Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчаюць прыём заявак на ўдзел у XII сезоне літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.
Традыцыйна журы вызначыць тры найлепшыя кнігі ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы, выдадзеныя ў 2022 годзе.
Для ўдзелу ў прэміі трэба будзе запоўніць google-форму і даслаць арганізатарам электронны варыянт кнігі ў фармаце тэкставага дакумента Microsoft Word або PDF. Пры магчымасці таксама — перадаць папяровую версію кнігі.
За ходам конкурсу можна будзе сачыць на афіцыйных старонках Прэміі: на сайце, у фэйсбуку, інстаграме і тэлеграме.
Нагадаем, што ўзнагарода ўручаецца з 2012 года за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе ў годзе, што папярэднічае году намінацыі на гэтую прэмію.
Кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, павінна быць выдадзеная ў папяровым або электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не ўдзельнічала ў Прэміі, то яна можа падавацца ў наступным каляндарным годзе.
Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў кніг паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. У конкурсе могуць удзельнічаць кнігі жывых аўтараў.
Падавацца на прэмію маюць права і лаўрэаты мінулых гадоў, а ў конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг аднаго аўтара.
Падрабязней пра ўмовы удзелу можна пачытаць тут.
Лаўрэатамі прэміі ў розныя сезоны станавіліся Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамог Сяргей Абламейка са сваёй кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram