Belarus must go on — так гучыць сёлета слоган да глабальнага дня беларускай культуры, акцыі, з’ініцыяванавай Беларускай Радай культуры яшчэ летась.
Нагадаем, што свята прапануецца адзначаць 7 ліпеня — у гэты дзень нарадзіліся Янка Купала, Марк Шагал, Ян Чачот, ды гэтаксама беларусы святкуюць Купалле. У мінулым годзе акцыя Беларускай Рады культуры з аднаго Дня пашырылася да фармату Тыдня, сёлета ж яна, вяртаючыся да слогану, ахопіць два месяцы — ліпень і жнівень.
— Абставіны апошніх гадоў раскідалі нас па ўсім свеце, — з нагоды будучай дзеі ў адмысловым відэазвароце звярнуўся да беларусаў выканаўчы дырэктар Беларускай Рады культуры Аляксандр Чахоўскі. — І хтосьці скажа, што гэта наша траўма. Так, але гэта і наша магчымасць таксама. Сёння беларусы жывуць паўсюль, а значыць — і Беларусь жыве! Таксама жыве і сапраўдная беларуская культура. Як бы па-рознаму мы не праяўлялі сябе ў жыццці і творчасці, усе мы — амбасадары і паўнамоцныя паслы новай культуры. Бо культура — гэта не толькі музыка, карціны ці песні, культура — гэта лад жыцця і мыслення, мова, на якой чалавек размаўляе са светам.
Аляксандр Чахоўскі заклікаў беларусаў, дзе б яны не былі, ладзіць культурніцкія імпрэзы і распавядаць пра іх. Адмыслова да свята будзе створана электронная мапа культурніцкіх падзей, куды можна будзе дадаць свае мерапрыемства.
«Новая Беларусь — наш супольны арт-праект», — запрасіў далучацца да новага формату святкаванняў Аляксандр Чахоўскі.
Летась Міжнародны тыдзень беларускай культуры ладзіўся ў шматлікіх гарадах свету, злучыўшы беларусаў ад Літвы да Бразіліі.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: