Людміла Крылова — настаўніца беларускай мовы з Бабруйска, якая ў вольны час распрацоўвае настольныя гульні для вывучэння і папулярызацыі мовы. Яна пачала займацца гэтым шэсць год таму, каб заахвоціць вучняў да наведвання факультатыву. З той пары настаўніца разам са школьнікамі стварыла 12 «настолак» для дзяцей і дарослых. Свае гульні Людміла друкуе на ўласныя грошы і дорыць калегам, але разлічвае, што ў будучыні іх зможа купіць кожны.
Ідэя рабіць моўныя гульні прыйшла да Людмілы шэсць год таму. Тады яна працавала намеснікам дырэктара ў бабруйскім «Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі», і ей прыйшлося распрацоўваць праект беларускамоўнай змены дзіцячага летніка. Людміла ўзгадвае: спачатку прыдумляла заданні і размаўляла па-беларуску сама, і паступова натхніла на гэта калег-настаўнікаў. У выніку зладзілі выдатную змену на 18 дзён «Вяртанне да вытокаў». Пасля летніка настаўніца рабіла некаторыя распрацоўкі гульняў, як кажуць, «у стол».
Пазней Людміла пайшла выкладаць беларускую мову і літаратуру ў бабруйскую школу №34. Там перад ёй паўстала пытанне, як заахвоціць дзяцей наведваць заняткі на факультатыве, асабліва ў шосты школьны дзень. У той момант яна і ўзгадала пра свае нарыхтоўкі.
Вучні, у якіх Людміла была класным кіраўніком, тады пайшлі ў восьмы клас. У выніку першыя гульні былі канчаткова дароблены і аформлены сумесна з імі. А яшчэ яны разам з Людмілай наведвалі на занятках малодшых дзяцей (у беларускай сістэме адукацыі ёсць такі фармат узаемадзеяння, калі старшыя школьнікі прыходзяць у пачатковую школу і праводзяць там заняткі).
Спачатку гульні былі скіраваныя на вучняў пачатковай школы, але з часам настаўніца рабіла ўсё больш складаныя «настолкі», якімі ўжо маглі зацікавіцца і дарослыя. За шэсць год былі распрацаваныя 12 гульняў, разлічаныя на розныя ўзросты. Створана лексічнае напаўненне для кожнай з іх, а для большай часткі — яшчэ і ўнікальная механіка (то-бок, правілы і прынцыпы).
Для самых маленькіх ёсць лато, дзе трэба закрываць словамі карцінкі, аб’яднаныя па тэмах. Для старэйшай школы ёсць «Трохкутнік» — на картках-трохкутніках напісаны розныя словы, ад гульцоў патрабуецца скласці іх так, каб сінонімы ці антонімы былі побач. Створаны і класічныя рэбусы, дзе трэба скласці словы па першых літарах таго, што намалявана на картцы. А яшчэ распрацаваны набор гульняў «Праўда ці хлусня» з пытаннямі на беларускай мове на розныя тэмы, ад прыроды да літаратуры.
Як тлумачыць настаўніца, сярод яе вучняў цікавасць да беларускай мовы і культуры ў апошнія гады паступова расце. У тым ліку — з той пары, як у школе пачалі выкарыстоўвацца настольныя гульні. Спачатку ў іх стварэнні ўдзельнічала толькі некалькі вучняў, але зараз уцягнуўся амаль увесь клас.
«Фантазія дзяцей звычайна больш жывая і развітая за фантазію дарослых, а іх дасведчанасць у розных гульнях значна большая», — кажа Людміла. Таму часта, распрацоўваючы механіку гульні, яны ставараюць сур’езны экшн і сапраўдную інтрыгу, выкарыстоўваюць розныя цікавосткі кшталту штрафных балаў ці інтэграваных у гульню QR-кодаў, праз якія можна паслухаць галасы птушак.
«Дзеці натхніліся, паверылі ў свае сілы. Іх бацькі таксама былі ўражаныя. Калі я год таму прывезла з тыпаграфіі каробкі з гульнямі, сабрала разам дзяцей і бацькоў, то трэба было бачыць вочы бацькоў, калі яны зразумелі, што гэта прадукт іх дзяцей! І трэба было бачыць дзяцей, якія трымалі ў руках вынік сваёй працы, нюхалі гэты пах свежай фарбы», — кажа Людміла.
З дапамогай гульняў у настаўніцы атрымалася забіць двух зайцоў. Па-першае, заахвоціць старшых школьнікаў наведваць заняткі ў суботу. Па-другое, забяспечыць пераемнасць старшай і малодшай школ.
«Пачатковая школа баіцца старшай, баіцца пераходзіць. У пятым класе дзеці разгубленыя, а мы такім чынам робім ім крок насустрач. Яны ўжо пазнаёміліся з намі, «страшнымі» настаўнікамі са старэйшай школы, з дзецьмі, ды і наогул больш разумеюць, што яны будуць рабіць у той старшай школе», — кажа настаўніца.
Распрацаваную гульню спачатку тэсціруюць вучні класа, якім кіруе Людміла Крылова — падчас факультатыўных заняткаў і проста ў вольны час. Потым вучні паралельных класаў. Падчас тэстаў механіка гульні можа некалькі разоў змяніцца. У «настолкі» на ўсіх этапах гуляюць таксама муж і дачка настаўніцы. Яны ўжо паспелі стаць сапраўднымі экспертамі ў гэтай справе, кажа Людміла.
Раней настаўніца кожную гульню пазначала маркерам узросту (6+, 10+ і гэтак далей). Зараз яна ад такой практыкі адмовілася, бо часта з узроставай аўдыторыяй цяжка вызначыцца.
«Бывае, мы разлічылі, што гульня падыдзе для пятага класу, а вучні не бяруць яе пытанні ні ў восьмым, ні ў дзявятым класе. Бывае, што і дарослыя гуляюць у яе з дзіцячай апантанасцю. Бо не ўсе ведаюць такія словы, як напрыклад, «жырандоля», «рондаль», «скрыпень» і іншыя», — тлумачыць Людміла.
Гатовыя гульні афармляе яна сама і вучні яе класа. Тое, што робіцца для малодшай школы — з яркімі малюнкам і фотаздымкамі, каб прывабіць дзяцей. Тое, што, на думку настаўніцы, будуць выкарыстоўваць вучні старшай школы ці дарослыя, — больш лаканічна, з мінімальнымі ілюстрацыямі.
Людміла друкуе гульні ў тыпаграфіі ў Мінску за ўласныя грошы: там танней, чым у родным Бабруйску. Наклады звычайна невялікія — да 30 асобнікаў. На гэтую справу, кажа настаўніца, яна магла патраціць дзве тысячы рублёў за апошні год. Дакладных падлікаў Людміла не вядзе. Але ў любым выпадку друк — не танная справа, і яна ніколі не супраць, калі нехта жадае дапамагчы з ім.
У мінулым годзе, пасля таго, як пра Людмілу напісалі журналісты, у Мінску знайшоўся прадпрымальнік, які прапанаваў настаўніцы фінансавую дапамогу, і яна надрукавала адразу 100 асобнікаў розных гульняў. У продаж яны не паступалі: свае «настолкі» настаўніца звычайна раздае калегам падчас семінараў і працоўных сустрэч. Апроч таго, іх атрымліваюць і вучні.
«Такім чынам атрымліваецца распаўсюдзіць гэты незвычайны спосаб вывучэння мовы. Школа, дзе я працую, — бюджэтная ўстанова і не можа дапамагчы фінансава. Затое школа ў гэтым сэнсе дае мне пляцоўку, дзе можна гульню распрацаваць і пратэсціраваць на розных узростах. А гэта вельмі важна творчаму чалавеку», — лічыць Людміла.
Есць у Людмілы і грандыёзны праект — гульня «У пошуках скарбаў», якую яна распрацоўвае разам з настаўнікамі з Мінска, Іванава і Бабруйска (агулам у камандзе пяць чалавек). Гульня ўключае ў сябе не толькі пытанні па беларускай мове, але і па літэратуры, мастацтве, экалогіі і гісторыі.
«Гэта брадзілка з рознымі прыгодамі, з беларускімі пачварыкамі, нечаканасцямі, з магчымасцю зарабляць і траціць унутраныя гульнявыя грошы — талеры», — паспавядае Людміла.
Па правілах гульні ўдзельнікі адказваюць на пытанні па прадметах, але час адчасу пачварыкі (ваўкалак, вадзянік, дамавік і лесавік) задаюць гульцам свае незвычайныя пытанні і просяць выканаць заданні. Напрыклад: «Уяві, што ты апынуўся ў XVIII стагоддзі. Раскажы людзям пра электрычнасць. Або пакажы, як жняя жне сярпом і стамілася».
Для гульні была знойдзена мастачка; яна працуе над тым, каб зрабіць з яе сапраўдную казку, кажа Людміла. Менавіта «У пошуках скарбаў» яна хоча давесці не толькі да друку, але і да выдавецтва.
Але праца яшчэ не скончана. Стварыўшы «У пошуках скарбаў», настаўнікі пачалі тэсціраваць яе сярод знаёмых і заўважылі, што падабралі занадта складаныя пытанні. Цяпер гульня праходзіць наступны этап, яе правяраюць на сабе вучні 10 класа, а пытанні часта спрашчаюцца.
Людміла мяркуе, што гульня пабачыць свет не раней, чым праз некалькі месяцаў, а можа, і праз год ці больш. «Усе магло б быць хутчэй, але ў мяне на першым месцы ўсе ж асноўная праца. Гэтая гульня патрабуе часу і выдаткаў, але яна таго каштуе. Таму давяду справу да канца. Рана ці позна. Лепш, канечне, рана», — тлумачыць настаўніца.
Яна высвятляла, ці магчыма будзе распаўсюджваць гульню праз міністэрства адукацыі. Ёй і іншым аўтарам «У пошуках скарбаў» прапанавалі толькі артыкул у профільным часопісе для настаўнікаў. «Але напісаць гэта такое: сёння напісалі — заўтра ўсе забылі. Таму будзем шукаць альтэрнатыўныя спосабы распаўсюду», — кажа настаўніца.
Прасоўваць «У пошуках скарбаў» яна збіраецца праз анлайн-крамы, якія прадаюць «настолкі» і кнігі, а таксама іншымі шляхамі, напрыклад, праз аграсядзібы. На адной аграсядзібе гульня ужо тэсціравалася і, па словах гаспадароў, карысталася попытам.
Як перайсці на беларускую, калі хочацца і страшна?
Калі вы ўсё жыццё размаўлялі на рускай, а зараз хочаце перайсці на беларускую, зрабіць гэта аднамаментна можа быць стрэсова і страшна. У такім выпадку лепш уводзіць беларускія словы ў лексікон паступова, кажа Людміла. Можна пачаць з «вітаю» і «дзякуй». А можна з самых цёплых і ласкавых словаў, якія існуюць у мове, — пяшчотных зваротаў. Прайдзіце міні-тэст, які распрацавала Людміла, і карыстайцеся гэтымі зваротамі, калі будзеце звяртацца да сваіх блізкіх.
Ясачка — да каго так можна звярнуцца?
- Да маленькай дзяўчынкі
- Да хатняй коткі
- Да каханай дзяўчыны (v)
Ясачка — так звяртаюцца да любай дзяўчыны.
А як яшчэ можна звярнуцца да дзяўчыны?
- Котка (v)
- Кашуля
- Лодарка
Котка — гэта таксама пяшчотны зварот да дзяўчыны. Лодарка — гэта гультайка, а кашуля — вопратка.
Што з гэтага — пяшчотны зварот да хлопца?
- Гальнік
- Жэўжык (v)
- Рамізнік
Жэўжык — ласкавы зварот да хлопца, гальнікам жа называюць мятлу, а рамізнікам — фурмана (таго, хто кіруе павозкай).
Што з гэтага — добрае слова ў бок блізкага (часцей дзіця), а не абраза?
Гарэза (v)
Шкарадзь
КнурыкСінонім да слова «гарэза» — балаўнік, і такім словам абразіць складана. А два астатнія словы абразлівыя дакладна. Слова «кнурык» можна перакласці як «блудлівы мужчына», а «шкарадзь» наогул неперакладальная беларуская абраза («шкарадзь мардалысая», паводле лінгвіста і выкладчыка ЕГУ Уладзіслава Іванова).
Якім з гэтых словаў можна назваць каханага хлопца?
- Каўка
- Салоўка (v)
- Князёк
Усе тры словы — назвы птушак. Але з іх выкарыстоўваецца менавіта «салоўка» — птушка, вядомая сваімі спевамі. Птушку князька ж па-руску называюць «лазоревка», а каўку — «галка».