Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» сёлета адбудзецца анлайн і афлайн

Главное
Слоган і айдэнтыка "Паўночнага ззяння-2022". Фота: facebook.com/northernlightsff.

Каманда кінафэсту на чале з дырэктаркай, прадзюсаркай і рэжысёркай Воляй Чайкоўскай аб’явіла даты і слоган 8-га «Паўночнага ззяння».

Сёлета вядомы беларускі кінафорум пройдзе з 20 па 30 лістапада. І адбудзецца ён анлайн, а гэтаксама і афлайн — у Вільні, Таліне ды Стакгольме.

«Наш слоган і айдэнтыка ў гэтым годзе пра адно: пра дом, якога не хапае, пра дом, які мы носім з сабой, пра дом, у які мы абавязкова вернемся, — адзначае каманда ў сацсетках фэсту. — Ужо які год #northernlightsff паказвае новае і вартае ўвагі паўночнае, балтыйскае ды беларускае кіно, і трэці год мы не маем магчымасці рабіць наш кінафестываль на радзіме — у Беларусі, у менскім кінатэатры «Мір». Але нягледзячы ні на што, сёлета, як і раней, мы падрыхтавалі для вас яскравую кінапраграму і займальныя івэнты Індустрыйнай платформы, дзе будзем гутарыць пра кіно і жыццё».

Фестываль працягне гаварыць на тэмы, важныя для беларусаў і беларусак, праз фільмы і дыскусіі, — абяцаюць стваральнікі «Паўночнага ззяння». Значна пашыранай плануецца і праграма беларускага кіно.

У новым маніфесце кінападзеі яе заснавальніца Воля Чайкоўская падкрэслівае:

«Якраз таму, што адчуванне дому і ўнутранай бяспекі хочацца захаваць, якраз таму, што павінна быць у жыцці штосьці нязменнае і надзейнае, мы працягваем праводзіць фестываль «Паўночнае ззянне». Таму што гэта такі наш дом на колах, міні-бус, які мы ўжо неяк абжылі, абставілі вінтажнай мэбляй і посудам з мумікамі ды транспартавалі ў геаграфічна больш бяспечнае месца. Спадзяёмся, часова.[…]

Мы пастаянна ў руху па дарозе дадому. Доўгая дарога дадому. Імбрычак, галавешка, шуфлядка, сланечнік, шыпшына, вейкі, ложак, зэдлік, завіруха, лістапад. Жыццё — гэта спрадвечная дарога дадому, шлях да сябе, да сваёй ідэнтычнасці, шлях душы. Гэта дарога для смелых. Дарога — гэта мы. У дарозе — як дома».

Сэнсы і вобразы «Паўночнага ззяння-2022» у адну візуальную канцэпцыю аб’яднала дызайнерка flower7color.

Сачыць за навінамі кінафэсту можна тут.

Нагадаем, што ў прыярытэце фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» — кіно з актуальнай грамадскай і экалагічнай павесткай, што не адмаўляе і яго глядацкага патэнцыялу. Ігравое, дакументальнае, ды нават анімацыя, — незалежна ад віду, яно імкнецца размаўляць на няпростыя тэмы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: