Праглядаючы навіны арт-свету, рэгулярна натыкаешся на скандалы, звязаныя з дзейнасцю арт-інстытуцый. Чым больш прэстыжная, знакавая ўстанова, тым большыя разгараюцца спрэчкі.
Reform.by паспрабаваў параўнаць арт-скандалы розных краін, тое, як яны вырашаюцца ў залежнасці ад палітычных сістэм, і прасачыць іх прычыны.
Мастацтва vs паліткарэктнасць
За гэтай вельмі паказальнай гісторыяй мастацкі свет назіраў цягам некалькіх месяцаў, а яе развязка адбылася літаральна на мінулым тыдні.
У студзені 2022-га ў блогу «Саюза супраць антысемітызму» з’явіўся ананімны каментар з крытыкай куратараў міжнароднага фэсту сучаснага мастацтва documenta.
Іх абвінавацілі ў тым, што яны запрасілі да ўдзелу мастакоў, якія падтрымліваюць культурны байкот Ізраіля.
Куратары (гэтым годам быў выбраны калектыў інданезійскіх мастакоў Ruangrupa) і кіраўніцтва documenta адкінулі гэтыя абвінавачанні, спаслаўшыся на свабоду мастацкага выказвання. Іх падтрымалі члены назіральнай рады documenta і міністр ФРГ па пытаннях культуры і СМІ Клаўдзія Рот.
Тут варта адзначыць, што гэта гісторыя закруцілася вакол фэсту з асаблівым бэкграундам: documenta была створана ў ФРГ у 1955 годзе з выразна ідэалагічнымі мэтамі – аднавіць парушаную традыцыю авангардысцкіх выстаў у Германіі, перапыненую ў 1937 годзе нацыстамі, якія зладзілі выкрывальную «выставу дэгенератыўнага мастацтва».
Сёння documenta – вядучы форум сучаснага мастацтва ў Еўропе, дзе выяўляюцца і легалізуюцца самыя актуальныя трэнды і падымаюцца вострыя палітычныя пытанні.
Documenta 15 адкрылася 18 чэрвеня 2022 года, яна прысвечана калектыўным практыкам. Праз некалькі дзён пасля адкрыцця роспіс, які ўтрымліваў даволі абразлівыя выявы яўрэяў (падобная да салдата фігура ў выглядзе свінні, апранутая ў шалік з зоркай Давіда і шлем з надпісам «Масад», мужчына з косамі, ікламі і налітымі крывёю вачыма, а таксама ў чорным капелюшы са знакамі адрознення СС) быў дэмантаваны. Іх аўтары, члены групы Taring Padi, зрабілі заяву, у якой патлумачылі, што праца стваралася ў знак пратэсту супраць карумпаваных чыноўнікаў і не меркавала антысемітызму, назваўшы свой твор «жалобным помнікам немагчымасці дыялогу».
У сваім выступленні на адкрыцці documenta федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер даў сваё разуменне межаў мастацтва. «Свабода творчасці – важная апора дэмакратычнага грамадства, але яна мае і свае абмежаванні, – заявіў Штайнмаер. — Мастацтва можа быць абразлівым, яно павінна выклікаць спрэчкі… Але там, дзе крытыка Ізраілю ператвараецца ў сумнеў у яго існаванні, пераступаецца чырвоная рыса».
Назіральная рада мяркуе правесці далейшае расследаванне, яна папрасіла адборачную камісію documenta 15 склікаць групу экспертаў па «сучасным антысемітызме, нямецкім і глабальным кантэксце, посткаланіялізме, а таксама мастацтве», якія будуць разглядаць працы, прапанаваныя для выставы, і ўказваць на выпадкі антысемітызму. Але ў выніку гэтага канфлікту дырэктар documenta Сабіна Шорман на гэтым тыдні пакінула сваю пасаду.
Звальненне стала адзіна магчымым варыянтам зняць нарастаючы антысеміцкі скандал і вярнуць страчаны давер да прэстыжнага міжнароднага фэсту.
У самым пачатку канфлікту Шорман абараняла спрэчны твор пад назвай «Народнае правасуддзе», нягледзячы на міжнародны пратэст, заявіўшы, што мастацкія кіраўнікі выставы вольныя курыраваць выставу паводле свайго меркавання.
Фальшыўкі і подкупы экспертаў
Аарон дэ Грофт страціў працу дырэктара і галоўнага выканаўчага дырэктара Музея мастацтваў Арланда ў Фларыдзе праз некалькі дзён пасля таго, як ФБР канфіскавала выстаўленыя ў музеі 25 карцін, што прыпісваліся Жану-Мішэлю Баскіа.
Праўдзівасць нібыта малавядомых работ Баскіа на выставе «Героі і монстры» амаль адразу была пастаўлена пад сумнеў мастацкай супольнасцю. Напрыклад, на кардоне, на якім была намаляваная адна з работ, быў шрыфт FedEx. Эксперты адзначылі, што гэты шрыфт быў створаны толькі ў 1994 годзе – праз шэсць гадоў пасля смерці мастака. «Мы запусцілі афіцыйны працэс для вырашэння гэтых пытанняў, бо яны несумяшчальныя з каштоўнасцямі гэтай установы, нашымі дзелавымі стандартамі і нашымі стандартамі паводзін», – гаворыцца ў заяве старшыні праўлення музея. У выніку рада папячыцеляў вырашыла звольніць з пасады дырэктара музея Аарона дэ Грофта. Варта яшчэ дадаць, што эксперты, нанятыя для гэтай выставы, былі падкупленыя і пазней шантажаваліся.
Наступны, яшчэ больш уражальны выпадак адбыўся ў Славеніі, дзе дырэктар Нацыянальнага музея Славеніі Павел Кар падаў у адстаўку з-за адмены выставы, на якой работы знакамітых аўтараў – Маціса, Пікаса, Шагала – аказаліся падробкамі. На выставе «Падарожжы» павінна была быць прадстаўлена група работ мастакоў ХХ стагоддзя, якая належыць славенскай сям’і Балькавац.
За некалькі гадзін да запланаванага адкрыцця выставы дырэктар дзяржаўнага музея Павел Кар абвясціў, што яна адмяняецца – пасля таго, як некалькі мастацтвазнаўцаў выказалі сумневы ў сапраўднасці калекцыі, убачыўшы каталог выставы. Дырэктар музея заявіў, што асабіста правяраў сертыфікаты сапраўднасці твораў, аднак прызнаў, што можна было зрабіць больш для ўсталявання арыгінальнасці палотнаў, вывучыўшы так званы каталог-рэзоне, куды ўключаюцца ўсе вядомыя творы пэўнага мастака.
Журналісты, якія апісвалі гэты інцыдэнт у заходняй прэсе, заўважылі, што кіраўнік гэтай інстытуцыі не меў адпаведнага вопыту працы.
Як зварыць жабку? Польскі рэцэпт
У тэстах, прызначаных вызначыць вашы палітычныя погляды, можна сустрэць наступнае пытанне: «Ці павінна абстрактнае мастацтва, якое нічога не прадстаўляе, лічыцца мастацтвам?». Мяркуецца, што гэта пытанне павінна падзяліць людзей на «правых» і «левых». Адпаведна, людзі правых поглядаў будуць насцярожана ставіцца да абстракцыі і да найноўшага мастацтва. І гэта тое, што адбываецца сёння ў Польшчы, выклікаючы крызіс мастацкіх інстытуцый з-за шматлікіх звальненняў іх кіраўнікоў.
У Польшчы, як і ў многіх іншых краінах ЕС, прызначэнні ў дзяржаўныя мастацкія ўстановы часта адбываюцца чыноўнікамі дзяржаўных структур, што робіць музеі ўразлівымі падчас змены культурнай палітыкі.
Так, зусім нядаўна на замену дырэктара Музея мастацтваў у Лодзі Яраслава Сухана быў выбраны Анджэй Бернацкі, намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.
«Я не пазбаўлюся канцэптуальнага мастацтва, якое было набыта для калекцыі і цяпер выстаўлена на агляд, – паведаміў новы дырэктар. — Аднак я маю намер разнастаіць прапанову, прадставіўшы новыя наратывы. Ніхто не казаў, што вам трэба мець справу толькі з праэкалагічным, гендэрным ці квірмастацтвам, якое прасоўвае заходнія культурныя ўстановы».
Дыскусія, якая распачалася ў прэсе і сацсетках, красамоўна завяршылася абвінавачаннямі ўладаў у разбурэнні сусветна вядомай арганізацыі.
Малгажата Людвісяк, дырэктар варшаўскага Цэнтра сучаснага мастацтва «Замак Уяздоўскі», была звольненая аналагічным чынам у 2019 годзе. Яе замяніў Пётр Бернатовіч, і з таго часу музей стаў месцам пратэстаў з-за нямэтавага выкарыстання сродкаў.
«У галіне мастацтва і культуры серыя новых прызначэнняў дырэктарамі найбольш вядомых музеяў за апошнія тры гады адбываецца з пагрозлівай хуткасцю, што паказвае на крах дзяржаўных мастацкіх устаноў, які набліжаецца», — напісала куратарка і мастацтвазнаўца Магдалена Маскалевіч.
У мінулым годзе была звольнена Ганна Урублеўска, якая выконвала абавязкі дырэктара варшаўскай Нацыянальнай мастацкай галерэі Zachęta, знакавага музея сучаснага мастацтва ў Польшчы. Януш Яноўскі, які замяніў яе, – мастак выразна кансерватыўных поглядаў, які не мае досведу працы ў буйной установе.
Найбольш красамоўна адрэагавала Анда Ротэнберг, дырэктарка галерэі Zachęta ў 1990-я гады, на новую спробу памяняць кіраўніка гэтай установы: «Ёсць такая сімвалічная фраза «варыць жабу». Вы ведаеце, як варыць жабу? Яе кладуць у халодную ваду і вельмі павольна гэтую ваду падаграюць. Усё адбываецца незаўважна. Так і тут: чалавек не ведае, калі рэагаваць. І раптам, калі ім [уладзе — заўвага Reform.by] здавалася, што яны ўсё могуць, а гэтая ўлада зрабіла ўжо шмат крокаў, забраўшы Цэнтр сучаснага мастацтва, Цэнтр польскай скульптуры і іншае, мастацкая супольнасць адназначна адрэагавала на спробу памяняць дырэктара. Яны сказалі: не! І цяпер мы знаходзімся ў такім пункце, дзе адбываецца барацьба. Вядома, хутчэй за ўсё, мы яе прайграем, але будзе зразумелым, што культурнае асяроддзе Польшчы мае сваю пазіцыю, і гэта рэальнасць. Я не ведаю, што будуць рабіць мастакі, мастацтвазнаўцы, аднак наступіў момант, калі прыйшло разуменне, што вада ўсё ж гарачая».
На гэтым фоне навіна, якую падае часопіс Szum, з’яўляецца вельмі пазітыўнай: «Нявызначаная сітуацыя ў галерэі «Лабірынт» у Любліне мае шанц неўзабаве стабілізавацца. Мы ўжо ведаем вынікі другога конкурсу на пасаду дырэктара – паводле інфармацыі, распаўсюджанай у сацыяльных сетках, перамог Вальдэмар Татарчук, былы дырэктар галерэі, які ў другі раз далучыўся да конкурсу. На дадзены момант ён яшчэ чакае рашэння прэзідэнта горада, які павінен прыняць вынік конкурсу». Вальдэмар Татарчук быў звольнены з пасады дырэктара у 2021, ён кіраваў галерэяй каля дзесяці гадоў. Зараз ён мае ўсе шанцы вярнуцца на пасаду.
***
Якія высновы можна зрабіць з гэтага art review?
Для плённага развіцця культуры цалкам нармальна, калі кіраўнікі ўстаноў сыходзяць з-за ўласнай непрафесійнасці, відавочна падсудных дзеянняў ці нават з-за непазбежных канфліктаў паліткарэктнасці, а не таму, што паказваюць «не тое» мастацтва.
Чаму мы не напісалі пра Беларусь? Таму што тое, што адбываецца тут, складана вызначыць тэрмінам «скандал» – у мастака (якога за твор садзяць у турму), арт-інстытуцыі (дырэктара якой мяняюць без тлумачэння прычын), гледача (інтарэсы якога не бяруцца пад увагу) адабралі права выказваць сваё меркаванне. Усё гэта не скандалы, а гвалт. І ціхія шэпты постфактум.
За права зладзіць дзейны скандал яшчэ трэба пазмагацца.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by в Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: