэтай кнігі, — мяжа паміж рэальнымі і сюррэальнымі сюжэтамі ў нас даволі няпэўная. Хоць і ў папярэдняй кнізе Чарнухі «Свінні» рэальныя (паводле сцверджання аўтара) сюжэты выглядалі цалкам сюррэалістычнымі. Дарэчы, першае апавяданне «Гвалту» з’яўляецца пасляслоўем да рамана «Свінні» — гісторыя пра мёртвага чыноўніка, якога выкопваюць з магілы і ставяць прамаўляць перад людзьмі. І ўсё атрымліваецца!
Новая кніга — пра шматвектарнасць гвалту і пра розныя яго адценні, — расказаў аўтар на прэзентацыі. Тут ахвяры – адначасова і гвалтаўнікі, бо гвалт не абавязкова ідзе з аднаго боку. У апавяданнях даследуецца як псіхалагічны, так і фізічны гвалт. Некаторыя з гісторый звязаныя з уласнымі перажываннямі, напрыклад, з хваробай маці. Пра нешта мы чыталі ў медыях. Але толькі ў «Коціках» жыве надзея, — сказаў аўтар і падкрэсліў, адказваючы на адно з пытанняў, што гвалт — гэта частка чалавечай прыроды і таму ніколі не знікне.
Але ўсё ж — і гэта важная выснова кнігі — варта трымаць гвалт у пэўных рамках. У Беларусі гэта не надта атрымліваецца, дый не спрабуюць. Таму і кніга выйшла трагічнай, а фінал амаль ва ўсіх апавяданнях — адкрыты.
Ілюстрацыя да кнігі стварыла жонка пісьменніка Таісія Чарнуха.
Набыць выданне можна тут і тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.