Ад Польшчы на прэстыжную Венецыянскую біенале павязуць афіцыйны і альтэрнатыўны праекты. Тлумачым, у чым тут парадокс

Культура
Твор Ігнацыя Чвартоша з выставы «Polonia uncensored». Фота: zacheta.

20 красавіка ў Венецыі распачнецца прэстыжная Венецыянская біенале. Паводле структуры яна складаецца з галоўнай выставы і вялікай колькасці нацыянальных павільёнаў, у якіх дзяржавы-ўдзельніцы ўрачыста прэзентуюць свае праекты.

Польшча ўдзельнічае ў Венецыянскай біенале з 1932 года, калі быў афіцыйна адкрыты яе Нацыянальны павільён. Цяпер арганізатарам павільёна з’яўляецца Нацыянальная галерэя мастацтва Zachęta, якая праводзіць конкурс праектаў.

Аднак калі на мінулай Венецыянскай біенале ў 2022-м Польша прадставіла моцны і цікавы праект «Зачароўваючы свет» польска-цыганскай мультыдысцыплінарнай мастачкі Малгажаты Міргі-Тас, то сёлетняя выстава (да гэтага паказаная ў Zachęta) адразу выклікала непрыняцце прафесійнай арт-супольнасці.

Праект дырэктара Zachęta Януша Яноўскага і мастака Ігнацыя Чвартоса пад назвай «Польскія практыкаванні з трагічнасці свету. Паміж Нямеччынай і Расіяй» павінен быў раскрыць польскую трагедыю ХХ стагоддзя. Рашэнне журы было афіцыйна адобранае тагачасным міністрам культуры і нацыянальнай спадчыны Пётрам Глінскім. Аднак яшчэ да таго, як гэта адбылося, гэтае рашэнне выклікала хвалю дыскусій.

Ад Польшчы на прэстыжную Венецыянскую біенале павязуць афіцыйны і альтэрнатыўны праекты. Тлумачым, у чым тут парадокс
Ігнацый Чвартос. Рыбы. З цыклу «Кожны мае свой боль». Фота: zacheta

Аўтара прац — мастака Ігнацыя Чвартоса — абвінавацілі ў тым, што ён прадукуе тыповыя антынямецкія і антысавецкія сюжэты праз вельмі супярэчлівыя візіі і постаці, увасабляючы гісторыю ў чорна-белых танах. Мастацтвазнаўца Караліна Плінта ўвогуле назвала выставу «антыеўрапейскім маніфестам», а яе нацыяналістычны тон, на думку многіх, не адпавядаў агульнай тэме біенале «Замежнікі паўсюль». Праект паказваў Польшчу як закрытую краіну, якая засяроджваецца выключна на сабе і выступае з пазіцыі ахвяры, што зусім не адлюстроўвае тыя ідэі, якія развівае сучаснае польскае мастацтва.

Куратар Януш Яноўскі ў сваю чаргу тлумачыў вартасць праекта тым, што ў ім адбываецца «выманне ўніверсальнага кантэнту з унікальнага польскага досведу», звязанага з двума таталітарызмамі — камунізмам і нацызмам. «Грэкі прыдумалі трагедыю. Палякі яе адрэпеціравалі», — канстатавалі аўтары канцэпту выставы.

З высокай верагоднасцю праект Яноўскага і Чвартоса быў бы прадстаўлены ў афіцыйным польскім Нацыянальным павільёне, каб не параза кіруючай партыі «Права і справядлівасць» (PiS) на парламенцкіх выбарах увосень 2023-га. Новы ліберальны ўрад напрыканцы 2023 года распачаў, як пісала прэса, «святочныя чысткі», падчас якіх быў заменены міністр культуры і нацыянальнай спадчыны. Новы міністр Барталамей Сянкевіч зняў мастака Януша Яноўскага з пасады дырэктара Нацыянальнай мастацкай галерэі Zachęta (яго абавязкі пачала выконваць намесніца дырэктара Юстына Маркевіч). Постаць Януша Яноўскага як дырэктара інстытуцыі сучаснага мастацтва заўсёды выклікала шмат пытанняў у прафесіяналаў. Падчас кіравання PiS кіраўнікамі вядучых польскіх культурных інстытуцый часта прызначаліся людзі кансерватыўных поглядаў без адпаведнага вопыту, якія прыйшлі з невялікіх устаноў і не мелі належнай кампетэнцыі для працы ў сферы сучаснага мастацтва.

Новы міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Барталамей Сянкевіч, які часова стаў камісарам Польскага павільёна (камісарам павільёна аўтаматычна з’яўляецца дырэктар «Захенты», аднак на той час інстытуцыя не мела афіцыйнага кіраўніка), перагледзеў рашэнне адносна мастацкага праекта, які павінен быў прадстаўляць Польшчу на чарговай Біенале ў Венецыі, і абраў рэзервовы праект — выставу «Паўтарайце за мной», прадстаўленую польскай куратаркай Мартай Чыж і ўкраінскім мастацкім калектывам «Open Group». У міністэрстве патлумачылі, што гэтая пастанова была прынятая з улікам «меркаванняў і галасоў культурных колаў». Сыграла сваю ролю і тое, што ў працы журы былі зафіксаваны парушэнні.

Ад Польшчы на прэстыжную Венецыянскую біенале павязуць афіцыйны і альтэрнатыўны праекты. Тлумачым, у чым тут парадокс
«Open Group». Караоке. Відэа. 2022. Фота: suspilne.media.

Такім чынам, на Венецыянскай біенале ў нацыянальным Польскім павільёне будзе прадстаўлены праект украінскіх мастакоў.

Ігнацый Чвартос і Януш Яноўскі назвалі гэты крок актам цэнзуры.

У выніку праект «перахапіла» іншая дзяржаўная ўстанова культуры — Цэнтр сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак». Дырэктар інстытуцыі Пётр Бернатовіч паведаміў, што пакажа на Венецыянскай біенале выставу «Палонія без цэнзуры» Ігнацыя Чвартоса, якую адмяніў міністр культуры Барталамей Сянкевіч. Праект будзе фінансавацца польскім Нацыянальным фондам, хоць яго раду міністр распусціў яшчэ ў лютым.

На Венецыянскай біенале праходзіць значная паралельная праграма, якая ўключае і альтэрнатыўныя павільёны. Аднак парадокс усёй гэтай сітуацыі ў тым, што альтэрнатыўны польскі павільён «Палонія без цэнзуры» будзе арганізаваны дзяржаўнай установай культуры, падначаленай Міністэрству культуры.

Выстава Чвартоса будзе паказана ў шматкватэрным доме па адрасе Viale IV Novembre 8, зусім непадалёк ад афіцыйнага Польскага павільёна.

Праект Ігнацыя Чвартоса, запланаваны для Венецыі яшчэ пры былым міністры Глінскім, уключаў у сябе карціны з Ангелай Меркель і Уладзімірам Пуціным, вобразы «выклятых салдат» і каталіцкіх святых. Іншая карціна павінна была супаставіць ахвяры Асвенцыма і Смаленскай катастрофы 2010 года.

Куратар альтэрнатыўнай выставы Пётр Бернатовіч патлумачыў, што цяпер праект змяніўся, бо з’явіліся новыя тэмы.

Міжнародная мастацкая выстава La Biennale di Venezia пачнецца 20 красавіка і працягнецца да 24 лістапада 2024 года. Куратарам і мастацкім кіраўніком 60-й Венецыянскай біенале з’яўляецца Адрыяна Педроса. Ён абраў тэму «Іншаземцы паўсюль» і ў галоўнай выставе біенале плануе засяродзіцца на тых, хто знаходзіцца на маргінэсе грамадства, а менавіта на выгнанцах, эмігрантах і аўтсайдарах.

Беларусь на 60-м Венецыянскім біенале не будзе арганізоўваць свой Нацыянальны павільён, аднак каманда беларусаў мінскай Школы архітэктурнага мыслення для дзяцей будзе адкрываць хэпенінгам пляцоўку Замежнага павільёна.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: