Стрым з падзеі распачнецца сёння, 26 лістапада, у 19.45 па беларускім часе на Ютуб-канале беларускай незалежнай тэатральнай групы.
Нагадаем, што прэм’ера трох чытак спекталяў ладзіцца ў межах праекта «KUPALAUCY: KUO VADIS?» — супольнага праекта беларускіх артыстаў з нямецкай культурніцкай арганізацыяй KuB / Kulturverein Belarus. Яго мэта — прасоўванне маладой беларускай лiтаратуры і драмы, ды таксама развіццё супрацоўніцтва мiж беларускiмi i нямецкiмi спецыялiстамi.
Праект зацікаўлены ў стварэнні тэатральнага прадукта па новай мадэлi — «максiмальна гнуткай, неiерархiчнай, адаптаванай пад супрацоўнiцтва экспертаў з розных краiн».
Сёння ў тэатры Рампэ ў Штутгарце будуць паказаныя тры спектаклі па творах беларускіх аўтараў.
“Шэпт” Сяргея Лескеця ў пастаноўцы Рамана Падалякі — «своеасаблiвае падарожжа да вясковай культуры, магii шэпту».
«Гісторыя ўцякачкі. Я вярнуся?” Ганны Златкоўскай у пастаноўцы Андрэя Саўчанкі — «дакументальная п’еса пра страхі, страты і надзеі эмігранцкага жыцця».
«Свята кабана” Аляксандра Чарнухі ў пастаноўцы Марыны Міхальчук — «яркая сатыра пра нязносна смешную, але насамрэч кафкіянскую рэальнасць, у якой так лёгка можна апынуцца».
У чытках задзейнічаны акцёры-купалаўцы: Алег Гарбуз, Ігар Сігоў, Святлана Анікей, Аляксандр Малчанаў, Міхаіл Зуй, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Зміцер Лук’янчык, Сяргей Чуб, Кацярына Яворская, Яўгенiя Кульбачная ды іншыя артысты.
Пачнецца дзейства а 18:00 гадзіне з дыскусіі, прысвечанай актуальным пытанням незалежнага беларускага мастацтва.
Праект «KUPALAUCY: KUO VADIS?» рэалiзуецца ў рамках праграмы Федэральнага мiнiстэрства замежных спраў Германii па пашырэннi супрацоўнiцтва з грамадзянскай супольнасцю ў краiнах Усходняга партнёрства i Расii.
Глязець стрым з чытак «Купалаўцаў» і дыскусію можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram