Храму, звязанаму з постаццю Ігната Дамейкі, адмоўлена ў наданні ахоўнага статусу

Гаворка — пра драўляную Царкву Ушэсця Гасподняга, якая знаходзіцца ў вёсцы Вялікая Мядзвядка Карэліцкага раёна — радзіме беларускага, польскага і чылійскага навукоўца-даследчыка Ігната Дамейкі.

У свой час у храме канца ХVIII — пачатку ХІХ стагоддзя будучы слынны геолаг прыняў першае прычасце, удзельнічаў у святочных працэсіях. Зараз жа ў царкве мясцовае духавенства робіць еўрарамонт, у выніку якога аўтэнтычны воблік храма можа быць страчаны.

Фота: Тэлеграм-канал «Спадчына».

Пра гэту сітуацыю паведаміў тэлеграм-канал «Спадчына» — акурат з мэтай захавання помніка аўтары канала і зрабілі прапановы аб наданні ахоўнага статусу царкве ў Гродзенскі аблвыканкам.

«Сёлета адзначаецца 220-годдзе з дня нараджэння славутага геолага і мінеролага, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі, які нарадзіўся ў 1802 годзе ў Мядзвядцы Навагрудскага павета, — адзначае «Спадчына». — Гродзенскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны вырашыў адзначыць дату своеасабліва, адмовіўшыся ў наданні ахоўнага статусу з фармулёўкай «адсутнічае неабходнасць» могілкавай царкве ў Вялікай Мядзвядцы ў стылі класіцызму, у якой прыняў першае прычасце і ў святочных працэсіях якой удзельнічаў Дамейка».

«Спадчына» прыкладае і выпіску з пратакола пасяджэння Гродзенскага абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны за подпісам старшыні савета, начальніцы ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч.


Гэта рашэнне, па меркванні адмыслоўцаў «Спадчыны», развяжа рукі мясцоваму духавенству. Па завяршэнні распачатага еўрарамонта помнік «будзе цяжка адрозніць ад прыстасаванага пад службу кароўніка» .

«Улічваючы статус Дамейкі як нацыянальнага героя замежнай краіны, Беларусь дадзеным рашэннем зняславілі на міжнародным узроўні», — лічыць тэлеграм-канал.

Нагадаем, што Ігнат Дамейка — Нацыянальны герой Чылі. Ён займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Чылі, Польшчы і Літвы. У Беларусі яшчэ ў 2017 годзе ладзілася вялікая Міжнародная канферэнцыя ў гонар асветніка і навукоўцы ў Акадэміі навук, на якой, у тым ліку, акрамя вучоных, выступілі нашчадкі слыннага геолага, што прыехалі ў Беларусь. У межах Канферэнцыі адбылася і знакавая сустрэча ў Міністэрстве замежных спраў, на якой прысутнічаў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей і іншыя афіцыйныя асобы. Нашчадкі Ігната Дамейкі наведалі мясціны, звязаныя з беларускім асветнікам, у тым ліку і могілкавы храм у Вялікай Мядзвядцы.

Сёння, відаць, ад былога вяртання імя Ігната Дамейкі ў беларускую спадчыну застаецца ўсё менш.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!