Вядомая дакументальная карціна «Кураж» («Смеласць») пра пратэсны жнівень 2020-га афіцыйна кваліфікавана на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар» у намінацыі «Лепшы дакументальны фільм». Навіну пра вылучэнне стужкі беларуска-нямецкай вытворчасці на сусветнавядомую ўзнагароду пацвердзіў Reform.by рэжысёр карціны Аляксей Палуян.
З часу сваёй яскравай прэм’еры на Берлінскім кінафестывалі ў 2021 годзе дакументальны эпас з блізкай дыстанцыі беларуса Аляксея Палуяна «Кураж» прагучаў на шматлікіх міжнародных кінафорумах і атрымаў пракат у больш як пяці краінах свету.
— Аўстрыя, Польшча, Літва, Германія… У Германіі гэта было 30 гарадоў і 46 кінатэатраў, — удакладняе беларускі рэжысёр. — Зараз фільм ідзе ў пракаце ў Амерыцы: чакаюцца паказы ў Сан-Францыска, Нью-Йорку, Бостане. «Кураж» клічуць у розныя краіны і добра прымаюць.
Удзел у буйных фестывалях, а гэтаксама амерыканскі кінапракат і дазволіў дакументальнай карціне прэтэндаваць на ўдзел у амерыканскай кінапрэміі.
— Калі ў фільма такі добры фестывальны і пракатны лёс, ён можа падавацца не ад краіны, а самастойна на ўзнагароду, — тлумачыць магчымасць траплення ў «оскараўскую гонку» рэжысёр. — На гэтым тыдні я атрымаў пасведчанне, што мы афіцыйна кваліфікаваны ў намінацыі «Лепшы дакументальны фільм». У ёй на перамогу прэтэндуюць 138 стужак, і так, атрымоўваецца, што мы ў доўгім спісе намінантаў на «Оскар».
Для Аляксея Палуяна гэта, нагадаем, ужо другі ўдзел у «оскараўскай» гонцы, — у 2020 годзе яго кароткі метр «Возера радасці» па аднайменным рамане пісьменніка Віктара Марціновіча быў вылучаны на кінапрэмію ў адпаведнай намінацыі. Тады стужка, на жаль, не трапіла ў шорт-ліст.
Сёлета беларускі аўтар вылучае на ўзнагароду дакументальную карціну, якая паспела распавесці пра мужнасць беларусаў ва ўсім свеце. Нагадаем, што ў фільме схоплены ўсплёск беларускага пратэснага руху ў асэнсаванні галоўных герояў — акцёраў Беларускага свабоднага тэатра — Дзяніса Тарасенкі, Паўла Гарадніцкага і Марыны Якубовіч. Мы бачым уздым мірных пратэстаў у час і пасля выбараў 2020 года.
— Так, Courage падарожнічае па фестывалях і дэманструецца ў пракаце ў розных краінах ужо дзевяць месяцаў, — распавядае Аляксей Палуян, які, нагадаем, суправаджае кожны паказ акцыяй у падтрымку беларускіх палітвязняў. — Як рэагуюць на фільм гледачы? Па-рознаму. Напрыклад, нядаўна на Фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме да мяне падышла кітаянка. Яна плакала. «У вас ёсць надзея, а ў нас яе няма. Так шкада, што Кітай не можа пабачыць гэты фільм», — сказала яна. Многіх еўрапейцаў, якія думаюць, што разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, гэта фільм «астуджае», яны пачынаюць па-іншаму глядзець на нас. Увогуле, для многіх стужка становіцца адкрыццём Беларусі і беларускага характару. Пераадолець свой страх і выйсці на вуліцу, каб адстаяць сваю годнасць — гэта ўсё кажа пра характар беларусаў. Я часта чую такія водгукі.
— Дарэчы, наконт рэакцыі суайчыннікаў, — дадае аўтар фільмаў «Краю жанчын», «Парушэння спакою», «Возера радасці». — Яна, вядома, самая эмацыйная. Людзі часта плачуць. А зараз — асабліва на кадрах самага масавага марша беларусаў — 16 жніўня, калі ўсе выйшлі ў жаданні пераменаў. У паветры луналі перамога і вялікая надзея…
Ці засталася гэта надзея? Аляксей лічыць, што так.
— Тут, вядома, я магу казаць толькі за сябе, — дадае ён. — Я разумею, што рэальнасць жніўня-верасня 2020-га і сённяшняя рэальнасць — гэта розныя рэчы, але каб у мяне не было надзеі, я не рабіў бы свой фільм.
Зараз у Аляксея Палуяна ў планах праца над ігравой стужкай, у якой будуць злучаныя два светы: Беларусь часоў атрымання сваёй незалежнасці ў 1990-я і Германія канца 1980-х, часы падзення Берлінскага мура. Рэжысёр працягне даследаваць тэму прагі чалавечай свабоды.
Прэзентацыя спісу намінантаў на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі, якая будзе ўручацца ў 94-ы раз, адбудзецца 8 лютага 2022 года. Сама цырымонія пройдзе 27 сакавіка 2022 года.