Аляксандр Чарнуха, журналіст, вядомы па музычных аглядах на Ultra-music і рэпартажах з беларускай правінцыі на «Анлайнеры», з 2021 года жыве ў Польшчы. Сёлета ў маі ён прэзентаваў у Варшаве свой дэбютны раман «Свінні», і неўзабаве яго запрасілі паўдзельнічаць у тэатральным праекце KUO VADIS – творчых лабараторыях з удзелам беларускіх літаратараў і рэжысёраў.
Прэм’ера міні-спектакляў адбылася ў тэатры Рампэ ў Штутгарце 26 лістапада, а таксама ў фармаце жывога стрыму на Ютуб-канале «Купалаўцы».
Пацікавіліся ў аўтара «Свінняў» пра нечаканы тэатральны эксперымент, пра рэальнае і метафарычнае ў яго кнізе. Пратэставалі дар прадбачання, які праявіўся ў яго падчас працы з тэкстам. Высветлілі, што з намі ўсімі будзе. Перспектывы, трэба сказаць, даволі змрочныя.
«Усё гэта адбываецца насамрэч»
– На жаль, без спойлераў не абыдземся… Ці можаце крыху расказаць пра вашу кнігу «Свінні»?..
– На першы погляд, сюжэт рамана вельмі просты: у вёсцы Качанава Груздзеўскага раёна пачынаюць паміраць свінні. Свіння ў беларускай традыцыі – сімвал заможнасці. Калі ў цябе ёсць кабанчык, то будзеш сыты і на Вялікдзень, і на Каляды. І сябе накорміш, і ўсіх блізкіх сваіх. Таму людзі занепакоіліся… А ўлада любую занепакоенасць успрымае як праяву варожасці і пачынае рэагаваць вельмі характэрным чынам – брутальна разганяць тых, хто абураецца, і робіць вельмі знаёмыя нам рэчы, накшталт канцэртаў «Застабілле». Улада не спыняецца нават тады, калі застаецца вычышчаная прастора.
– Дадам, што груздзеўскія пратэсты вельмі нагадваюць падзеі 2020-га і душацца тымі ж метадамі. Аднак канфлікт у кнізе вырашаецца – дастаўкай вялікай колькасці свіней. Раман завяршаецца драматычным брэйгелеўскім сюжэтам, але ж не будзем яго раскрываць.
–Так, не будзем.
– Мне падаецца важным пазначыць, што вы працавалі журналістам у «Анлайнеры» і «Народнай газеце», таму шмат ездзілі па правінцыі. І кніга напісана цалкам на вашым досведзе…
– У ёй шмат асабістага, напрыклад, некаторыя персанажы, месцы і падзеі дакладна спісаныя з дзіцячага досведу, бо я шмат часу правёў на Барысаўшчыне, радзіме майго бацькі. Падчас працы ў «Анлайнеры» і ў «Народнай газеце» я часта вандраваў і гутарыў з людзьмі, усё гэта тым ці іншым чынам адлюстравалася ў кнізе.
– Аднак свой досвед вы пераплавілі ў падзеі даволі фантасмагарычныя…
– Калі я пісаў кнігу ў 2020-2021 гадах, мне таксама здавалася, што я перабольшваю. Аднак паступова ўсё, пра што пісаў, пачало спраўджвацца. Сюжэты з кнігі пераходзілі ў рэальнасць – гэтыя бязглуздыя чынавенскія рашэнні… Здавалася б – ну куды далей! Вы што, сур’ёзна, насамрэч гэта робіце?! Я ж пажартаваў! Але яны рабілі, і цяпер мая кніга перабольшаннем не выглядае. Мала таго, я ўжо бачу, што, магчыма, недзе і не дакруціў…
– Гэта ўсё таму, што мы самі трапілі ў нейкую кнігу: падаецца, што такога не можа быць, а яно здараецца…
– Я размаўляў з людзьмі, якія чыталі «Свінняў», і мы прыйшлі да высновы, што калі гэтая кніга калі-небудзь трапіць да чыноўнікаў, яны скажуць, што я малайчына і ўсё правільна напісаў, хораша адлюстраваў жыццё. Мне падаецца, што так яно і будзе.
Пра простага груздзеўца…
Мне вельмі цікава пагаварыць пра простага, зараз не вымаўлю гэтага слова, груздзевічаніна…
– Груздзеўчаніна ці груздзеўца. Лепш называйце груздзеўцам.
– Добра! Як я бачу асноўную ідэю кнігі: вы разабралі прэзідэнцкую вертыкаль, гэты маналіт улады, на мноства фрагментаў і прааналізавалі адзін такі фрагмент. Гэта вертыкаль замацавалася на кожным узроўні, раённым, гарадскім, прарасла як метастазы ў мясцовыя формы жыцця. Аднак гэтыя метастазы ў свой час знайшлі спрыяльную глебу – арганізм ад пачатку быў хворым. Гэтая ўлада не з неба звалілася…
Аднак у рамане вы паказваеце просты народ 1990-х, які выбраў папуліста, што паабяцаў вяртанне «саўка». На якім досведзе вы апісвалі чалавека з правінцыі? Чаго ён хоча? Як ён змяніўся з 1990-х?
– Калі вы былі ў правінцыі, то пэўна бачылі, што жыццё ў ёй застыла як муха ў бурштыне.
– У 2020-м пратэставаў жа не толькі Мінск, але і невялікія мястэчкі?
– З 1990-х гадоў у правінцыі мала што змянілася… У маёй кнізе людзі таксама выйшлі і за нешта там змагаліся, нават у вёсцы Качанава. Аднак кардынальным чынам нічога не памянялася: прадпрыемствы знаходзяцца ў разбураным стане, многія спынілі працу. Гэта тэрыторыя беднасці, дзе людзям выдаюць палову заробку грашыма, а палову таварамі, якія трэба набыць у краме. Мне падаецца, што гэта тэрыторыя адчаю, яна такой была ў 1990-я і такой і засталася. Вертыкаль улады таксама выйшла з сярэдзіны 1990-х, вы паглядзіце на чыноўнікаў – якой мовай яны размаўляюць, як сябе паводзяць сілавікі… Як у серыялах «Бандыцкі Пецярбург», якія яны глядзелі ў 1990-я.
І я не ездзіў у гэтыя гарадкі ў 1990-я, я быў там у 2017-2019 гадах.
– Аднак і ў 2020-я, і крыху раней, я перыядычна сутыкалася з пагардай да мясцовай і больш высокай улады…
– Нашая ўлада акамулюе вакол сябе страх. І людзі, якія прызвычаіліся жыць у гэтай атмасферы, баяцца за нешта эфемернае – за сваю будучыню. Маўляў, я страчу працу і ніхто не падтрымае, застануся нам-насам са сваімі праблемамі. Гэта не тэрыторыя нейкіх калектыўных рашэнняў. У правінцыі кожны сам за сябе.
– І няма сацыяльных ліфтаў… Вы апісваеце прадпрыемства, якое робіць нейкія ўтулкі, нявядома каму патрэбныя. І іншых варыянтаў для простага чалавека там не відаць…
– Гэтыя сацыяльныя ліфты наўмысна зламаныя. Завод – гэта месца, куды чалавек прыходзіць маладым спецыялістам, а выходзіць пенсіянерам. У яго ёсць зразумелы маршрут на ўсё жыццё – з раніцы ідзе на працу, а ўвечары вяртаецца дахаты, дзе ёсць канапа і тэлевізар. Выходныя адрозніваюцца ад працоўных дзён, што ён не ідзе на працу. Усё!
– Адзін з кітоў, на якіх трымаецца ўлада.
– Так!
– Напісаўшы такую кнігу, вы лепш за многіх, пэўна, разумееце, што азначае фраза «не быць скотам», ці – у вашай інтэрпрэтацыі – не быць свіннёй. Бо асвінячыцца проста – гэта не патрабуе ніякіх высілкаў. А каб не стаць свінкай – трэба прыкладаць намаганні.
Я бачу тут парадокс: дзяржаве пакорлівыя свінні выгадны, а іх з кожным годам меншае. Люмпены маргіналізуюцца. У гэтым логіка развіцця грамадства?
– Я не пагаджуся з тым, што быць свіннёй – не патрабуе высілкаў. Жыццё ці не кожны дзень ставіць нас перад маральным выбарам. Зрабіць такі выбар часам вельмі складана, а ў выніку для кагосьці ты будзеш свіннёй, а для кагосьці не. Прымаць рашэнні даводзіцца штодня, гэта патрабуе шмат рэфлексіі.
Што тычыцца развіцця грамадства… У Беларусі цяпер няма спрыяльных умоў для развіцця чалавечай годнасці, і гадоў праз дзесяць мы ўбачым наступствы цяперашняй палітыкі. Паглядзіце, што адбываецца з сістэмай адукацыі, з культурай, як змяніўся рэпертуар у тэатры і кіно. Чалавек сам па сабе істота лянівая: калі нешта побач ёсць цікавае, ён далучыцца, а калі трэба прыкласці намаганні, спрацуе інерцыя.
«Русский мир» раённага маштабу
– У прадмове, яна ў вас на беларускай мове, вы пішаце, што, на жаль, кніга напісана па-руску: «Я зрабіў гэта наўмысна, таму што ў сістэме каардынат, пабудаванай у рамане, не існуе беларускай мовы і культуры, іх паглынуў “руский мир”».
Чаму жыццё гэтага няшчаснага гарадка вы называеце «русским миром»? Ніхто з улады ніякіх праімперскіх, прарасійскіх лозунгаў у вас не прамаўляе?
– Гэта не перашкаджае ім быць прарасійскімі і праімперскімі. Груздзева – ускраек Расійскай імперыі, гэтыя людзі не ўмеюць размаўляць па беларуску. Беларуская мова ў іх вуснах выглядала б ненатуральна.
– «Русский мир» – гэта не толькі руская мова…
– Так, яшчэ руская культура і рускае стаўленне да жыцця. Калі ў мяне ёсць улада і грошы, то я цар і Бог на гэтай зямлі, а астатнія – нейкія кузуркі, з якімі я магу зрабіць усё, што заўгодна. Ніякі закон мне не пісаны. Вось гэта і ёсць рускае стаўленне да жыцця!
– То-бок гэта мястэчка нічым не адрозніваецца ад нейкага гарадка ў глыбіні Расіі?
– Я чуў, што на Смаленшчыне ёсць горад пад назвай Груздзева. Магчыма, гэта адказ на вашае пытанне.
– І вы сапраўды мяркуеце, што нічога беларускага не захавалася ў нашых мястэчках?
– Нічога беларускага не захавалася ў цяперашняй уладзе. Асобныя мае персанажы размаўляюць на вясковай трасянцы. Гэта і ёсць невялікі элемент беларускай культуры. У кнізе ёсць выразы, уласцівыя нашай вясковай традыцыі… Аднак звярніце ўвагу, што мой беларускамоўны герой вельмі хутка гіне.
– Як супрацьстаяць гэтаму «русскому миру»? Каб у будучым недарэчнай была нават думка пра «одиннарод»?
– Уключыць актыўны рэжым беларускасці. Цікавіцца сваім, чытаць, пісаць пра сваё. Адбудоўваць кантэкст на ўсіх узроўнях. Раней медыі былі трафіказалежнымі і працавалі на прагляды, але ў сённяшняй сітуацыі важна мець выразную місію, у тым ліку культурніцкую і асветніцкую.
– Я бачу важнай задачу стварыць з рускай культурай максімальную дыстанцыю. Унутраную дыстанцыю мы маем апрыёры, а вось знешніх яе праяў, візуальных маркераў не хапае…
– Калі мы пачнём адбудоўваць свой кантэкст, то дыстанцыя ўзнікне сама сабой. Не трэба рабіць адмысловых намаганняў у дачыненні да рускай культуры – яна сама адваліцца. Навошта мне чытаць пра нейкіх людзей з усходняга ўскрайку, калі ў мяне ёсць сваё, крутое?
Пісьменнік як экстрасэнс
– Вы расказалі, што вам удалося прадбачыць будучыя падзеі у сваім тэксце. Я мяркую, што літаратурны талент – гэта не толькі пра ўменне прыгожа пісаць, але і пра здольнасць ствараць уяўную прастору, якая разгортваецца паводле ўласных законаў. Сюжэт развіваецца згодна з логікай тэксту і прыходзіць да свайго завяршэння. А вы ўнурыліся ў рэальны сюжэт – і змаглі нешта ўбачыць у будучыні. Таму мне хочацца зараз пагаварыць з вамі як з экстрасэнсам… Ну, напрыклад, што мы зрабілі не так у 2020-м і што з намі будзе адбывацца?
– Мне падаецца, што тады была вельмі тупіковая сітуацыя – з-за падтрымкі Расіі. Нават у тыя моманты, калі нам здавалася, што перамога амаль дасягнута, яна была вельмі і вельмі далёка.
– Аднак цяпер усё сцішылася… Што стала «свінымі тушамі», якія звычайна ўлада кідае грамадству? Аднак іх жа не кінулі – гэтыя тушы? Як доўга будзе працягвацца тэрор?
– Гэтую метафару можна ўспрымаць па-рознаму. Калі чалавеку прапануюць стабільную «свіную тушу» ці эфемерную барацьбу за высокія ідэалы, ён возьме тушу. Аднак гэта свіная туша сімвалізуе і вялікую кроў. І гэта вялікая кроў адбылася. Успрымайце ўсмешку ў фінале кнігі як смех скрозь слёзы. Чалавек змушаны ўсміхацца ўладзе, бо цудоўна разумее, да чаго прывядуць наступствы, калі ён будзе выступаць супраць. Таму ён працягвае жыць ва ўнутранай эміграцыі, бо пабачыў на ўласныя вочы мяса, кроў і боль.
– І што нам зараз рабіць?
– Мне падаецца, што трэба сваё асабістае жыццё наладзіць такім чынам, каб пазбавіцца ад ментальных праблем. У новым сінгле Бенькі з Галяй Чыкіс ёсць такі рэфрэн: «Мне нужно все это забыть, чтобы никого не убить». Ён падаецца мне вельмі трапным, бо рэфлексія з нагоды таго, што адбылося і чаго не адбылося ў 2020-м, самаразбуральная. Прыйшоў час для канструктыўных дзеянняў, напрыклад, адбудаваць кантэкст у лічбавай прасторы, бо іншай у нас няма. І Беларусь цяпер здзяйсняецца больш за межамі, чым унутры сябе. Беларусь унутры сябе – гэта жалезная клетка, праз якую хлешча вялікі струмень расейскасці. У гэтай расейскасці можна захлынуцца. Таму адзінае, што можна сёння рабіць, гэта адбудоўваць свой кантэкст. Сапраўдныя дамы адбудаваць куды прасцей, чым метафізічную пабудову – беларускі культурны код.
– Вы пачалі ўжо новую кнігу?
– У мяне выйшла невялічкае апавяданне, пасляслоўе да «Свінняў». Зімой пачну новы раман – адрозны ад папярэдняга, а магчыма, пра іншую эпоху.
– Ці лёгка пісаць удалечыні ад радзімы?
– Залежыць ад сюжэта і персанажаў, ад іх адштурхоўваешся. Мая першая кніга была падарожжам у адзін бок без зваротнага квітка. Я проста сеў і пачаў пісаць, і не ведаў, чым скончыцца гэта гісторыя. Паралельна адбываліся нейкія падзеі, я занатоўваў цытаты. Аднойчы прачнуўся і зразумеў, што вось такім сюжэтам яе завяршу. Менавіта ім, бо гэта раман-перасцярога. Так яно і скончыцца насамрэч, і не будзе зваротнага шляху.
– Ці можна падрабязней пра незваротнасць шляху?..
– Я вельмі баюся фінальнай фразы, якую занатаваў у сваім тэксце: «Выпускайте гриб!». Яе па-рознаму можна ўспрымаць і трактаваць, аднак я асцерагаюся, што яна спраўдзіцца…
– Уф! Я пра гэта нават не падумала…
Творчы тандэм і нечаканы досвед
– Для праекта Купалаўцаў вы перапісалі тэкст сваёй кнігі, ператварыўшы яго ў п’есу?
– Так, «Свята кабана» – гэта новае выказванне на падмурку старога тэксту, цалкам перапрацаванага для спектакля. Я ўзяў фінальную сцэну – свята ўраджаю, толькі ператварыў яго ў свята кабана. Таму што кабан – сімвал чаркашкварачнай ідэалогіі беларускай дзяржавы. Праз гэту фінальную сцэну я паказаў усё, пра што напісана ў рамане.
Я працаваў над сцэнарыямі і раней, таму разумеў, як зрабіць так, каб загучалі жывыя дыялогі і паўстала выразная сцэнічная карціна. Часам было складана, аднак ўсё ўдалося, і мне цікава было назіраць, які вынік атрымаўся ў рэжысёркі Марыны Міхальчук.
– Дарэчы, хто каго знайшоў у гэтым праекце?
– Купалаўцы зладзілі праект з нямецкай суполкай «Куб». Яны вырашылі ўзяць тры літаратурныя тэксты і на іх аснове зрабіць тры тэатральныя чыткі. А пасля перапрацаваць і перакласці тэксты на нямецкую мову, каб зацікавіць і нямецкія тэатры. Мне прапанавалі паўдзельнічаць, я з радасцю пагадзіўся, бо гэта цікавы і новы для мяне досвед.
Творчыя тандэмы стварылі самі купалаўцы, я пазнаёміўся з Марынай, і мы выдатна паразумеліся. Яна мудра мяне накіроўвала ў напісанні п’есы, задаючы важныя і трапныя пытанні, якія прымушалі мяне рэфлексаваць і дасканаліць свой тэкст.
– Гэты спектакль адрасаваны нямецкаму гледачу?
– Не, мы не арыентаваліся на замежнага гледача. Аднак кансультаваліся з нямецкім драматургам падчас працы над п’есай: вынік ёй спадабаўся. Яна задала толькі некалькі пытанняў, таму мы нейкі рэчы паправілі, каб стала зразумела і старонняму гледачу. Напрыклад, гэта тычылася спаборніцтва «Уладар сяла», гэта калі вяскоўцы мераюць, у каго даўжэйшы агурок вырас. Яна пабачыла ў ім фалічныя сімвалы, што так і ёсць, але ёй трэба было патлумачыць сутнасць гэтага конкурсу.
– Раскажыце, калі ласка, пра вашы ўражанні ад учарашняй прэм’еры міні-спектакляў ці, як іх назвала вядучая, эскізаў вашай і іншых п’ес у тэатры Рампэ ў Штутгарце… Што вы адчулі?
– Для мяне гэта была сапраўдная неспадзяванка, што мая праца скончылася напісаннем п’есы. І тое, што я ўчора ўбачыў, вельмі моцна мяне ўразіла: тое, як увасобіла п’есу Марына, тое, як працавалі купалаўцы – гэта проста фантастыка! Тэкст стаў жывым!
– Нагадаю, што тры міні-спектаклі, тры тэатральныя эскізы – акрамя «Свінняў», яшчэ і па «Шэпце» Сяргея Лескеця (у пастаноўцы Рамана Падалякі), па «Гісторыі ўцякачкі. Я вярнуся?» Ганны Златкоўскай (у пастаноўцы Андрэя Саўчанкі) – можна паглядзець на Ютуб-канале «Купалаўцы».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: