Ігар Бабкоў, Славамір Серакоўскі, Гінтаўтас Мажэйкіс, Таццяна Шчытцова: PRADMOVA стартавала ў Вільні

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA сёння распачаў сваю чацвёртую эдыцыю — у Вільні. Коратка адметнасць праграмы фэсту, які пройдзе 25-26 чэрвеня ў сталіцы Літвы ў прасторы Imaguru (Vytenio g.,18), можна акрэсліць так: філасофія — у топе.

Так, літаральна праз гадзіну наведвальнікаў форуму чакае лекцыя вядомага літоўскага філосафа і даследчыка Гінтаўтаса Мажэйкіса «На руінах постсавецкага свету: крызіс усходнееўрапейскіх ідэнтычнасцяў».

Наступны івэнт — рэдактарка, прафесарка ЕГУ Таццяна Шчытцова прэзентуе новы нумар часопіса «Topos» — яго тэма «Пераадольваючы аўтарытарызм».

Своеасаблівай кульмінацыяй дня можна лічыць круглы стол «Інтэлектуальныя выданні і медыя і іх уплыў на нацыянальную культуру» з удзелам рэдактара «Krytyka Polityczna» Славаміра Серакоўскага, рэдактара інтэрнет-часопіса «Абдзіраловіч» і «Фрагменты» Ігара Бабкова, рэдактаркі філасофска-культуралагічнага часопіса «Topos» Таццяны Шчытцовай, з удзелам рэдактара «Osteuropa» Фолькера Вайкзэля.

Але Дзень гэтаксама не абыдзецца без Ночы. Гаворка — пра «Ноч паэзіі», у якой прымуць удзел Андрэй Бастунец, Сабіна Брыло, Марус Бурокас, Гінтарас Граяускас, Югася Каляда, Віка Трэнас, Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў.

Музычны выступ Сяргея Башлыкевіча завершыць праграму фэсту 25 чэрвеня.

Старт заўтрашняй PRADMOVA дасць лекцыя беларускай даследчыцы кіно Вольгі Раманавай з цікаўнай тэмай «Дзікае паляванне караля Стаха» на экране: канфлікт інтэрпрэтацый».

Працягне інтэлектуальны форум прэзентацыя выданняў ЕГУ: зборніка «CTRL+S: Еўрапейская спадчына» і навуковага часопіса яўрэйскіх даследаванняў «Цайтшрыфт». Мадэраваць прэзентацыю будзе гісторык і культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка.

Беларускі пісьменнік Сяргей Календа распавядзе пра стварэнне і працу над часопісамі «Макулатура» і «Мінкульт»: час прэзентацыі — другая палова дня.

Наступны івэнт — дыскусію пра постаць Францыска Скарыны ў літоўскім і беларускім культурных канонах — «Друкарня, якая заўжды с табой» — будзе весці беларускі гісторык мастацтва, культуролаг Сяргей Харэўскі.

І вечар PRADMOVA — гэта сустрэча-гутарка з Віктарам Шандаровічам (анлайн), якую зменіць цырымонія ўручэння Прэміі імя Францішка Багушэвіча – 2021.

Завершыць фестываль музычны выступ спявачкі LEAR.

На PRADMOVA ў Вільні таксама будзе працаваць кніжны кірмаш, дзе можна будзе набыць кнігі беларускіх аўтараў і выдавецтваў.

Нагадаем, што сёлета фестываль інтэлектуальнай кнігі ладзіцца ў чатырох гарадах: Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Ён сабраў больш за сто гасцей — як беларускіх літаратараў, філосафаў, даследчыкаў, так і замежных.

Сачыць за падзеямі фестывалю можна ў наўпроставым эфіры — арганізатары зладзілі прамую трансляцыю ў cваім фейсбуку.

Уваход на ўсе мерапрыемствы PRADMOVA вольны.

Падрабязней дазнацца пра праграму фэсту можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!