Міністэрства культуры Беларусі 12 верасня выклала ў сеціва Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады і прапанавала яе грамадскае абмеркаванне. У прыватнасці, адным з напрамкаў рэалізацыі Канцэпцыі мусіць стаць узмацненне адміністрацыйнай адказнасці за абразу дзяржаўных моў у сацсетках і за выкарыстанне нецэнзурнай лаянкі ў грамадскіх месцах.
Reform.by праглядзеў дакумент, які, нарэшце, дае ўяўленне пра тое, як будзе выглядаць на практыцы культурнае імпартазамяшчэнне.
Уласна, сама неабходнасць распрацоўкі Канцэпцыі абумоўлена, сыходзячы з тлумачэнняў, «пэўным негатыўным уплывам палітычных, маральных, эстэтычных поглядаў замежнага паходжання і створаных на іх аснове культурных прадуктаў». Яны, па меркаванні аўтараў Канцэпцыі, прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу палітычнай, сацыяльнай і дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
У адказ Канцэпцыя прапануе пяць напрамкаў працы — у галіне вывучэння і папулярызацыі айчыннай гісторыі, захавання традыцый беларускай культуры і іх культывавання сярод моладзі, развіцця беларускай літаратуры, гуманітарнай адукацыі ды захавання культурнай самабытнасці регіёнаў, якія мусяць прадухіліць «патэнцыйную пагрозу».
Так, у напрамку «вывучэння і папулярызацыі айчыннай гісторыі і традыцый» Міністэрства культуры прапануе, у прыватнасці, «папулярызацыю падзей і асоб, якія значна паўплывалі на развіццё беларускай дзяржаўнасці, у першую чаргу, звязаных з яе зараджэннем у перыяд старажытнаславянскай дзяржавы», але пры гэтым ведамства уваходзіць у праграму «супрацьстаянне спробам польскай асіміляцыі беларускага народа ў перыяд Рэчы Паспалітай».
З аднаго боку, будзе ісці «фарміраванне і замацаванне практыкі святкавання народных і сучасных грамадзянскіх свят, якія адлюстроўваюць традыцыйныя каштоўнасныя арыентацыі беларускага народа (Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Дзень народнага адзінства, Дзень Перамогі, Дзень маці, Дзень бацькі, народныя святы, звязаныя з сельскагаспадарчым календаром, і іншыя)», з другога боку плануецца «адмова свят, рытуалаў і абрадаў замежнага паходжання».
Мінкульт рэкамендуе «прыняць дадатковыя меры па забеспячэнні роўнага выкарыстання дзяржаўных моў праз выданне пэўных нарматыўных прававых актаў», падымае пытанне пра «заканадаўчыя ініцыятывы па ўзмацненні адміністрацыйнай адказнасці за абразу дзяржаўных моў у сацсетках», і пры гэтым прапануе ўвесці «адміністрацыйную адказнасць за выкарыстанне нецэнзурнай лаянкі ў грамадскіх месцах», «скараціць выкарыстанне замежных моў у найменнях юрыдычных асобаў, калектывах мастацкай творчасці і гандлёвых марак».
У напрамку «захавання традыцый беларускай культуры» ведамства праблематызуе імпартазалежнасць пэўных кірункаў — у прыватнасці, кінапракату і гастрольна-канцэртнай дзейнасці.
«У афішы кінатэатраў катэгарычна недастаткова прэм’ерных фільмаў беларускай вытворчасці, асабліва сучасных фільмаў для дзіцячай і маладзёжнай аўдыторыі, фільмаў патрыятычнай тэматыкі, яркіх і дынамічных дакументальных кінастужак, фільмаў-экранізацый класікі беларускай літаратуры, — адзначаецца ў Канцэпцыі. — Нягледзячы на тое, што ўдзельная вага культурна-відовішчных мерапрыемстваў з удзелам замежных артыстаў у 2021 годзе склала 15,6% ад агульнай колькасці мерапрыемстваў, у 2022 годзе — 9,4%, такія мерапрыемствы займаюць лідзіруючыя пазіцыі на буйных пляцоўках і фармуюць густы публікі».
У адказ прапануецца, у прыватнасці:
- павялічыць удзельную вагу спектакляў, канцэртаў паводле твораў беларускіх аўтараў у рэпертуары тэатральна-відовішчных арганізацый;
- павелічэнне ўдзельнай вагі фільмапрадукцыі беларускай вытворчасці ў рэпертуары кінапракатных арганізацый (да 2026 года — не менш за 30% рэпертуару);
- перагляд музейных экспазіцый, тэкстаў экскурсій на прадмет адпаведнасці гістарычнай праўдзе;
- стварэнне беларускімі аўтарамі твораў выяўленчага мастацтва па дзяржаўнай замове па тэмах, звязаных з гісторыяй, гісторыка-культурнай спадчынай беларускага народа, нацыянальнымі героямі, дасягненнямі сучаснай Беларусі (не менш за 21 твор штогод);
- сістэмная работа над павелічэннем колькасці запатрабаванай беларускім грамадствам кінапрадукцыі (тэматыка: гісторыя Беларусі, сям’я, моладзь, спорт);
- іншыя меры.
У гэтым раздзеле ўзгадваецца пытанне «будаўніцтва альбо рэканструкцыі будынку для размяшчэння Нацыянальнага гістарычнага музея з экспазіцыяй, якая цэласна адлюстроўвае айчынную гісторыю са старажытных часоў да нашых дзён, а таксама пашырэння і абнаўлення экспазіцый абласных, раённых (гарадскіх) краязнаўчых музеяў з уключэннем у іх раздзелаў, прысвечаных гісторыі суверэннай Рэспублікі Беларусь».
Мінкульт асуджае набыццё бібліятэкамі замежнай літаратуры, «якая ўплывае на фармаванне, прапаганду і распаўсюджанне поглядаў, якія супярэчаць традыцыйным духоўным каштоўнасцям беларусаў».
Ды гэтаксама «ва ўмовах сучаснай гістарычнай праўды» ведамства патрабуе пераглядзець змест музейных экспазіцый, прысвечаных перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Наступны раздзел — «развіццё беларускай літаратуры як сродка фарміравання нацыянальнай самасвядомасці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».
Сярод найбольш цікавых ініцыятываў ад ведамства наступныя:
- выданне і папулярызацыя маштабнага акадэмічнага праекта «Залатая калекцыя беларускай літаратуры ў 50 тамах», у якім прадстаўлены шэдэўры нацыянальнай літаратурнай класікі;
- садзейнічанне стварэнню і прасоўванню літаратурных твораў і сцэнарыяў аб выдатных дзеячах нацыянальнай гісторыі, культуры і навукі, якія ўнеслі значны ўклад у духоўна-культурнае развіццё беларускага народа і ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці;
- прыярытэт нацыянальнай стратэгіі ў выдавецкай справе, у якой не дапускаецца дамінаванне замежных і міжнародных выдавецкіх кампаній;
- стварэнне новага спрыяльнага асяроддзя для развіцця як новых, так і традыцыйных формаў кнігавыдання, уключаючы інстытуцыйнае асяроддзе, прававое поле, ІТ-праекты, тавары і паслугі, кіраўнічыя мадэлі, якія ў сукупнасці забяспечаць запатрабаванасць, электронных і друкаваных кніг.
У раздзеле «гуманітарная адукацыя і выхаванне дзіця як партыёта Беларусі» ідзе гаворка пра «фарміраванне маральных каштоўнасных арыентацый, нацыянальнай самасвядомасці, стваральнага патрыятызму ў адпаведнасці з асновамі ідэалогіі беларускай дзяржавы».
Адно з патрабаванняў у гэтым напрамку — «адбор зместу адукацыі па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», «Руская мова», «Руская літаратура», «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі», «Грамадазнаўства» з улікамі прынцыпаў культуразгоднасці, гуманізацыі зместу агульнай сярэдняй адукацыі і прынцыпу адпаведнасці асноўных кампанентаў зместу агульнай адукацыі структуры базавай культуры асобы.
Адным з важных аспектаў «фарміравання прыхільнасці традыцыйным каштоўнасцям», на думку аўтараў Канцэпцыі, гэтаксама з’яўляецца «стварэнне цацак, прататыпамі якіх з’яўляюцца персанажы беларускіх казак, твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, у мэтах замяшчэння вытворчасці цацак з вобразамі герояў замежнай масавай культуры».
У выніку, згодна з новымі распрацоўкамі адукацыі навучэнец, паводле дакумента, у прыватнасці, мусіць:
- садзейнічаць фарміраванню станоўчага іміджу Рэспублікі Беларусь, дэманстраваць гатоўнасць абараняць яе інтарэсы;
- ініцыяваць грамадска-значную дзейнасць, прымаць удзел у ёй;
- праяўляць асабістую адказнасць пры рэалізацыі сацыяльных праектаў;
- прымаць удзел у дзейнасці маладзёжных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў.
Што датычыцца раздзела, у якім падымаецца пытанне «захавання культурнай разнастайнасці рэгіёнаў», найбольш важная ініцыятыва ў гэтай частцы гучыць так: «фарміраванне рэпертуарнай палітыкі калектываў прафесійнай і аматарскай творчасці, накіраванай на захаванне беларускіх традыцый, маральнае і патрыятычнае выхаванне».
Грамадскае абмеркаванне Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады ладзіцца да 1 кастрычніка 2023 года.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: