Украінскі рэжысёр родам з беларускіх Баранавічаў Сяргей Лазніца ўчора рэзка раскрытыкаваў заяву Еўрапейскай кінакадэміі, якую кінаінстытут апублікаваў 26 лютага ў падтрымку Украіны, піша Screendaily.com. Заява European Film Academy (EFA) пачынался са слоў: «Уварванне ва Украіну нас моцна турбуе».
Аўтар стужак «У тумане», «Кроткая», «Шчасце маё», «Данбас», «Дзяржаўнае пахаванне», «Працэс», «Бабій яр. Кантэкст» быў абураны «ганебным» тэкстам, які стварыла Еўрапейская акадэмія на чале з яе дырэктарам, празюсарам і куратарам кінапраграм Матэйсам Ваўтэр Кнолам.
«Калі вясной 2014 года Алег Сянцоў быў арыштаваны, вы звярнуліся да расійскіх уладаў з просьбай «уважліва і сумленна разглядзець гэтую справу», — цытуе адкрыты ліст Сяргея Лазніцы Screendaily.com.
Ці магчыма, што пасля 8 гадоў вайны вы ўсё яшчэ застаецеся сляпымі і працягваеце мармытаць нейкую лухту пра тое, што «штодзённы рост напружанасці ўплывае на жыццё і здароўе, маральны дух і творчую працу рэжысёраў».
У сваім звароце вы заяўляеце, што сярод вашых чальцоў 61 украінец. Ну, а на сёння іх усяго 60 чалавек. Мне не трэба, каб вы «былі напагатове і заставаліся са мной на сувязі», вялікі дзякуй!
Вам лепш «заставацца на сувязі» са сваім сумленнем.
Вось ужо чатыры дні запар расійская армія спусташае ўкраінскія гарады і вёскі, забівае ўкраінскіх грамадзян. Няўжо вы – гуманісты, абаронцы правоў і годнасці, абаронцы свабоды і дэмакратыі – баіцеся назваць вайну вайной, асудзіць варварства і выказаць свой пратэст?
Сёння, 28 лютага 2022 года, можна не сумнявацца ў адным: Еўрапейская кінаакадэмія была створана ў 1989 годзе для таго, каб хаваць галаву ў пясок і ўхіляцца ад катастрофы, якая адбываецца ў Еўропе», — палымяна выказаўся рэжысёр.
Адказу Еўрапейскай кінаакадэміі на пазіцыю Сяргея Лазніцы за гэты час так і не было.
Раней сусветнавядомы кінематаграфіст выказаўся ў сваіх сацсетках:
«Развязаная Расіяй вайна супраць Украіны — самагубны і шалёны акт, які непазбежна прывядзе да краху злачыннага расійскага рэжыму. Увесь свет стаў сведкам Бітвы Дабра са Злом, Праўды з Хлуснёй, бітвы біблейскага маштабу. Перамога будзе за Украінай!»