«Агратрэш прабіраецца ўжо ў самыя аддаленыя куточкі»: мастачка Маша Мароз — пра стан беларускай культуры, дажыначны вайб і ўласны праект Past Perfect

Калі хтосьці думае, што беларуская традыцыйная культура ўжо ператварылася ў музей, — зазірніце ва акаўнт Past Perfect  Машы Мароз. Беларуская мастачка, дызайнерка і этнографка адмыслова ставарыла платформу, на якой можна адкрыць свет беларускай традыцыі і культуры з сучаснага гледзішча.

Фотаздымкі з архіваў простых людзей і даследчыкаў, фота з уласных экспедыцый у вёскі, дакументацыя беларускіх рэчаў і адзення — здаецца, у праекце ўсё проста ды… не зусім. Маша Мароз знаёміць сучасніка з тым, што сышло, але мінулае прысутнічае ў цяперашнім у выглядзе пэўных знакаў. Past Perfect робіць адметным погляд стваральніцы, якая адзначае непаўторнасць і прыгажосць нашай спадчыны: ад беларускіх традыцыйных строяў — да прыдарожных крыжоў. Праект Машы Мароз — гэта акаўнт стылю, які пераконвае ў невычэрпнай сіле і вялікасці беларускай культуры.

Так што з таго самага «здзейсненага мінулага» можна адшукаць у сучасным жыцці? Якія трансфармацыі зведвае беларуская традыцыйная культура? Дзе можна сустрэць непаўторныя прыдарожныя крыжы? І што зараз адбываецца з беларусамі?

Reform.by пагутарыў з мастачкай і даследчыцай, аўтаркай праектаў «Доўгая дарога дадому», «Смага: акумуляцыя жадання» Машай Мароз, якая зараз жыве на дзве краіны — Грузію і Беларусь.

Маша Мароз. Фота: Ira Jigilo.

«Да гэтага ўсё ішло»

Маша, што падштурхнула цябе стварыць акаўнт пра беларускую традыцыйную культуру?

— Для мяне Past Perfect — частка майго жыцця і даследавання. Азіраючыся, магу сказаць, што да яго стварэння ўсё ішло само сабой. Я была пагружаная ў тэму беларускай культуры, гісторыі, этнаграфіі з самага дзяцінства. Сама я родам з Брэста, але мае бацькі, бабулі, дзядулі — з Палесся. Шмат часу я правяла ў Пінскім раёне. Ды ўсё сваё жыццё я глядзела, шукала, слухала, падарожнічала па Беларусі. У пэўны момант пачаўся этап самастойных экспедыцый, потым — праекты па даследаванні традыцый, іх асэнсаванне. І ў пэўны момант у 2018 годзе лагічным для мяне крокам стала стварэнне нечага кшталту куратарскага архіву.

То-бок ты адчула ў гэтым патрэбу?

— Так. У мяне да таго часу ўжо шмат назапасілася, так бы мовіць, нагледжанага, спасцігнутага. Тое, што мне раскрытае датычна Палесся — гэта ўнікальныя ў пэўным сэнсе матэрыялы. Але галоўным штуршком было жаданне і неабходнасць падзяляць радасць памятаць і ведаць з людзьмі. Бо мне часта даводзілася бачыць, што беларусы не ўсведамляюць шэрагу істотных рэчаў пра саміх сабе. Вось сваімі высілкамі я вырашыла хоць трошкі гэта выпраўляць. Мне падумался, што мой архіў будзе адмысловым чынам фарміраваць кірунак, тое бачанне, якое дапаможа беларусам паглядзець на сябе іншымі вачыма.

«Усяго патроху»

Як фарміруецца твой праект? Я заўважыла, што ў цябе ва акаўнце шмат фотаздымкаў з розных альбомаў. Што з’яўляецца тваімі крыніцамі?

— У першую чаргу, я звяртаюся да разнастайных этнаграфічных и навуковых выданняў па тэме. Гэта адна з крыніцаў.

Потым даследую розныя анлайн-архівы музеяў і ўстаноў.

Часта цікавыя матэрыялы трапляюцца ў профільных суполках, якія праглядаю.

Па-чацвёртае, гэта, вядома, праца з прыватнымі архівамі. Падчас экпедыцый — бывае так — людзі паказаюць мне свае сямейныя альбомы. Для мяне гэта гонар.

А таксама часам штосьці знаходжу ў закінутых хатах.

Такім чынам, усяго патроху, у тым ліку, фатаграфіі і відэа з уласных экспедыцый.

На што хацелася б звярнуць увагу — так званы інфармацыйны дызайн. Гэта вельмі важны аспект у інтэграцыі этнаграфічнай, гістарычнай спадчыны ў прастору паўсядзённасці, і ў нас з гэтым дагэтуль вялікая праблема. Без адпаведнай падачы зачапіць далёкага ад тэмы чалавека складана. А калі гэтага няма — папулярызацыя беларускай культуры моцна прасядае.

З праекта Машы Мароз Past Perfect. Фота прадастаўлены аўтаркай.

«Гэта традыцыя — абсалютна жывая»

Маша, ведаю, што адзін з тваіх доўгатэрміновых праектаў прысвечаны традыцыі ўшанавання прыдарожнага крыжа. Распавядзі пра гэты праект, калі ласка. Як даўно ты яго вядзеш?

— Так, над ім я працую ўжо больш за чатыры гады. Сутнасць праекта простая — езджу ў адмысловыя экспедыцыі па Беларусі і фатаграфую прыдарожныя абракальныя крыжы.

Не магу тут не ўзгадаць вядомага этнографа Міхася Раманюка, які напісаў манаграфію «Беларускія народныя крыжы». Ці ў твайго праекта і даследавання спадара Міхася ёсць пэўная сувязь?

— Міхась Раманюк — гэта постаць, на якую я арыентуюся ў шматлікіх сэнсах. Ён для мяне — проста суперчалавек, дзякуючы якому захавалася столькі інфармацыі пра беларускую культуру. А ягоная манаграфія «Беларускія народныя крыжы» — лічы, мая настольная кніга, якую я проста абажаю. (Нават зараз я забрала яе з сабой у Грузію, хоць і ведаю ледзь не на памяць). На жаль, мне не давялося сустрэцца са спадаром Міхасём, але я мела радасць гутарыць з ягоным сынам — Дзянісам Раманюком, і вельмі цаню тое, што ён мне распавёў пра працу бацькі. Так што я бы сказала, што ў мяне са спадаром Міхасём, напэўна, духоўная сувязь (усміхаецца).

Для многіх людзей прыдарожныя крыжы — гэта не зусім невядомая з’ява, але, мяркую, што далёка не ўсе ведаюць, з якой старажытнасці паходзіць гэта традыцыя. Ці можаш распавесці, калі ласка, што цябе прываблівае ў гэтым даследаванні? Ці жывая, на тваю думку, зараз традыцыя?

— Абсалютна жывая. І што мяне прываблівае асабіста — гэта традыцыя спалучае ў сябе моцнае перакрыжаванне хрысціянства і паганства. Нават незразумела — чаго тут болей. Дагэтуль для людзей крыжы служаць абаронай, спосабам камунікаваць з вышэйшымі сіламі. Перад кожным Вялікаднем група з вяскоўцаў, ці хтосьці адзін пераапранае прыдарожны крыж у адноўлены святочны вобраз. Насамрэч, гэты аб’ект мяжуе паміж хрысціянскай рэліквіяй і паганскім ідалам. Мяне акурат і цікавіць даследаванне гэтай мяжы, часта вельмі размытай, і розныя адценні сэнсаў, якія ўкладаюць людзі.

Наколькі розныя гэтыя адценні сэнсаў людзі могуць укладваць?

— Напрыклад, у Заходняй Беларусі, Камянецкі раён, — там свая спецыфіка. Больш трывала адчуваецца ўплыў каталіцкай царквы, у нечым блізкасць Польшчы. А вось побач з украінскаю мяжою, у Гомельскай вобласці, у Тонежы — ужо зусім іншая традыцыя, дзе крыж літаральна пераапрануты ў жаночы вобраз. Павіты апатрапеямі, ён ужо цалкам антпрапамофорная постаць. Гэта выглядае вельмі містычна — бо па вялікім рахунку, ад хрысціянскай традыцыі тут ужо нічога не засталося.

— Так, звычайна мы бачым больш звычайны вобраз крыжа — абвязанага рушніком.

— Я бы сказала, што на сённяшні дзень цалкам павіты крыж — гэта ўзор, які, сапраўды, сустракаецца на Беларусі зусім-зусім рэдка. Але, дарэчы, абапіраючыся на матэрыялы з кнігі спадара Міхася Раманюка, у Гомельскай вобласці, бліжэй таксама да ўкраінскай мяжы (зараз гэта зона адчужэння) яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму сустракаліся крыжы амаль пірамідальнага сілуэту. Яны набывалі такія абрысы праз велізарную колькасць апатрапейных тканінаў. Дзяніс Раманюк распавядаў пра адну экспедыцыю, у якую ён падлеткам ездзіў разам з бацькам, дзяліўся тым, якое ўражанне аказалі яны на яго. Ашаламляльнае! Калі людзі звярталіся да крыжоў па дапамогу, яны павязвалі на іх рушнік, ці фартушок, ці пояс, ці якую стужку. Іх не прынята было здымаць, і за гады іх рабілася так шмат, што аб’ёмы і сілуэт крыжа прынцыповым чынам змяняліся.

Але, на вялікі жаль, такія крыжы — гэта ўжо страчаная спадчына. Традыцыя ў такой праяве сышла разам з носьбітамі. Манера ўпрыгожання крыжоў трансфармуецца пад уплывам часу. І таму важна гэта фіксаваць. Мне хочацца хутчэй скончыць сваё даследаванне. Я спадзяюся па ягоных выніках зрабіць кнігу.

«Крыж на краі зямлі»

Маша, ці давялося табе ў час экспедыцый сустракацца з тымі людзьмі, хто ставяць крыжы? Хто зараз гэта робіць?

— Я магу распавесці адну неверагодную гісторыю на гэты конт. У мяне быў досвед у мінулым годзе — мы паехалі з бацькам у Маларыцкі раён і трапілі ў амаль закінутую вёску. Там нікога ўжо не засталося, акрамя аднога сталага паўхворага мужчыны. І гэты адзіны жыхар вёскі паставіў пры ўездзе вялізны трохметровы прыдарожны крыж. На свае ўласныя грошы. Сам. І паставіў побач з крыжом лавы і столік — што не вельмі распаўсюджана — нібы запрашэнне для людзей, якія будуць праязджаюць міма, спыніцца.

Неверагодна!

— Так! Гэта даказвае, што архаіка жывая не толькі ў галовах даследчыкаў, але і звычайныя людзі — са свайго разумення і адчування — захоўваюць і бароняць сваю культуру. Нягледзячы на тое, што вёска зараз памірае, і людзям насамрэч там жыць не так проста і нават цяжка, яны робяць усё, што ў іх сілах. І я бачу ў іх дзеяннях вялікую надзею.

Як называецца гэта вёска?

— Стары Двор. Вёска досыць глухая, каб даехаць да яе, трэба як след «пратрэсціся» па прасёлачных дарогах. Але я да гэтай пары памятаю тую карціну. Прастор, спёка, дарога, пыл, лес удалечыні — і сіні вялізны крыж! У моманце склалася ўражанне, што гэты крыж стаіць на краі зямлі. Фантастычна!

Спадзяюся, што, можа, хтосьці прачытае інтэрв’ю і выправіцца да гэтага крыжа і самотнага вяскоўцы.

— Было б цудоўна, канечне.

Увогуле мой досвед экпедыцый сведчыць пра тое, што ў людзей у глыбінцы ёсць вялікая патрэба дзяліцца сваімі ведамі. Вяскоўцы сустракаюць спачатку з недаверам, але літаральна праз некалькі фраз, словаў ужо вядуць цябе ў хату і шчыра распавядаюць пра сваё жыццё. Частуюць, спяваюць. Я бачу як людзі, асабліва палешукі, любяць свае лясы, ваду, вёскі — гэта вельмі кранае мяне і натхняе.

Фота з праекта Машы Мароз Past Perfect. Прадастаўлена аўтаркай.

Нават нядаўна недалёка ад Тонежа мы заехалі ў вёску Іванаўская Слабада. Нас сустрэла мясцовая жанчына. Спачатку недаверліва, але з цікавасцю, але калі даведалася, хто мы і што, хуценька пабегла (у прамым сэнсе) за сваёй дачкой. І папрасіла яе спець для нас. Гэта было і смешна, і міла, і адначасова вельмі кранальна і псіхадэлічна. Жанчына ўсё сваё жыццё пражыла ў гэтай вёсцы, у ёй няма мабільнага тэлефона, няма хатняга, яна, лічы, адарваная ад вялікага свету. І пры гэтым — столькі радасці, дабрыні, цеплыні. Гэта сустрэча, якую немагчыма забыць.

«У выніку — дажыначны вайб»

У асноўным ты даследуеш Палессе?

— Гістарычна так склалася, што я працую больш з ім. І магу дадаць, што гэта рэгіён унікальны не толькі для Беларусі, а для ўсёй Еўропы, нават усяго свету. Гэта некранутая тэрыторыя ў многіх сэнсах.

Але ёй штосьці пагражае?

— Канечне, як і ўсёй беларускай традыцыйнай культуры (усміхаецца). Забыццё разам з трансфармацыяй пад уплывам агратрэшу. Было глупствам адмаўляць, што гэта не адлюстраванне працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Усё гэта накрывае самыя далёкія куточкі, прабіраецца у самыя глухія месцы. Часам перапляценне архаікі і агратрэшу нараджае наіўнае і нават аўтэнтычнае, але ў асноўным — тугу. Асабліва калі гэта паглынае нематэрыяльны ўзровень — абрады, традыцыі.

Фрагмент экспазіцыі мастацкага праекта Машы Мароз «Доўгая дарога дадому», які быў прадстаўлены ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у 2020 годзе (куратар — Дзіна Даніловіч). У сваёй рабоце мастачка ставіць пытанні пра тое, ува што пераўтвараецца архаічная і аўтэнтычная беларуская традыцыйная культура за апошнія гады. Фота прадастаўлена аўтаркай.

Напрыклад?

— Да прыкладу, у гэтым годзе я нарэшце трапіла на ўнікальны абрад «Конікі» ў Давыд-Гарадку. Гэта проста фантастычная гісторыя! На Стары Новы год, На Шчодры вечар людзі калядуюць на чале з Конікам. У каляднай групе ёсць шмат традыцыйных персанажаў: Дзед, Баба, Мядзведзь, Воўк, Чорт, Смерць, Цыган і іншыя, але ўзначальвае групу Вершнік на кані. Дык вось, на свяце я нагледзелася рознага, момантамі і дух дзесьці захапіла.

У дрэнным сэнсе?

— На агромністы жаль, так. Людзі апранаюцца ў асноўным у тое, што лёгка знайсці. Большасць — у сучасныя маскі кітайскага паходжання, касцюмы снягурак, ўсё блішчыць і ззяе… Аўтэнтычных касцюмаў амаль няма. Літаральна некалькі персанажаў. З аднаго боку, проста шыкоўна, што традыцыя — жывая, і людзі ўсё робяць вельмі шчыра, з энергіяй, задорам! Яны спыняюць аўто на дарогах, пяюць песні, жартуюць. Атмасфера ўражвае, я ніколі з такім не сутыкалася. З іншага боку, калі б на муніцыпальным узроўні быў крыху іншы падыход да арганізацыі, можна было б вывесці Конікаў на абсалютна іншы эстэтычны ўзровень. Калі звяртацца ў працы над касцюмамі да больш натуральных матэрыялаў, якія ёсць пад рукой, абапірацца больш на архаіку, можна ўсё зрабіць вельмі густоўна і адначасова самавыявіцца. Ёсць цудоўны прыклад Маланкі ўва Украіне. Літаральна трошкі дапамогі з кірункам бачання — і выгляд свята быў бы зусім іншы. На маю думку, «Конікі» — маглі б лёгка стаць увогуле міжнароднаю падзеяй — гэта гатовы еўрапейскі фестываль. Але агратрэш забівае цікавы складнік з’явы — і ў выніку гучаць ноткі дажыначнага вайбу.

Што ты маеш на ўвазе?

— Руская папса на цэнтральнай плошчы, гандлёвыя палаткі з усімі штучкамі-дручкамі… Доўгія прамовы чыноўнікаў на пачатку святкавання, бліскучая мішура, перавага паўсавецкіх Дзедаў Марозаў над конікамі.. Дарэчы, наконт Дажынак. Я зараз параўнала і гэтаксама схапілася: Дажынкі, насамрэч, прыгожая старажытная традыцыя. Але па ўзроўні святкавання, па тым, як яно ладзіцца — Дажынкі заселі дзесьці паміж шапіто і міністэрствам. Хоць гэта магло б быць зусім іначай.

Маша, зараз я адкажу ў духу недаверлівых скептыкаў : «Вось, а што вы асабіста прапаноўваеце?» Што б ты прапанавала б зрабіць, каб захаваць тое, што засталося, ды ўключыць традыцыйную культуру ў сучасны кантэкст?

— Па-першае, гэта праца з інфармацыяй. Наша дзяржава павінна быць галоўнаю абаронцаю і натхняльніцаю для людзей, правадніком любові да саміх сябе.

Павінны ў першую чаргу змяніцца галоўны дыскурс, але пакуль, на жаль, гэта немагчыма ўявіць.

Па-другое, у мяне ёсць вялікая мара, што калі-небудзь пашчасціць стаць часткай стварэння буйнога этнаграфічнага музея ў Беларусі. У нас да гэтай пары няма ўстановы адпаведнага статусу, узроўню, памеру, дзе б наша архаічная традыцыйная культура была б прадстаўлена так, як належыць. Ува ўсю моц, у поўным аб’ёме. Я ведаю колькі ўнікальнай інфармацыі захоўваецца ў раскіданых па ўсёй краіне музейных фондах, але ў людзей няма да яе доступу. Пры тым, што традыцыйная культура транслюе тое, што жыццёва важна для нацыі, яна, лічы, слуп калектыўнай ідэнтычнасці, — у нас няма вялікай этнаграфічнай музейнай установы. Як так?

Святкаванне «Конікаў» у Давыд-Гарадку. Фота прадастаўлена аўтаркай.

Патрэбна іншая камунікацыя паміж дзяржавай і вёскай. Каб людзі, напрыклад, ведалі, куды можна аднесці старую тканую посцілку ды абмяняць яе на новую коўдру, напрыклад. А не выкарыстоўваць патэнцыйны музейны экспанат, унікальны узор ткацтва, у хляве для патрэбаў свінняў. Многае можна было б захаваць.

Часам увогуле думаеш, як да гэтай пары яшчэ штосьці захавалася.

— Усё толькі дзякуючы адданым неабыякавым людзям. Глабальна ў дзяржаве нармальнай падтрымкі культуры няма. Але ёсць асобныя сполахі ініцыятываў, жаданняў, намераў, якія сплятаюцца ў вялікае сеціва. І яно пакуль трымае і бароніць. Часам гэта праца асобных людзей, зусім нябачная, але калі б не іх высілкі, у тым ліку тых, хто працуе ў рэгіянальных музеях, бібліятэках, усё было б значна горш.

«Мы зараз перажываем абсалютна гістарычны момант»

Маша, зараз мы закранулі важную тэму, але хочацца павернуць яе трошкі іншым чынам. Ты казала толькі вось пра сполахі жаданняў і намераў. А як з гэтымі высілкамі, на тваю думку, справа ў горадзе? Апошнім часам з’явілася столькі кампаній, гарадскіх ініцыятываў, якія папулярызуюць беларускую спадчыну. Сёння, праўда, ужо за тое, што носіш «вышымайку», можна прысесці, аднак як ты ацэньваеш сам рух?

— Як рух — вельмі станоўча. Я адчуваю вялікую радасць, што людзі звяртаюцца да такіх тэмаў.

Але з іншага боку, скажу шчыра як мастачка і этнографка, — вельмі мала прыкладаў годнай працы з матэрыялам, з этнаграфічнай спадчынай. Для мяне вельмі важна, каб форма і змест супадалі, але гэта рэдка здараецца. Калі штосьці па тэме раскрываецца павярхоўна ці падаецца плоска ўва ўсіх сэнсах, я не магу ўспрымаць гэта. Хоць, паўтаруся, што як з’яву гэтыя спробы вельмі вітаю.

З праекта Машы Мароз «Доўгая дарога дадому». У сваёй рабоце мастачка ставіць пытанні пра тое, ува што пераўтвараецца архаічная і аўтэнтычная беларуская традыцыйная культура за апошнія гады. Фота прадастаўлена аўтаркай.

Як можа палепшыць якасць рэчаў?

— Працаваць над сваёй нагледжанасцю, адукаванасцю, пачуццём прыгожага. Я вельмі спадзяюся, што маё крытычнае бачанне не паўплывае на тых людзей, якія ставяцца да сваёй справы са ўсёй душой — упэўнена, што такіх нямала.

Не магу не ўзгадаць той паварот да сваёй культуры, якія здарыўся ў беларусаў пасля 2020 года. Беларусы здзейснілі проста круты скачок у сваёй самаідэнтыфікацыі — пачалі чытаць, слухаць, глядзець сваё, цаніць гэта. Ды і зараз — пасля ўварвання Расіі ва Украіну — многія паварочаюцца да беларускай мовы, пачынаюць размаўляць на ёй. Як ты ацэньваеш гэтыя працэсы? Ты верыш у тое, што гэта — доўгатэрміновыя рэчы?

— Абсалютна. І больш за тое — стаўлюся да гэтых працэсаў як да вельмі важнага гістарычнага моманту. Не магу назваць сябе вялікаю аптымісткаю, але тое, што я бачу зараз, мяне вельмі натхняе і надае сілаў.

Столькі стагоддзяў знішчалася наша памяць, ідэнтычнасць, знішчаліся нематэрыяльная спадчына і людзі фізічна — адзін 1937 год — гэта проста жах для нацыі! І ўсё гэта не прыпыняецца. Але беларускі народ выжыў, захаваў сябе, і я ўпэўненая, што беларусы будуць далей толькі расці ў сваёй самасвядомасці. Ні перманентная русіфікацыя, ні рэпрэсіі, гэтыя працэсы не замарудзяць.

Наадварот — мне падаецца, што ціск выклікае толькі супрацьлеглую рэакцыю.

Інсталяцыя Машы Мароз «Смага: акумуляцыя жадання». Інсталяцыя з’яўлялася адным з мастацкіх выказванняў на выставе «Калі сонца нізка — цені доўгія» ў Галерэі «Арсенал» у Беластоку (куратар выставы Ганна Карпенка). Photo: Jan Szewchyk.

Увогуле, з майго пункту гледжання, беларусы зараз праходзяць нейкі завяршальны этап фарміравання нацыі. Мне складана ўявіць, калі яшчэ гэты працэс адбываўся з такой канцэнтраванай энергіяй. Мы зараз перажываем унікальны момант.

Дарэчы, твая апошняя праца як мастачкі, я так разумею, у пэўным сэнсе прысвечана гэтаму працэсу?

— Апошнім падзеям, якія з намі адбыліся.

У сваім праекце я звяртаюся да палескага абраду «Ваджэнне куста». У інсталяцыі фіксуецца той момант у абрадавым працэсе, калі сувязь прасторы і часу змененая — і невядома, ці завершыцца абрад, як варта, што можа прывесці да непрадказальных сацыяльных наступстваў.

Нагадаю, што «куста» — гэта лексема, што азначае род, групу прадметаў, сям’ю, і атаясамлівае сувязь з продкамі, з іх сілай і энергіяй плёну.

Інсталяцыя Машы Мароз «Смага: акумуляцыя жадання». Інсталяцыя з’яўлялася адным з мастацкіх выказванняў на выставе «Калі сонца нізка — цені доўгія» ў Галерэі «Арсенал» у Беластоку (куратар выставы Ганна Карпенка). Photo: Jan Szewchyk.

Падпісацца на акаўнт Машы Мароз Past Perfect можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

Последние новости