«Беларусь хранічна становіцца краінаю-донарам мігрантаў»: чаму «Культурны маршрут Францыска Скарыны» варта ўключыць у праграму Савета Еўропы

Сёння, у дзень 505-годдзя беларускага кнігадруку, Reform.by згадвае першадрукара і яго вандроўкі.

Прайсціся ўздоўж Дунаю шляхамі салдат Рымскай імперыі ці вікінгаў са Скандынавіі, павандраваць па слядах каталіцкіх пілігрымаў ці даследаваць пратэстанцкую, яўрэйскую ці мусульманскую традыцыю, прайсціся дарогай Моцарта ці віннай дарогай, вывучаючы пры гэтым аб’екты прыроды і культуры… Ідэя арганізацыі маршрутаў культурнай спадчыны Савета Еўропы (Cultural Routes of the Council of Europe) паўстала ў 1987 годзе. Задума была ў тым, каб з дапамогай падарожжаў у прасторы і часе прапагандаваць еўрапейскую культурную ідэнтычнасць як адзінае цэлае.

Скарынава кніга «Апостал» захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта. Фота: skaryna.eu.

Тры гады таму ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні ўзнікла ідэя распрацаваць «Культурны шлях Францыска Скарыны», каб закласці магчымасць падарожжа на аснове мадэлі культурных шляхоў Еўропы. Мэта была паказаць, як перагукваецца ўнёсак Францыска Скарыны са спадчынаю розных краін і культур.

Reform.by пагутарыў з чалавекам, улучаным у маркіроўку «Культурнага шляху Францыска Скарыны», прафесарам ЕГУ Аляксандрам Калбаскам.

– Праект «Культурны шлях Францыска Скарыны» з’явіўся ў сацсетках не так даўно. Якая мэта ў яго, як паўстала ідэя?

– У 2022-м будзе 500 гадоў, як Скарына выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку». Таму мы з універсітэцкімі калегамі яшчэ тры гады таму задумаліся, як адзначыць гэтую падзею.

Прыняўшы да ўвагі тое, якім «еўрапейскім валацугам» зрабіла Скарыну жыццё, падумалі, а што калі нам распачаць працу па навуковым забеспячэнні культурнага шляху першадрукара. А пасля перадаць нашы напрацоўкі на рэгістрацыю ў Інстытут культурных шляхоў Еўразвязу, які знаходзіцца ў Люксембургу. Да таго ж мелі за плячыма досвед пешага пераадолення 350 кіламетраў на адным з найцікавейшых шляхоў Еўропы – святога Якуба, які вядзе да Сант’яга-дэ Кампастэла.

Віленскі універсітэт. Фота: skaryna.eu.

І распачалі.

Атрымалі падтрымку літоўскага Міністэрства замежных спраў, зрабілі сайт.

Таксама мы плануем размясціць ва ўнутраным дворыку Віленскага кампуса ЕГУ памятны знак Скарыну, каб зафіксаваць такім чынам падзею юбілейнага году. Чакайце абвестак, бо адкрыццё «на носе».

У 2021 годзе адбылася тыднёвая экспедыцыя ад Полацка да Вільні. У 2022 пераадолелі шлях ад Вільні да Кракава.

Дом Бургамістра Якуба Бабіча. Вільня. Лічыцца, што на гэтым месцы да пажару 1530 года была друкарня Скарыны. Дапамагаў у арганізацыі друкарні Якуб Бабіч, бургамістр Вільні. Фота:skaryna.eu.

– Збіраючыся ў такую дарогу, што мяркуеце адшукаць?

Кнігі Скарыны — у спецсховах, асабістых рэчаў не маем, а дзе знаходзіцца яго магіла – таксама невядома.

Таму мы фіксуем краявіды і гістарычныя аб’екты, што нейкім чынам, наўпрост ці ўскосна, звязаныя са Скарынам – гістарычныя будынкі, музеі, унівэрсітэты, храмы.

Фотаздымкі з вандровак размяшчаем на нашым сайце. Там можна ўбачыць, якія аб’екты будуць пазначаць гэты культурны маршрут.

­– Якія адкрыцці ўжо ёсць у праекта?

– Калі не зважаць на маляўнічыя краявіды Беларусі, Літвы і Польшчы, то галоўны цуд, які нам адкрыўся, гэта незвычайныя людзі.

Гэта беларускамоўныя святары на паўночным захадзе Беларусі, якія захоўваюць лучнасць вернікаў з Віленшчынай. Ада Райчонак з Германавіч Шаркаўшчынскага раёна — стваральніца дзяржаўнага мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Дразовіча і грамадскага Літаратурна-мастацкага музея імя Міхася Райчонка.

Кракаўскі ўніверсітэт. Фота:skaryna.eu.

Ядвіга Лукашык і Вадзім Гліннік – стваральнікі і рухавікі Лынтупскага культурнага цэнтра «Культыватар» у Пастаўскім раёне.

Калегі-музейшчыкі з Полацка Тамара Джумантаева і Славіна Гаўрылава з музея кнігадрукавання.

Апантаны краязнаўца, кіраўнік школьнага музея старажытнай кнігі і друку з Мёраў Вітаўт Ермалёнак.

Захавальніца Віленскага ўніверсітэта Іна Кажура, што мае магчымасць дэманстраваць цікаўным рарытэтную «Біблію» Францыска Скарыны.

Былы прафесар Кракаўскага і Венецыянскага ўніверсітэтаў, дзейсны супрацоўнік Супрасльскай акадэміі Аляксандар Навумаў – даследчык і папулярызатар італьянскага перыяду ў жыцці Францыска Скарыны. Уразіла, як ён, знаходзячыся ў іншым горадзе, дыстанцыйна адчыніў нам дзверы ўласных апартаментаў у Супраслі, каб мы змаглі адпачыць пасля доўгай дарогі. А потым дачакаўся нас у Бельску-Падляскім, што знаходзіцца на Ягелонскім шляху, распавёў некалькі цікавостак пра Скарыну венецыянскага перыяду, пра спецыфіку захавання гістарычнай спадчыны ў Польшчы.

Музей кнігадрукавання ў Супраслі. Фота: skaryna.eu.

У сям’і беларускага пісьменніка, прафесара Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры Сяргея Кавалёва паразмаўлялі пра паэзію Скарынаўскіх часоў і беларускую тэатральную Скарыніяну.

Супрацоўнік Літоўскага інстытута мовазнаўства прафесар Сяргей Цемчын мае вялізны збор Скарыніяны, ён дазволіў на яго падставе зладзіць кніжную выставу для студэнтаў і выкладчыкаў ЕГУ. Вось хто не дае і не дасць згаснуць Скарынавай спадчыне. І гэта толькі вяршыня айсберга!

У пачатку 1990-х пра Скарыну гаварылася з пафасам і шмат, асабліва ў школьных падручніках. Сёння Скарына на маргінэзе афіцыйнага дыскурсу, гэтак жа як яго вуліца вынесена на ўскраек сталіцы. Зразумела, што так будзе не заўсёды… Таму наступнае пытанне – як актуалізаваць сёння гэту постаць?

– Пачнем з таго, што сваю «Малую падарожную кніжку» Скарына зрабіў як адмысловую камп’ютарную прыладу вандроўніка ў мабільным тэлефоне.

Таксама Скарына можа стаць для нас добрым прыкладам (але не ўзорам) з прычыны таго, што Беларусь хранічна становіцца краінаю-донарам мігрантаў. Пакінуўшы хату ў пошуках якаснай адукацыі, ён як мог шукаў прымяненне набытым ведам далёка за межамі роднага краю і ў ім непасрэдна. Вена і Прага, Каралевец (Кёнігсберг) і Капенгаген, Падуя. Зноўку Вільня. І зноўку Прага. Калі ж паглядзець на Францыска Скарыну вачыма сучасніка, то вось ён ­– эталон беларуса-патрыёта: не скардзіцца на навакольны свет, на неспрыяльныя варункі, не крытыкуе рэчаіснасць, чакаючы больш зручнага моманту.

Францыск Скарына «Малая падарожная кніга». Каля 1522. Кніга набытая «Белгазпрамбанкам» у калекцыю «Арт-Беларусь» у 2016 годзе. Фота: artbelarus.by.

Перамагаючы судовыя, грашовыя і асабістыя выклікі, мігруе па Еўропе, аднак робіць сваё.

Рэальна ўсведамляў сябе ў прасторы і часе. Гэта наколькі трэба быць упэўненым у важкасці сваёй працы, каб не пасаромецца двойчы на старонках Бібліі размясціць уласны партрэт! Не зважаючы на тое, што тыпова беларускае нараканне «а што іншыя людзі скажуць?» далёка не сёння нарадзілася.

Сачыць за праектам можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!