Reform.by атрымаў ад сваіх чытачоў копію даноса ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на працу Міністэрства культуры ў напрамку аднаўлення архітэктурных помнікаў і ў цэлым на ведамства, у якім «вялікая колькасць нацыяналістаў».
Аўтаркай даноса, які, магчыма, у іншых абставінах можна было б назваць смешным ды наіўным, з’яўляецца «выкладчыца гісторыі на пенсіі» спадарыня Нэла Г. (Зварот, адзначым, быў напісаны на рускай мове).
Жанчына піша, што даўно вывучае «пытанне аднаўлення помнікаў архітэктуры ў нашай краіне». Яна заўважыла, што Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на працягу ўжо многіх гадоў аднаўляе архітэктуру заходніх рэгіёнаў краіны, «дзе быў моцны ўплыў Заходняй Еўропы». А вось праваслаўныя храмы, помнікі архітэктуры ХІХ-ХХ стагоддзяў застаюцца па-за ўвагай ведамства. Спадарыня Нэла Г. падкрэслівае: «І вельмі мала [Міністэрства культуры] піша, гаворыць і думае пра помнікі [ХІХ-ХХ стагоддзя], калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі«.
Далей жанчына пераходзіць, уласна, на саму структуру, у якой, на яе погляд, «заўжды было шмат супрацоўнікаў з заходніх абласцей». «У час падзей 2020 года, пасля выбараў, гэта міністэрства дало вялікую колькасць нацыяналістаў, прыхільнікаў Польшчы», — з веданнем справы піша выкладчыца гісторыі. З гэтай прычыны спадарыня Нэла акурат і прапануе кантралюючым органам праверыць колькасць помнікаў архітэктуры, якія будуць рэстаўравацца, аднаўляюцца, на прадмет іх прыналежнасці «да архітэктуры Захаду і каталіцтва».
Прычым праверыць жанчына прапануе не толькі будучую працу ведамства, а і ўжо зробленую — за апошнія пяць гадоў. «Куды сыходзілі фінансавыя сродкі на рэстаўрацыю? на якія помнікі? — цікавіцца спадарыня Нэла Г. — А то я адкрываю інтэрнэт, а там на кожным кроку 10 найвядомейшых помнікаў Беларусі. 9 з 10 звязаныя з заходняй культурай і каталіцтвам», — непакоіцца пенсіянерка.
Цікава, што Адміністрацыя Прэзідэнта ў адказ на данос жанчыны накіравала запыт у Міністэрства культуры па агучаных у лісце пытаннях. Не ведаем, якія словы знойдзе ведамства наконт «колькасці нацыяналістаў» у яго сценах, а вось па рэстаўрацыйных працах яно пачало збор інфармацыі ў абласных і гарадскіх выканкамах і падпарадкаваных інстанцыях. У прыватнасці, Міністэрства культуры накіравала лісты ў выканкамы з просьбай даць спіс аб’ектаў, «рамонтна-рэстаўрацыйныя працы на якіх выконваліся за кошт сродкаў з рэспубліканскага бюджэта і фонда Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва».
У хуткім часе спадарыня Нэла, мяркуем, будзе валодаць унікальнымі звесткамі па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры ў Беларусі за апошнія пяць гадоў, якія марыў бы мець, мо, кожны даследчык гісторыка-культурнай спадчыны.
Але сама практыка даносаў і рэакцыя на іх сістэмы дае не толькі падставы для жартаў.
У дадзеным выпадку можна выказаць згадку, што з такім падыходам «неабыякавых» грамадзян у Год гістарычнай памяці ад існага, мяркуем, цалкам мізэрнага бюджэту на аднаўленчыя і рэстаўрацыйныя працы па аб’ектах спадчыны застануцца рожкі ды ножкі. Ці тыя нешматлікія сродкі будуць перанакіраваны на іншыя аб’екты, якім варта быць, па меркаванні спадарыні Нэлы, у дзясятцы найвядомейшых помнікаў Беларусі.
Ды ўвогуле, калі помнікі архітэктуры папракаюцца ў «моцным уплыве Заходняй Еўропы», ды дзяржструктуры ўспрымаюць гэтыя словы ўсур’ёз?! Што казаць — дадаць да гэтага абсурду няма чаго.