Падвялі вынікі хакатону «Культурны код»

Першы хакатон праектаў для культуры Беларусі «Культурны код» адбываўся 9-11 верасня. Запрашаліся ўдзельнікі з праектамі, у якіх яднаецца культурная дзейнасць з тэхналогіямі, і якія будуць важныя для беларусаў, дзе б яны не знаходзіліся.

Удзельнікі атрымлівалі магчымасць скарыстацца экспертызай запрошаных ментараў і ментарак, сабраць міждысцыплінарную каманду спецыялістаў, пазнаёміцца з ідэямі адмыслоўцаў у актуальнай культуры Беларусі і з сумежных сфер і нарэшце – рэалізаваць тыя ідэі для беларускай культуры, якія патрабуюць тэхналагічных інструментаў.

Арганізатары хакатону – Беларуская Рада культуры і Imaguru Startup HUB Vilnius – падвялі вынікі і назвалі пераможцаў.

На хакатоне было больш за 90 удзельнікаў, больш за 20 ментараў са сферы бізнесу і ІТ і больш за 20 ідэй.

З 16 каманд, што дабраліся да фіналу, 9 атрымалі магчымасць прайсці акселерацыйную праграму, каб дапрацаваць свае праекты. Гэта:

– Агрэгатар віртуальных выставаў з phygital інструментаром: каб рэпрэзентаваць культуру і гісторыю.

– VR-прастора: дазволіць стаць героям беларускіх рытуалаў і пазнаёміцца з міфалагічнымі істотамі.

– Платформа для буккросінгу: каб абменьвацца беларускімі кнігамі ва ўмовах эміграцыі і закрыцця выдавецтваў.

– Праекты для вывучэння беларускай мовы: для малодшых школьнікаў і слоўнік сучаснай гутарковай беларускай мовы.

– Тэлеграм-бот: будзе падказваць беларускую музыку і  папулярызаваць яе.

– Мабільныя дадаткі (гід і навігатар): для аўдыяэкскурсій і квэстаў у розных гарадах і ў падарожжах па Беларусі.

– AR-інструмент: каб вярнуць на вуліцы Беларусі творчасць і свабоду.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!