Жаўнеры ЗСУ запісалі песню «Вуліца Жызнеўскага» на беларускай і ўкраінскай мовах

Уладзімір Някрасаў, лідар гурта «Батьківський комітет», выдаў новую песню «Вуліца Жызнеўскага». Праца над песняй пачыналася разам з асноўным складам гурта, але праз вайну была завершаная з пабрацімамі Уладзіміра па службе ў ЗСУ. Тэкст, засяроджаны на памяці, на абедзвюх мовах напісаў паэт Алесь Плотка, чатыры апошнія радкі, погляд у будучыню, дадаў сам Уладзімір.

Уладзімір Някрасаў – прафесійны музыка па адукацыі і па прафесіі. Бацька трох дзяцей, зараз служыць у ЗСУ у Асобнай Прэзідэнцкай брыгадзе імя Багдана Хмяльніцкага ў званні малодшага сержанта.

«Для мяне гэта песня пра Беларусь і Украіну будучыні, – каментуе выканаўца, – пра краіны, якія аб’ядноўвае агульная барацьба за свабоду і любоў да роднага краю. Я пэўны, што перамога Украіны ў гэтай вайне — гэта вялікі камень у падмурак свабоды і незалежнасці дэмакратычнай Беларусі. Шчыра веру ў саюз краінаў Міжмор’я – Украіны, Беларусі, Польшчы і Літвы, лічу, што беларусы – самая блізкая ўкраінцам нацыя па мове, культуры і барацьбе супраць маскоўскага панавання».

У відэашэраг да песні выканаўцы размясцілі памятную дошку загінулым беларусам, якая знаходзіцца на вуліцы Беларускай у Кіеве. На бягучы момант яна завешаная тканінай праз контраверсійныя стасункі паміж нацыямі і зразумелае сацыяльнае напружанне. Міхаіл Жызнеўскі – гамяльчанін, герой Украіны, адна з першых ахвяраў майдану, разам з армянінам Сяргеем Нігаянам. Песня яго памяці стваралася вясной-летам, а паралельна з гэтым у чэрвені 2022 года ў горадзе Наваград-Валынскі з’явілася вуліца, названая ягоным імём.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!