Абвешчаны збор сродкаў на выданне кнігі пра фальклорную спадчыну беларускіх старавераў

У канцы 2024 года выдавецтва «Скарына» плануе выпусціць кнігу этнамузыколага Вольгі Барышнікавай «І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў Паўночна-Заходняй Беларусі».

На выданне адкрылі збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе Gronka.org.

Больш за 300 гадоў стараверы Паўночна-Заходняй Беларусі — нашчадкі перасяленцаў з Масковіі, якія беглі ў Вялікае Княства Літоўскае ад пераследу за «старую веру» — жылі побач з аўтахтоннымі беларусамі. Закрыты лад іх жыцця паспрыяў захаванню самабытнай культуры ўнутры абшчыны, аднак сацыяльна-гістарычныя працэсы другой паловы XX стагоддзя не абмінулі і іх: стараверы пераязджалі з аддаленых хутароў у вялікія поліканфесійныя вёскі, траплялі ў калгасы, бралі ўдзел у супольным жыцці і ўступалі ў змяшаныя шлюбы. Усё гэта натуральным чынам спрыяла культурнаму ўзаемаабмену паміж стараверамі і карэнным насельніцтвам, у тым ліку паўплывала на адметную этнамузычную традыцыю старавераў, якая злучае ў сабе карэннае і запазычанае.

Кніга амаль у 100 старонак змяшчае 45 нотных і тэкставых транскрыпцый песень з навуковымі каментарыямі, уступны артыкул, архіўныя фотаздымкі, расшыфроўкі экспедыцыйных гутарак і аўдыядадатак.

Выданне падрыхтаванае ў трох моўных варыянтах.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!