З нагоды дня народзінаў беларускага мастака-касмолага Язэпа Драздовіча — сёння яму спаўняецца 134 гады — электронны музыка Павел Няхаеў падзяліўся трэкам паводзе дзённікавых запісаў слыннага этнографа і астранома. «Такі вось антываенны мэсыдж ад дзядзькі Язэпа», — пракаментаваў сваю працу музыка.
Гаворка ідзе пра эскіз да аўдыявізуальнай інсталяцыі, прысвечанай Драздовічу, якая мелася быць рэалізаванай у Вільні ў чэрвені ў 2020 годзе. Музыка ўзяў фрагмент з антываенным мэсыджам з дзённікаў мастака і паклаў яго на свае гукавыя ландшафты.
— Гэта быў красавік 2020-га, пачатак пандэміі. Я хварэў, чытаў дзённікі Драздовіча і рабіў гукавыя эскізы для будучай інсталяцыі, — распавёў Reform.by гісторыю ўзнікнення кампазіцыі Pavel Ambiont. — Планаваў запрасіць прафесійнага акцёра, які б з усімі патрэбнымі інтанацыямі начытаў фрагменты дзённікаў, але спачатку трэба было самому праверыць, як увогуле тэкст будзе спалучацца з тымі ці іншымі гукавымі атмасферамі. Менавіта гэты фрагмент, дзе Язэп марыць пра часы, калі нарэшце скончацца войны, я, здаецца, выбраў, таму, што гэта было напярэдадні вайсковага параду, які рыхтавалі ў Мінску нягледзячы на эпідэмію.Там Драздовіч якраз яшчэ і “Заразу” ўзгадвае як ворага чалавецтва. Я тады на гэтай частцы спыніўся — відаць, нейкі рэзананс узнік.
Сёння ўражвае, наколькі своечасова гучаць словы беларускага мастака і мысляра.
— Пасля ўсяго, што мы разам перажылі і перажываем, я хіба што яшчэ больш упэўніўся ў тым, якая Драздовіч важная фігура — у тым ліку, праз ягоны гуманізм, мысленне па-за межамі ўсяго — не толькі краін, — кажа Павел.
На жаль, праект, да якога рыхтавалася кампазіцыя, у свой час так і не быў рэалізаваны.
— Гэта мусіў быў фэст «Ноч культуры» ў Вільні, — распавёў беларускі электронны музыка. — Мы з Вольгай (Вольгай Салахеевай — VJ Solar Olga — партнёркай музыкі — заўв. Reform.by) планавалі аўдыявізуальную інсталяцыю, прысвечаную Драздовічу, у межах якой прагучаў бы трэк. Ідэяй было зрабіць кабінет-майстэрню мастака, бо ён менавіта ў Вільні напісаў вельмі многа сваіх касмічных карцін і трактатаў. Гэта быў бы пакой з праекцыямі ягоных твораў і дадатковых матэрыялаў, гук, музыка і інтэрактыўны экспірыенс — віртуальная вандроўка па планетах, на якіх Драздовіч бываў у сваіх візіях…
Але спачатку фэст праз пандэмію перанеслі на восень, межы закрылі, а потым пасля выбараў і ўвогуле стала не да таго.
Трэба дадаць, што кампазіцыя па антываенным мэсыджы Драздовіча — далёка не першы праект, які Павел Няхаеў прысвяціў беларускаму мастаку-касмолагу. У 2017 годзе ў межах мінскага фестывалю Unsound Dislocation x Mental Force прагучала цэлая аўдыявізуальная праграма «Вечны Вандроўнік», якую Павел зрабіў разам з калегамі па трыа Force Carriers. Яна сталася асновай для больш позніх працаў.
— Дзядзька Язэп — гэта той чалавек, які ідэнтыфікаваў сябе як беларуса і шанаваў свае карані, але пры гэтым не зацыкліваўся ў зачараваным коле святой даўніны, а вырываўся па-за межы абсягу і часу свайго жыцця — непасрэдна ў космас, — так тады пракаментаваў сваю цікавасць да выбітнай постаці беларускага нацыянальнага адраджэння Павел. — Проста цуд, што ён перажыў дзве вайны ды перакройванне Беларусі — столькі ўбачыў, зафіксаваў, данёс да нас. Колькі б яшчэ ён зрабіў, каб не беспрытульнасць, нядоля ды ізаляванасць ад шырокага культурнага сусвету! Ды не зважаючы на страшныя жыццёвыя абставіны, Драздовіч увесь час выпраменьваў моцны гуманістычны, глабальны мэсыдж, якога так не хапае многім сучасным мастакам. У яго лёсе сёння шмат беларусаў могуць убачыць сябе.
Убачыць і паслухаць аўдыявізуальную праграму «Вечны Вандроўнік» Force Carriers трыа можна тут.
Паслухаць антываенны маніфест Драздовіча можна па гэтай спасылцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: