Другі год запар міжнародны фестываль «Месяц фатаграфіі ў Мінску» будзе праводзіцца не ў Беларусі, а ў Польшчы – у межах Lodz fotofestiwal. Сёння, 10 чэрвеня, з выставай, якая мае назву «Дом, які не існуе», вядомая ініцыятыва Андрэя Лянкевіча стартуе на пляцоўцы OFF Piotrkowska.
Куратаркай сёлетняй экспазіцыі выступіла беларуская даследчыца візуальных мастацтваў Сафія Садоўская. У размове з Reform.by яна пракаментавала выбар тэмы фэсту.
— Тэма лётала ў паветры ды арганічна праявілася і ў работах мастакоў, і ў жыцці кожнага, абсалютна кожнага з удзельнікаў праекта, — зазначыла даследчыца. — Мы адчуваем адрыў ад дому літаральна – многія з’ехалі і не могуць вярнуцца. А тыя, хто засталіся, могуць месяцамі не бачыць сваіх блізкіх па розных прычынах. Важным аказаўся і той момант, што страту пачуцця дому адчуваюць і людзі, якія працягваюць жыць у Беларусі. І дома ты ўжо не дома.
Беспрытульнасць прадзімае ў размовах і працах. Мы хацелі зафіксаваць гэты момант, — падсумоўвае куратарка, — паказаць яго вачыма аўтараў, якія засталіся на радзіме і якія з’ехалі.
Паводле меркавання дырэктара фестывалю Андрэя Лянкевіча, важная мэта «Месяца…» – падтрымліваць тых, хто жыве ў Беларусі, бо многія іх праекты не могуць быць там паказаны. І ў гэтым – унёсак мастацкай супольнасці беларусаў, якая знаходзяцца за межамі краіны.
У выставе заяўлены працы беларускіх фатографаў: Яўгена Атцецкага, Пашы Крычко, Святланы Станкевіч, Машы Мароз, Ірыны Арахоўскай, Ягора Войнава, Евы Яроў.
Фестываль у фестывалі будзе працаваць да 26 чэрвеня.
Міжнародны фотафорум «Месяц фатаграфіі ў Мінску» ладзіцца ў Беларусі з 2014 года. Створаны групай энтузіястаў на чале з фатографам і арт-менеджарам Андрэем Лянкевічам, фестываль мае на мэце ўзмацненне статусу беларускай фатаграфіі ў рэгіёне і свеце ды пашырэнне разумення фатаграфічнага медыума ды фатаграфічнай культуры. З-за палітычнай сітуацыі ў краіне MFM у 2021 годзе быў вымушаны пераехаць у Польшчу, дзе працягвае сваю місію.
Падрабязней аб праграме фэсту можна даведацца тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: