«Надмагілле» першай мінскай электрастанцыі амаль дабудавалі – фотафакт

На беразе Свіслачы, каля офіса расійскага «Сбер Банка», так званага «Некемпінскі», узнавілі фасад першай мінскай электрастанцыі. А дакладней – электрычнай падстанцыі, невялікага будынка на тры вокны, толькі частку ад усяго комплексу.

Карпусы Мінскай электрастанцыі на беразе Свіслачы, 1930-я. Фота: PlanetaBelarus.by

Комплекс будынкаў першай электрастанцыі ўваходзіў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Ён быў узведзены напрыканцы ХІХ ­– пачатку ХХ стагоддзя ў неагатычным стылі, характэрным для тагачаснай прамысловай архітэктуры. У 1950-х быў адаптаваны пад патрэбы спартыўнага комплексу і набыў рысы сталінскага класіцызму.

Фота: Reform.by

У 2012-м першая мінская электрастанцыя была знесена дзеля будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу з пяцізоркавай гасцініцай Kempinski.

Электрастанцыю паабяцалі аднавіць, таму яе разабраныя фрагменты акуратна склалі ў двары. Насамрэч удалося захаваць толькі часткі фасада электрычнай падстанцыі, астатняе было вывучана з мэтай пазнейшай рэканструкцыі.

Першыя рэндары выглядалі цалкам прыстойна, аднак, як высветлілася, іх немагчыма рэалізаваць: будучая канструкцыя трапляла ў тэхнічную зону метрапалітэна.

Таму інстытутам «Мінскграмадзянпраект» было прапанавана аднавіць толькі фрагмент фасада. Архітэктурна-горадабудаўнічы савет гэты праект ухваліў.

Такім чынам, тое, што мы цяпер бачым на беразе Свіслачы – сапраўды арыгінальны фасад. Ён не знаходзіцца на сваім гістарычным месцы, але блізка ад яго. Фасад будынка развярнулі: цяпер ён глядзіць на ўваход у парк Горкага. Паводле праекціроўшчыкаў, такое рашэнне здымае праблему ўварвання ў ансамбль праспекта Незалежнасці і арганізоўвае набярэжную Свіслачы.

Узвядзенне фасада фактычна завершана, засталіся дэталі, таму можна ўбачыць, наколькі недарэчна выглядае ўся гэтая канструкцыя: з-за саркафага, у які ўзяты рэшткі фасада, яна нагадвае надмагілле. Атрымалася візуальна непераканаўчая імітацыя.

Тэхнічна такое рашэнне апраўдана: фасад захаваўся не вельмі добра, таму было вырашана стварыць каркас вакол яго. Аднак няўжо немагчыма было знайсці больш годнае рашэнне! Гэтую імітацыю не выратуе не прыгожая падсветка, не архітэктурны макет знішчанага аб’екта (нібы партрэт на надмагіллі), не інфармацыйны антураж вакол (гады жыцця памерлага).

Тэхнічнае заданне выканана аптымальна, аднак ні эстэтычны, ні гістарычны аспекты праекціроўшчыкаў праекта, падобна, не хвалявалі.

Магчыма, больш аптымальным рашэннем выглядаў варыянт рэканструкцыі, у якім меркавалася стварэнне помніка Чапскаму з адлюстраваннем аб’ектаў, звязаных з яго дзейнасцю, рэканструкцыяй з аўтэнтычных элементаў часткі электрастанцыі. Вадаправод, электрычнасць у Мінску ў тыя часы былі зробленыя ў тым ліку за яго асабістыя сродкі. Гэта канцэпцыя разглядалася і была падтрыманая архітэктурна-горадабудаўнічым саветам.

Фальсіфікацыяй гісторыі горада назваў варыянт «аднаўлення» першай мінскай электрастанцыі аўтар петыцыі на сайце https://petitionsby.site/petitions/3955. «Замест аднаўлення будынка на гістарычным месцы нам подла падсоўваюць мемарыяльную пліту ў натуральную велічыню, якая прадстаўляе сабой фасад меншага з двух будынкаў, што раней абяцалі аднавіць. Яна не мае аніякага аб’ёму, які можна было б інтэпрэтаваць як будынак, не пазначае яго гістарычнае размяшчэнне і арыентацыю ў прасторы, але наадварот, уводзіць у зман, фальсіфікуе гісторыю горада”.

Петыцыя была створана ў 2020-м. У ёй патрабуюць вярнуць аднаўленне фрагментаў будынкаў былой электрастанцыі ў рэчышча беларускага заканадаўства і міжнародных пагадненняў па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.