Рускі ПЭН больш не мае дачынення да Міжнароднага ПЭНа

Чалецтва Рускага ПЭНа прыпынена ў Міжнародным ПЭНе. Пра гэта распавяла старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай, якая прысутнічае на 88-м Кангрэсе міжнароднай арганізацыі ў шведскім горадзе Упсала на чале беларускай дэлегацыі.

У Расіі існуе чатыры ПЭНы. «Толькі два з іх — ПЭН Масква і ПЭН Санкт-Пецярбург — выступілі з публічнымі заявамі супраць вайны», — распавядае літаратарка.

Што да іншых, то існуе так званы «ПЭН Папова»: Региональная общественная организация писателей горада Москвы «Русский ПЕН-центр», які ўжо даўно не мае ніякага дачынення да міжнароднай супольнасці ПЭНаў.

«А другі Рускі ПЭН (Российское отделение Международного ПЕН-клуба «Русский ПЕН-центр») пакуль мае, — тлумачыць старшыня беларускага аб’яднання. — Пасля шэрагу скандалаў, выключэнняў і масавых выхадаў пісьменнікаў, якія потым сталі ядром ПЭНа Масквы, гэты Рускі ПЭН аднавіў быў дачыненні і сувязь з Міжнародным ПЭНам, але вайна ўсё ўскрыла: публічная пазіцыя Рускага ПЭНа адносна вайны, Украіны і ўкраінцаў несумяшчальная з Хартыяй і каштоўнасцямі Міжнароднага ПЭНа».

Рашэнне дэлегатаў 88-га Кангрэса прыпыніць чалецтва Рускага ПЭНа ў міжнародным аб’яднанні Таццяна Нядбай пракаментавала так:

«У мяне няма зларадства на гэты конт, але ёсць пэўная радасць ад усведамлення таго, як у межах супольнасці ПЭНаў адбываецца самарэгуляцыя, як супольнасць трымаецца свайго асноўнага дакумента — Хартыі Міжнароднага ПЭНа. Прычым Хартыя дзейнічае ў два бакі: як для асуджэння тых, хто перастае датрымлівацца асноўных прынцыпаў ПЭНа, так і для недапушчэння абагульненняў і ўжывання крытэра «па пашпарце».

Важна дадаць, што Беларускі ПЭН па-ранейшаму з’яўляецца паўнапраўным чальцом міжнароднай арганізацыі. Ліквідацыя Вярхоўным судом Беларусі Беларускага ПЭН-цэнтра ў Беларусі не паўплывала на статус аб’ядання ў Міжнародным ПЭНе.

Таццяна Нядбай ла постара кампаніі «Дванаццаць маўклівых галасоў», арганізаваных Шведскім ПЭНам. Адзін з удзельнікаў кампаніі — Уладзімір Мацкевіч.

У сваёй прадмове падчас адкрыцця Генеральнай Асамблеі ва Упсале Прэзідэнт Міжнароднага ПЭНа Бурхан Сонмез (Burhan Sönmez) згадаў беларускага літаратуразнаўцу і палітзняволенага Аляксандра Фядуту, асуджанага да 10 гадоў зняволення. Філосаф Уладзімір Мацкевіч здолеў даслаць з турмы віншаванне Шведскаму ПЭНу са стагоддзем, якое было зачытана падчас адкрыцця Кангрэса. «Беларусь застаецца часткай павесткі практычна ўсіх камітэтаў Міжнароднага ПЭНа», — падкрэслівае Таццяна Нядбай, пазначаючы, што сёлета Беларускі ПЭН ва Упсале прадстаўлены больш шырокай дэлегацыяй.

Кангрэс Міжнароднага ПЭНа ва Упсале ладзіцца з 27 верасня па 1 кастрычніка. Яго тэма сёлета — «Моц словаў. Будучыя выклікі свабодзе выказвання». Абмеркаванне такіх праблем, як мова ненавісці, лічбавае сачэнне, свабода выказвання і свабода слова ў сітуацыі кліматычных змен, вайны і постканфліктаў — у фокусе ўвагі людзей Слова з усяго свету. Усе падзеі кангрэса трансліруюцца на канале Міжнароднага ПЭН-цэнтра ў Фэйсбуку.

Сёлета ПЭН святкуе 101 год як арганізацыя. Гэтакама Шведскаму ПЭНу споўнілася 100 год.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!