«Купала. 12 адкрыццяў» — так называецца цыкл сустрэч, якія будзе ладзіць Музей Янкі Купалы з супрацоўнікамі ўстановы на працягу юбілейнага года народнага паэта Беларусі.
Сёння ў Музеі на першую сустрэчу запрашае галоўны захавальнік фондаў установы Надзея Саевіч.
— Як ніхто іншы [Надзея Саевіч] ведае Янку Купалу з першакрыніц, бо зберагае яго аўтографы, фотаздымкі і асабістыя рэчы – самыя каштоўныя фондавыя калекцыі, — запрашаюць на мерапрыемства музейшчыкі. — Падчас сустрэчы вы ўбачыце рукапісы і прыжыццёвыя выданні Янкі Купалы, унікальныя прадметы гардэроба паэта, пачуеце гісторыю і таямніцы самых цікавых музейных каштоўнасцей.
Сустрэчы будуць праходзіць у апошні чацвер кожнага месяца, і як анансуюць падзею ў сацсетках установы, «на працягу 12 месяцаў мы будзем распавядаць пра цікавыя старонкі з жыцця Янкі Купалы, разам з гасцямі наноў адкрываць паэтычны геній паэта, дзяліцца гісторыямі з жыцця музея».
Гэтаксама Музей вывесіў анонс будучых мерапрыемстваў Купалаўскага года.
Так, установай рыхтуюцца новыя выставачныя праекты:
Плануюцца конкурсы, адмысловыя праграмы да Міжнароднага дня роднай мовы, Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў».
Кульмінацыяй святкаванняў мусяць стаць Купалаўскія дні ў чэрвені і ліпені.
— У Купалавай творчасці злучаліся найлепшыя здабыткі народнай паэзіі і еўрапейская літаратурная традыцыя. Янка Купала стаў выразнікам беларускага духу, яго слова аддана служыла адраджэнню Бацькаўшчыны. Сёння яно жыве ў нашай мове і ў нашых сэрцах, — запрашаюць далучацца да святкавання юбілею паэта супрацоўнікі музея.