29 кастрычніка ў мемарыяле Курапаты адбудзецца акцыя «Ноч расстраляных паэтаў». Яе мэта — ушанаванне памяці ўсіх нявінна забітых у Курапатах у перыяд масавых сталінскіх рэспрэсій. На арганізацыю мерапрыемства аб’яўлены збор сродкаў.
Акцыя ўзнікла ў 2017-м. Дата выбрана невыпадкова. Гэты дзень з’яўляецца адной з самых трагічных датаў для беларускай культуры: 82 гады таму, за адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, было расстраляна больш за сто пісьменнікаў, паэтаў і грамадскіх дзеячоў.
Працягнуць традыцыю і зладзіць сход трэці раз сёлета прапанаваў актывіст і прадпрымальнік Зміцер Дашкевіч. Ён падкрэслівае, што гэта не акцыя ў звычайным сэнсе, не мітынг, а «ўшанаванне памяці нявінных людзей на месцы, дзе чыніўся генацыд Беларусі».
Сродкі на правядзенне «Ночы расстраляных паэтаў» збіраюць на фандрайзінгавай платформе Facebook, ахвяраваць можа любы карыстальнік. Неабходная сума заяўлена памерам у 2 000 долараў. На момант публікацыі 40 чалавек ахвяравалі 713 долараў.
Ушанаванне забітых адбудзецца ў аўторак, 29 кастрычніка, а 20 гадзіне ў мемарыяле Курапаты. Галоўнай часткай падзеі будуць літаратурныя чытанні. Чакаюцца выступы музыкаў, паэтаў, пісьменнікаў, культурных і грамадскіх дзеячоў.
На акцыях у мінулыя гады абыходзілася без умяшання міліцыянераў і сілавікоў. Тым не менш аднаго з арганізатараў «Дня Волі» актывіста Эдуарда Пальчыса у гэтым сакавіку выклікалі ў суд за арганізацыю «Ночы» ў 2018-м.