Вядомы ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў уступіў у шэрагі тэрытарыяльнай абароны Кіева літаральна ў першыя дні вайны. Сёння ён знаходзіцца пад сталіцай Украіны ў складзе падраздзялення, якое зараз выступае на перадавой ды мусіць перашкодзіць расійскім войскам прарвацца ў Кіеў.
«Ужо некалькі дзён я знаходжуся на перадавой, куды наша падраздзяленне перакінулі на ўзмацненне напрамку, дзе вораг пастаянна спрабуе прарвацца да Кіева, — напісаў творца ў сваіх сацсетках. — Х**ачаць па нас моцна, але наша арта [артылерыя — Refrom.by] б’е яшчэ мацней і дакладней. Навучыўся будаваць бліндаж і жыць у акопе, засвоіў кулямёт і гранатамёт, стаў аператарам NLAW, чакаючы сустрэчы з ардынскім танкам.
Беражыце сябе! Слава Украіне і яе абаронцам! Перамога будзе за намі!».
Нагадаем, што ўвесну 2014 года пасля анексіі Крыма Расійскай Федэрацыяй Алег Сянцоў быў затрыманы расійскімі праваахоўнымі органамі па падазрэнні ў тэрарызме. Ён быў вымушаны правесці ў расійскай калоніі строгага рэжыму пяць гадоў, абвінавачаны ў тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Крыма. Пратэстуючы супраць сфабрыкаванага абвінавачання, здзекаў Алег Сянцоў трымаў у турме бестэрміновую галадоўку. Ён быў вызвалены ў 2019 годзе і вярнуўся ва Украіну.
Апошні фільм рэжысёра і сцэнарыста — «Насарог» — быў паказаны ў конкурснай праграме Венецыянскага кінафестываля-2021. Украінская кінатэатральная прэм’ера была запланавана на 24 лютага 2022 года.
З пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Алег Сянцоў заклікае міжнародную кінасупольнасць байкатаваць расійскі кінематограф.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: