91 дзеяч культуры асуджаны ў Беларусі за мінулы год — гэта шакуючая лічба адна з многіх, апублікаваных Беларускім ПЭНам у аналітычным дакуменце пра рэпрэсіі ў сферы культуры ў 2022 годзе.
Так, згодна з даследаваннем аб’яднання, за мінулы год зафіксавана 1390 сітуацый парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
І ў прыватнасці, у топ-3 парушаных правоў чалавека ў дачыненні дзеячоў культуры і культурных правоў зафіксаваны наступныя:
Трэці год запар Беларусь – краіна судоў, — адзначаецца ў маніторынгу.
Беларускія судовыя працэсы не адпавядаюць стандартам адпраўлення правасуддзя: працягласцю ў некалькі хвілін, праз відэасувязь, з міліцыянерам пад псеўданімам, з суддзямі, якія адхіляюць большасць хадайніцтваў абароны.
На працягу 2022 года дзеячаў культуры судзілі ў адміністрацыйным парадку пераважна за ўдзел у антываенных акцыях пратэсту, выкарыстанне беларускай (бел-чырвона-белай) або ўкраінскай сімволік – «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, пікетаванне» (арт. 24.23 ПВКаАП) і перапост матэрыялаў незалежных СМІ краіны – «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11). (Вядома пра 150 адміністрацыйных працэсаў). Калі не было магчымасці асудзіць затрыманага дзеяча культуры паводле аднаго з гэтых артыкулаў, тады яго судзілі за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі» (арт. 24.3) або «дробнае хуліганства» (арт. 19.1).
Таксама Беларускаму ПЭНу вядома пра 94 крымінальныя суды ў дачыненні да 91 дзеяча культуры, асуджанага ў выніку адбываць пакаранне ў калоніі, папраўчай установе адкрытага тыпу («хіміі») або «хатняй хіміі».
Аб’яднанне людзей Слова звяртае ўвагу на распаўсюджанне яшчэ адной практыкі крымінальнага працэсу – правядзенне судоў у закрытым рэжыме («у інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных таямніц і іншых падахоўных законам таямніц»).
«Гэта не дазваляе сваякам, СМІ і зацікаўленай грамадскасці прысутнічаць у зале судовага пасяджэння і, як вынік, мець уяўленне пра сутнасць выстаўленых абвінавачанняў, пазіцыю бакоў і справядлівасць прысуду, а падсудных пазбаўляе маральнай падтрымкі», — канстатуе ПЭН.
Яшчэ адна з практык, якія закранаюць права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя, – суды дзеля ўзмацнення жорсткасці рэжыму адбыцця пакарання, якія пачасціліся ў 2022 годзе. Вядома пра 7 такіх працэсаў у дачыненні да дзеячаў культуры на працягу года.
«Паводле рашэння судоў, на працягу 2022 года ў Беларусі былі прымусова ліквідаваны дзясяткі некамерцыйных арганізацыі культурнай накіраванасці. Ніводная з апеляцый [нам вядома пра 4 абскарджанні рашэнняў судоў] не была задаволена», — даводзяць інфармацыю праваабаронцы ПЭНа.
У 2022 годзе Беларускі ПЭН зафіксаваў 213 такіх затрыманняў у дачыненні да 201 дзеяча культуры.
103 затрыманні пацягнулі за сабой прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці, 66 – адразу да крымінальнай. У выніку 15 затрыманняў дзеячы культуры былі адпушчаны або ў той жа дзень, або праз 3-5 сутак, але ПЭН не ведае, ці прыцягваліся яны да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама арганізацыі не ўдалося выстветліць, чым скончыліся яшчэ 29 затрыманняў.
У 2021 годзе такі пераслед займаў першы радок рэйтынгу парушэнняў, — адзначаецца ў справаздачы. Сёлета — ён трэці: 197 выпадкаў у дачыненні да 178 дзеячаў культуры.
Аднак прычына не ў змяньшэнні аб’ёму пераследу, а ў перайначанай класіфікацыі парушэнняў, удакладняе ПЭН.
Так, у 2022 годзе аб’яднанне ўвяло паняцце адміністрацыйнага пераследу, якое ўвабрала ў сябе ўсе выпадкі пераследу за іншадумства, што скончыліся для дзеячаў культуры складаннем адміністрацыйных пратаколаў. Гэтым жа разам ПЭН пакінуў такія ўдакладненні як палітычна матываванае звальненне і паніжэнне ў пасадзе, скарачэнне выкладчыцкіх гадзін, адлічэнне з навучальнай установы, «прафілактычныя гутаркі» з дзеячамі культуры і выклік іх на допыт, пераслед тых, хто выехаў за мяжу, – абвяшчэнне ў міжнародны вышук, разгром кватэры, ператрус і канфіскацыю маёмасці без далейшага затрымання прадстаўнікоў сферы, а таксама тыя затрыманні, вынік якіх невядомыя.
Як следства, у маніторынгу 2022 года ёсць інфармацыя пра:
«У цэлым жа ў цяперашняй палітычнай сітуацыі ў краіне ўвесь маніторынг парушэнняў у дачыненні да дзеячаў культуры (за выключэннем пытанняў аўтарскага права) можна разглядаць як пераслед за іншадумства, — падсумоўваюць аўтары аналітычнага дакумента, — бо і затрыманне, і адміністрацыйны/крымінальны пераслед дзеячаў культуры, і адмова ў якаснай прававой дапамозе, і дэпартацыя, і «асаблівыя» ўмовы ўтрымання ў зняволенні, і цэнзура, і «чорныя спісы» аўтараў і гэтак далей – усё гэта формы пераследу за іншадумства«.
Усяго, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі 1446 палітычных зняволеных станам на 31 снежня 2022 года. Сярод іх — 108 дзеячаў культуры.
«Дзясяткі і сотні дзеячаў культуры прайшлі праз затрыманні і арышты, допыты і суды, ператрусы і штрафы, калоніі і турмы, многім давялося пакінуць Беларусь», — апісвае сітуацыю Беларускі ПЭН.
Задушэнне іншадумства і свабоды слова, цэнзура і стварэнне адміністрацыйных перашкод для ажыццяўлення дзейнасці, дыскрымінацыя беларускай – мовы тытульнай нацыі, скажэнне гісторыі і пераслед нацыянальных меншасцяў – умовы існавання культуры ў Беларусі 2022 года, — так гучаць асноўныя вынікі маніторынгу.
«Самацэнзура і ананімнасць унутры краіны, перанос прадуктаў беларускай культуры за мяжу – спробы яе захавання і выжывання», — піша Беларускі ПЭН.
Чытаць цалкам аналітычны дакумент можна тут.