Ва Украіне адбываюцца паказы дакументальных фільмаў пра Беларусь — яркія працы сучасных рэжысёраў сабраныя ў межах фестывалю аўтарскага ўкраінскага і беларускага кіно «1084. На мяжы».
Фестываль уключае ў сябе і іншыя культурныя падзеі. Стартаваў ён у Львове з традыцыйнай «Ночы (не)расстраляных паэтаў» і сабраў поўную залу. Былі зачытаныя вершы як беларускіх, так і ўкраінскіх расстраляных і рэпрэсаваных савецкай уладай паэтаў, а таксама вершы беларускіх палітзняволеных, дасланыя імі з-за кратаў цягам апошніх двух гадоў.
У межах фестывалю ў Львове прадстаўлены фільмы:
«Тата» Ларысы Арцюгінай і Марты-Дар’і Клінавай. Гэта кранальная гісторыя пра тое, як маладая дзяўчына Вольга Самаленка два гады шукала і ідэнтыфікавала цела свайго бацькі — байца батальёна «Данбас» Уладзіміра Самаленкі;
«Адвага» Аляксея Палуяна. «Дакументалка, якая б’е па твары», — такое рэнамэ атрымаў фільм пасля сусветнай прэм’еры на Берлінале ў сакавіку 2021 года і адразу быў кваліфікаваны на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар» у намінацыі «Лепшы поўнаметражны дакументальны фільм», трапіў у доўгі спіс. Адзін з герояў фільма цяпер ваюе ва УСУ, у палку імя Кастуся Каліноўскага.
Фільм пра беларускую альтыстку Караліну Орсік «Вырасла, пакуль ты спала» рэжысёра Марціна Саўтэра. Сувязь пакаленняў, эміграцыя дзеля будучыні — стужка падымае важныя пытанні, агульныя для нашых краін.
Фестываль працягнецца да 18 снежня кінапаказамі ў Кіеве і асобнай праграмай — на спецыяльнай анлайн-пляцоўцы для гледачоў з Беларусі. У афішы — працы, якія сталі лакмусамі бягучага часу ў абедзвюх краінах: пра вайну, пра любоў, пра жыццё ў акупаваных Расіяй гарадах, пра людзей. Фільмы адзначаныя шэрагам узнагарод і дыпломамі міжнародных фестываляў у ЗША, Грэцыі, Канадзе, Украіне, Францыі, Нідэрландах і іншых краінах свету.
«1084 кіламетры — працягласць агульнай мяжы суверэнных Беларусі і Украіны. Толькі ад нас залежыць, ці будзе гэта мяжа падзелу ці аб’яднання двух народаў. Праз прадстаўленыя сюжэты дакументальнага кіно мы хочам паказаць рэальнасць, у якой знаходзяцца героі з Украіны і Беларусі, сумленна і бесстаронна абмеркаваць актуальныя пытанні бягучага дня, адносіны простых людзей, а таксама падтрымку беларусамі ўкраінскага народа ў барацьбе з акупантамі, а ўкраінцамі — беларусаў у барацьбе з дыктатурай і тэрорам», — паведамляюць арганізатары фестывалю.
Падчас мерапрыемстваў вітаюцца ахвяраванні на пакупку медычнага абсталявання ў грамадзянскія і ваенныя шпіталі Украіны. Гэта ўжо другая кампанія збору сродкаў, зладжаная дыяспарай беларусаў у Італіі, грамадскім аб’яднаннем «Звяно/Ланка» і Беларускім фондам медсалідарнасці.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram