З 1 снежня дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Аляксандр Старых больш не займае гэту пасаду. Сёння стала вядома аб тым, што яшчэ тром акцёрам віцебскай установы не працягнулі кантракты «па пагадненні бакоў». З кожным днём скандал вакол пастаноўкі «Ціль», якая была знятая з рэпертуару ў выніку агучанай у ёй падазронай фразы «Жыве Фландрыя!», набірае абароты.
«Але спектакль тут ні пры чым», — лічыць адзін з супрацоўнікаў тэатра, які пагадзіўся на ўмовах ананімнасці пракаментаваць Reform.by рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Коласаўскім.
З 2 студзеня ў тэатры не працуюць тры артысты: Арцём Герак, Анжэла Баркоўская і Юлія Крашэўская. Сёння з імі не працягнулі кантракты таксама «па пагадненні бакоў», як і з Аляксандрам Старых.
— Так, акцёры ігралі ў «Цілю», але ў спекталі была занятая амаль уся трупа. Пастаноўка рыхтавалася да 95-годдзя тэатра, меркавалася задзейнічаць усіх. Таму маё меркаванне такое, што спектакль [у якасці прычыны «сыходу» ] акцёраў тут ідзе праз коску, — кажа наш візаві. — Нават калі б не было скандалу з «Цілем» — іх усё роўна б «сышлі». А тое, што іх менавіта «сышлі», не падлягае сумневу: усіх трох планавалі задзейнічаць у новых пастаноўках.
Паводле нашай крыніцы, кантракты з Арцёмам Гераком, Анжэлай Баркоўскай і Юліяй Крашэўскай не працягнулі з той прычыны, што акцёры паспелі сябе «скампраметаваць». Артысты прынялі ўдзел у запісе відэа супраць гвалту яшчэ ў жніўні 2020-га, адкрыта выказвалі сваю пазіцыю.
— Улічваючы сённяшнюю абстаноўку, гэта было пытанне часу, — лічыць супрацоўнік тэатра.
Наш візаві перакананы, што тое, што можна назваць «чысткай шэрагаў», працягнецца і надалей.
— Да тэатра зараз пільная ўвага, і не было б «Ціля», знайшоўся б іншы спектакль, у якім выявілася б крамола, — выказвае ён сваё бачанне. — Мяркую, што наступнымі могуць «сысці» акцёраў, якія зараз актыўна задзейнічаны ў пастаноўках.
Наконт фразы «Жыве Фландрыя!», якая прагучала ў спектаклі і сёння ўжо пайшла ў народ, наш візаві пагаджаецца, што яна магла б выклікаць незадавальнне чыноўнікаў, якія прыйшлі на спектакль, але гэта тая рэч, якую прадказаць немагчыма.
— Людзі казалі, што штосьці не тое было ўжо ў антракце [рэакцыя чыноўнікаў — Reform.by], але магчыма, гэта камусьці падалося, — дзеліцца наш субяседнік. — Увогуле, фраза «Жыве Фландрыя!» — гэта радок з песні, якую спявае Ціль Уленшпігель. Па-руску яна гучыць «Да здравствует Фландрия!», па-беларуску — «Жыве Фландрыя!». Забаўна, так, але не болей. І чырвоныя стужкі, якімі былі ўпрыгожаны дзяўчаты. Вырашалася напачатку: ці гэта будуць ружы альбо стужкі, потым усё ж спыніліся на стужках. Мне падаецца, што гэтыя рэчы тут зусім не пры чым, — не адмаўляецца ад сваёй версіі крыніца.
На просьбу пракаментаваць тады «сыход» дырэктара, з якім не працягнулі кантракт акурат пасля выхаду спектакля, візаві пагаджецца, што «так, паслядоўнасць была менавіта такой«.
— Але гэта не значыць, што першым штуршком да рэпрэсій быў менавіта «Ціль», гэта ўсяго дадатковая падстава прыбраць тых, каго трэба прыбраць, — рэзюмуе субяседнік. — Тое, што зараз адбываецца з тэатрам, — на гэта балюча глядзець.
21 лістапада на сцэне Коласаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля «Ціль» паводле п’есы Рыгора Горына (паводле матываў рамана «Ціль Уленшпігель» Шарля Дэ Костэра). Пастаноўка выклікала нечаканы скандал праз рэакцыю чыноўнікаў: прадстаўнікі міністэрства культуры краіны і Віцебскага аблвыканкама, якія прысутнічалі на паказе, абурыліся падазронымі воклічамі «Жыве Фландрыя!» у пэўнай сцэне спектакля, а гэтаксама з’яўленнем у пастаноўцы чырвоных стужак. Рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць — спачатку «Ціля» знялі з рэпертуару ўстановы, і на сёння, 25 лістапада, ужо не працягнуты кантракт з дырэктарам установы Аляксандрам Старых і трыма акцёрамі — Арцёмам Гераком, Анжэлай Баркоўскай і Юліяй Крашэўскай.
Нагадаем, што гаворка ў літаратурным творы Шарля Дэ Костэра «Ціль Уленшпігель» ідзе аб барацьбе нідэрландскага народа супраць іспанскага гвалту ды бязмежнай улады жорсткага і фанатычнага караля Філіпа II. Дзеянне адбываецца ў XVI стагоддзі ў Фландрыі.