Акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» пройдзе сёння ў 38 гарадах свету

Главное
"Ноч расстраляных паэтаў" 29 красавіка 2020 года. Урочышчa Курапаты. Фота: Reform.by.

Адну з самых чорных дат у беларускай гісторыі — ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі былі расстраляныя больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — сёння ўспамінаюць беларусы ўсяго свету.

Сёлета да акцыі «Ноч расстраляных паэтаў» далучыліся амаль сорак горадоў: Лондан, Мілан, Парыж, Рым, Осла ды Іерусалім, Таронта, Херцогенбург, Гданьск, Сан-Францыска, Збараж, Кіеў, Талін, Тбілісі і Шэньчжэнь… Карта вечароў памяці, ушанаванняў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, якія будуць ладзіць сёлета беларускія дыяспары, прадстаўнічая як ніколі. А распачне «супольнае памятаванне ахвяр тэрору ў Беларусі» ў Youtube а 19.00 гадзіне Святлана Ціханоўская.

Пералічым толькі некалькі імпрэз на розных кантынентах, да якіх могуць далучыцца нашы суайчыннікі.

Францыя, Парыж
Société Générale, Palais de l’Unesco, Paris. (29.10/ 18:00)
У «Ноч растрэляных паэтаў» беларусы Парыжу выйдуць да ЮНЭСКА.

Эстонія, Талін
Дом Эстонскага саюза пісьменнікаў, Tallinn. (29.10/18:00)
Чытанне вершаў беларускіх паэтаў на эстонскай і беларускай мовах з удзелам эстонскіх тэатральных актораў.

Украіна, Збараж
Касцёл св. Антонія (30.10/14:00)
Беларуская імша памяці расстраляных у 1937 годзе.

Італія, Рым
І частка. Parco del Colle Oppio (metro Colosseo). (29.10/ 16:00)
Гутарка і разважанні пра рэпрэсіі 1930-тых і рэпрэсіі нашых дзён.
ІІ частка. Piazza della Madonna dei Monti. (29.10/19:30)
Малітва за спачын ахвяр палітычных рэпрэсій ХХ стагоддзя ў грэка-каталіцкай царкве св. Сяргея і Вакха (Жыровіцкай Іконы Багародзіцы).

Германія, Бон
Bonn Bad Godesberg Theaterplatz / Am Fronhof, ля ўваходу Fronhofer Galeria (30.10 / 15:00-16:30)
У праграме:
— прамова аб рэпрэсіях 1930-х і 2020-х гадоў у Беларусі;
— вершы паэтаў-ахвяраў сталінскага й лукашэнкаўскага рэжымаў на беларускай і нямецкай мовах;
— песні на вершы рэпрэсаваных паэтаў.

Літва, Вільня
Вільня, сквер ля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду (29.10 / 19:00)
У праграме акцыі – вершы (не)расстраляных паэтаў і беларускіх палітвязняў, знакавыя для беларусаў песні, успаміны і разважанні пра лёсы грамадства ў перыяд з 1937 да 2021 года.

Польша, Кракаў
Пачатак ля помніка Адаму Міцкевічу (29.10 / 20:00),
— шэсце пад песні на вершы (не)расстраляных паэтаў Беларусі і Польшчы па вуліцы sw. Anny і Planty, Ogród Uniwersytecki, да месца з зямлёй з Курапат і іншых местаў масавых расстрэлаў 1937-га года пад posagiem Kopiernika.
— чытанне вершаў (не)расстраляных паэтаў, open mic на Plantach;
— выступ Пятра Лямпрэхта, кракаўскага паэта, ксяндза і нашчадка забітага НКВД Вітальда Лямпрэхта.

Партугалія, Лісабон
POESIA (NÃO) FUZILADA (29.10 / 19:00)
Сумесная паэтычная анлайн-імпрэза беларускай дыяспары ў Бразіліі і ў Партугаліі для партугаламоўнай публікі.

У праграме — аповед пра рэпрэсіі 1930-х і 2020-х. Чытанне вершаў рэпрэсаваных беларускіх паэтаў і паэтак у перакладзе на партугальскую, а таксама па-беларуску.
Вядоўцы: Кацярына Дрожджа (Партугалія), Вольга Франко (Бразілія).

ЗША, Сан-Францыска
Memorial Court, San Francisco. (30.10 / 17:00)
Жывыя чытанні вершаў расстраляных паэтаў і палітвязняў 2020 (беларуская і англійская мовы).

Кітай, Шэньчжэнь
29.10 / 22:40
Магістарскі семінар універсітэта МГУ ППІ. Гутарка па гісторыі беларускай літаратуры. Чытанні вершаў беларускіх паэтаў.

Канада, Атава
Супольная імпрэза Бразілія-Канада да Ночы (не)расстраляных паэтаў (29.10 / 21:00)

Нарвегія, Осла
Eidsvolls plass, плошча перад парламентам (31.10 / 13:00-14:00)
Акцыя памяці рэпрэсаваных беларусаў, чытанні вершаў на беларускай і англійскай мовах.

І яшчэ раз Польша, Гданьск
Аблацкі Цэнтр Адукацыі і Культуры (29.10 / 19:00). Беларускае культурнае таварыства “Хатка” арганізуе імпрэзу памяці нявінна забітых.
19:00-19:15 — Інтра, Анна Сабецка;
19:15 — 19:45 — Лекцыя Алены Глагоўскай;
19:45 — 20:00 — «Навібэнд»;
20:00- 20:15 — Вершы, Таццяна Нядбай:
20:15 — 20:30 — Прамова, Вячаслаў Барок;
20:30- 20:45 — Вершы, Павал Граковіч і іншыя ўдзельнікі імпрэзы.

Усяго больш за трыццаць падзей па ўсім свеце падрыхтаваныя беларускімі дыяспарамі пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай і Рады беларускай культуры.

І яшчэ раз пра тое, што адбылося ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

У Мінску, ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя  больш за 100 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Менатаму таму тая ноч атрымала назву Ноч расстраляных паэтаў.

Самаму старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 гадоў), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў). А таксама: Алесь Дудар, Ізі Харык, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Уладзіслаў Галубок, Тодар Кляшторны, Майсей Кульбак, Анатоль Вольны, Зіма Півавараў, Валерый Маракоў, Юрка Лявонны ды іншыя аўтары.

Расстрэл 29.10.1937 стаў самай трагічнай кропкай хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Хваля гэтая доўжылася з 1929 па 1938 год, мела мэтай знішчэнне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выбітных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі соцень – расстраляныя, дзясяткі адпраўленыя ў лагеры і загінулі ў ГУЛАГу.

Хваля рэпрэсій аказала вялікі ўплыў на наступныя пакаленні беларусаў. І як неаднаразова паўтараюць даследчыкі, журналісты, літаратары, пакуль гэтая траўма не прагавораная, яна працягвае жыць у нас.

«Ноч рассталяных паэтаў — трагічная дата беларускай гісторыі ХХ стагоддзя, якая набыла сваю метафарычную назву ў найноўшыя часы», — справядліва падсумовоўваюць даследчыкі гісторыі і літаратуры.

«Рэчаіснасць застаецца, на жаль, такой, што і сёння, праз год, праз 100 гадоў, лёсы і радкі паўтараюцца і не губляюць актуальнасці», — кажуць пра падзею вядомыя Купалаўцы, якія сёлета далучаюцца да сусветнай акцыі #ночпаэтаў.

«Наша Купалаўская варта заўсёды ў адкрытым доступе па спасылцы, — дадаюць вольныя артысты і запрашаюць усіх да ўдзелу. — Вы таксама можаце стаць часткай акцыі памяці. Запісвайце відэа з вершам, гісторыяй, аповедам у памяць і гонар рэпрэсаваных беларусаў. Публікуйце ў сацсетках. Пазначайце хэштэгам #ночпаэтаў «.

У Мінску з-за пытанняў бяспекі Ноч паэтаў перанесеная ў анлайн.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: