У беларускай медыяпрасторы абмяркоўваецца навіна пра тое, што ва ўкраінскай школьнай праграме застаўся толькі адзін беларускі твор. Гэта верш Сяргея Законнікава «Беражы сябе, Украіна», прадугледжаны для дадатковага чытання ў старэйшых класах.
Асабліва хваравіта ўспрымаецца знікненне з праграмы «Альпійскай балады» Васіля Быкава (раней рэкамендаванага для дадатковага чытання), бо пісьменнік быў не толькі непрымірымым апанентам Лукашэнкі, але і актыўна выступаў супраць расійскага імперыялізму, успрымаючы саюз Беларусі з Расіяй як нацыянальную катастрофу.
«Альпійская балада» была патрактавана як твор савецкі і заменена на больш сучасных аўтараў, якія разглядаюць вайну вачыма дзяцей – творы Джона Бойна «Хлопчык у паласатай піжаме», а таксама «Дзіця Ноя» Эрыка-Эмануэля Шміта.
Чаму ж так адбылося?
Перагляд і абнаўленне зместу навучальных праграм – гэта адказ на выклікі, звязаныя з расійскай агрэсіяй, і адбываюцца гэтыя ўдакладненні ў межах рэформы Міністэрства адукацыі і навукі «Новая ўкраінская школа», што распачалася ажно ў 2018 годзе. Яе мэты – укараніць у навучальны працэс сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, наблізіць адукацыю да рэальных патрэб вучняў, выхаваць крытычнае мысленне і адказную грамадзянскую пазіцыю. Аднак ва ўмовах вайны паўсталі зусім іншыя задачы, напрыклад, з’явілася паняцце «псіхалагічнай і фізічнай траўмаў украінскіх дзяцей у выніку ваенных дзеянняў» (у тым ліку па гэтай прычыне прыбралі Быкава і паставілі «Хлопчыка ў паласатай піжаме»), узмацнілася разуменне «важнасці развіцця культурных сувязей Украіны з цывілізаванымі краінамі». Таму праграма замежнай літаратуры трансфармавалася ў бок замены рускіх аўтараў літаратарамі з «цывілізаваных краін». Пакінулі толькі тых рускамоўных літаратараў, чыё жыццё і творчасць былі цесна звязаны з Украінай – Гогаля, Караленкі (па выбары настаўніка), твор Булгакава «Сабачае сэрца» (па выбары вучняў і настаўніка). У спісе твораў для дадатковага чытання пакінута для выбару настаўнікам творы Ільфа і Пятрова («12 крэслаў») і А. Кузняцова («Бабін Яр»). Таксама прызнана мэтазгодным пакінуць вывучэнне твораў крымска-татарскага пісьменніка Г. Халілава.
З нагоды апублікаваных змен у праграме Міністэрства адукацыі Украіны ў беларускай прагрэсіўнай супольнасці могуць з’явіцца (і з’явіліся) тры пытанні: «Ці правільнае гэта рашэнне?», «Ці павінны мы на нечым настойваць, пакуль ідзе вайна?», «Як выпраўляць гэтую сітуацыю ў будучым?».
Што тычыцца першага пытання: самі ўкраінцы наракаюць, што праграма сырая, з нагоды ўключаных у яе аўтараў актыўна вядуцца дыскусіі.
Па другім пытанні: у дадзены момант ідзе вайна, у якой Беларусь прызнаная суагрэсарам, таму ёсць вялікія сумненні, што нас захочуць паслухаць.
Дарэчы, культурны менеджар Сяргей Будкін напісаў пост пад назвай «Украіна адмовілася ад Быкава і Купалы» і спытаў, якая пазіцыя падаецца больш слушнай: 1. Не спыняцца, рабіць надалей падыходы, каб захаваць тое станоўчае, што звязвае беларусаў і ўкраінцаў. 2. Засяродзіць сваю энергію на іншых справах. Украінцы самі разбяруцца, як называць свае вуліцы і каго чытаць. На дадзены момант галасаванне сабрала каля 200 адказаў, з якіх каля 90 працэнтаў – за пункт 2. У абмеркаванне прыйшла і ўкраінка, якая катэгарычна параіла беларусам засяродзіцца на гэтым другім пункце.
Што тычыцца трэцяга пытання: «Як выправіць гэтую сітуацыю ў будучым?», то яно падаецца самым слушным і вартым увагі. Вярнуць узаемны давер — гэта самае складанае, бо для ўзнаўлення трывалых суседскіх стасункаў павінен адбывацца рух з абодвух бакоў. Мы вельмі мала ведаем адно пра аднаго, а таму адно аднаго і не разумеем.
Па сутнасці, мы паглыблена вывучаем культуру толькі аднаго суседа – усходняга. У беларускай школьнай праграме адсутнічае такі прадмет, як замежная літаратура. Ёсць толькі беларуская, а замет замежнай – руская. І пакуль гэта посткаланіяльная гісторыя не завершыцца, ніякага ўзаемаразумення з суседзямі не адбудзецца. І гэта тычыцца, безумоўна, не толькі літаратуры.
Хоць трэба аддаць належнае, што ў праграме беларускай літаратуры вывучаецца творчасць Тараса Шаўчэнкі – у тым ліку і праз яго ўплывы на беларускіх аўтараў.
А вось тыя, хто ведаюць нашых літаратараў, маюць дастаткова аргументаў, каб палічыць іх вартымі хоць бы для азнаямлення. Так, украінскі паэт, перакладчык і дыпламат Сяргей Баршчэўскі патлумачыў, чаму з праграмы не трэба выключаць беларусаў:
«Беларуская літаратура, у адрозненне ад рускай, ніколі не была літаратурай метраполіі. Як і ўкраінская, яна – з усімі сваімі плюсамі і мінусамі — была літаратурай калоніі, літаратурай народа, заняволенага спачатку царскай, а затым савецкай імперыяй. Беларуская мова і літаратура ніколі не замахваліся на суверэнітэт іншых моў і літаратур, ніколі не спрабавалі іх выцесніць. Наадварот, пакаленні беларускіх пісьменнікаў, як і пісьменнікаў украінскіх, імкнуліся захаваць родную мову, не даць яму растварыцца ў тым «славянскім», а на самай справе рускамоўным моры, патануць у якім заклікаў іншыя народы Пушкін.
У нашых навучальных праграмах беларускіх аўтараў няшмат, затое якія! Як дыпламат, я некалькі гадоў як працаваў у Мінску, чытаю на беларускай, перакладаю беларускіх паэтаў і неяк, задоўга да вайны, надрукаваў у «Літаратурнай Украіне» вялікую падборку беларускай апазіцыйнай паэзіі, абраўшы ў якасці назвы радок аднаго з аўтараў «Расію ў сэрца пушчу толькі ў выглядзе кулі». Думаю, тыя, хто адстойваюць ідэю выдалення з праграм беларускіх пісьменнікаў, на самай справе дрэнна ведаюць іх ці і не ведаюць зусім…
…Выключыць іх з праграм было б у лепшым выпадку глупствам, у горшым – правакацыяй. Абодва варыянты парадавалі б Лукашэнку і яго маскоўскіх куратараў».
У той час, калі ўкраінскі цягнік з захлёстам зрушвае ў бок «цывілізаванага свету», мы захраслі ў імперскім балоце.
Подпишитесь на наш телеграм-канал «Reform.by :: Лонгриды»
***
Мнения и оценки автора могут не совпадать с мнением редакции Reform.by.