Адну з самых чорных дат у беларускай гісторыі — ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі ва ўрочышчы Курапаты былі расстраляныя больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — будуць сёлета адзначаць па ўсім свеце.
Беларусы могуць далучыцца да акцыі, дадаўшы сваю імпрэзу памяці на адмысловую мапу падзеі — https://nochpaetau.com.
Летась знакавую дату беларусы ўзгадалі ў 38 гарадах, зладзіўшы каля 40 культурніцкіх падзей.
Сёлета, калі прайшло роўна 85 год са страшнай ночы, цягам усяго кастрычніка на сайце nochpaetau.com будуць дадавацца матэрыялы, прысвечаныя рэпрэсаваным паэтам. На культурніцкіх Ютуб-каналах выйдзе некалькі праграмных відэа (у тым ліку – відэаверсія спектакля “За што” літоўскага рэжысёра Андруса Даралы пра падзеі кастрычніка 1937 года). Таксама запланаваная афлайн-прэзентацыя новага выдання кнігі “(Не)расстраляныя” — слыннага праекта Сяргея Будкіна, які распавядае пра жыцці і творчасць рэпрэсаваных беларускіх літаратараў.
Важна дадаць, што сёлета «Ноч паэтаў» праходзіць на фоне няспынных рэпрэсій, у тым ліку культурніцкіх дзеячаў у Беларусі, на фоне ўкраінскай трагедыі. Гэта надае яшчэ большую значнасць падзеі.
«І тым больш важна, што мы памятаем сваіх расстраляных творцаў, спяваем песні на іх вершы і чытаем кнігі. Мы згадваем пра іх не толькі з сумам, але і з удзячнасцю — за тую любоў да жыцця, што і сёння гучыць са старонак старых выданняў, свеціцца на фотаздымках», — дадае ініцыятар акцыі — Беларуская Рада культуры.
Сачыць за мапай акцыі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram