«Я проста ўзяў камеру і пачаў здымаць», — распавядае пра сваю новую стужку, прысвечаную падзеям мінулага года, рэжысёр-дакументаліст Андрэй Куціла. «Калі кветкі не маўчаць» — так называецца фільм беларускага аўтара, што зараз спаборнічае ў конкурсе дакументальнага кіно 37-га Варшаўскага кінафестывалю. Прэм’ера карціны адбудзецца акурат сёння, 9 кастрычніка.
Прэстыжны кінафорум распачаў сваю працу ўчора, а сёння, заўтра і паслязаўтра ў Кінатэцы ў Палацы культуры і навукі дэманструецца поўнаметражны дакументальны фільм Андрэя Куцілы, які быў створаны пры падтрымцы вядомага тэлеканала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.
Аглядальніца Reform.by памятае папярэдні кароткі метр беларускага кінематаграфіста «Муры», які летась выйшаў на тым самым польскім канале. «Муры» доўжыліся ўсяго шаснаццаць хвілін, але стужка мела вельмі моцны змест ды форму. Рэжысёр здымаў людзей пад сценамі Акрэсціна — першыя дні дзяржаўнага тэрору, калі бацькі ў роспачы і абурэнні шукалі сваіх блізкіх, запаўняючы спісы, абмяркоўваючы навіны ды часам не маючы слоў ад шоку. Большасць жанчын — у чорных акулярах, каб схаваць слёзы. Плясканне ў далоні і поклічы пад мурамі турмы, каб цябе пачулі твае родныя. Здавалася б, Андрэй Куціла ўжо выказаўся на цяжкую тэму, але сёлета паўстала яго новая карціна.
— Сапраўды, калі зняў «Муры», то падумаў, што хопіць, — прызнаецца рэжысёр журналісту Reform.by. — Але калі хваля гвалту закранула маіх знаёмых, сяброў і, у тым ліку, сям’ю, я зразумеў, што трэба працягваць, — дадае ён, адзначаючы, што напачатку акрамя натуральнага імпульсу ў яго не было ані плану, ані задумы. — Іншымі словамі, я проста ўзяў камеру і пачаў здымаць тое, што палічыў важным.
Рушыць далей кінематаграфіста падштурхнула гісторыя яго сястры.
— Сястра апынулася на Акрэсціна ў тую ноч, калі там былі тысячы і тысячы мужчын, калі збівалі людзей, — распавядае ён. — Я падумаў, што калі не для фільма, то для сямейнай гісторыі я мушу захаваць пэўныя моманты. І сястра дазволіла мне гэта. Я фіксаваў як яна спраўлялася з траўмай, як жыла тыя месяцы пасля жудасных дзён. У працэсе да яе гісторыі пачалі далучацца гісторыі іншых жанчын, — дадае дакументаліст.
У выніку ў новым фільме аўтара такіх вядомых стужак як «Стрыптыз і вайна», «Summa», «Абдымкаў трэба мне тваіх» некалькі гісторый.
— З часам ў мяне з’явілася канцэпцыя стужкі. Я стаў знаёміцца з сем’ямі, якія таксама пацярпелі ці знаходзяцца ў такім жа складаным эмацыйным стане, як я. Мне былі цікавыя іх глыбокія гісторыі. Плюс яшчэ пачаў здымаць шмат людзей, характары проста на вуліцы. Я разумеў, што хутка ўсё можа скончыцца. І варта паспець пэўным чынам злавіць настрой, імкненне людзей, гэты боль і адначасова надзею, увесь спектр эмоцый. Такім чынам я спалучаў асабістае жыццё людзей і тое, што адбывалася на вуліцах.
Увага рэжысёра нездарма спынілася на жанчынах. Нават на вуліцах аўтар стараўся выхопліваць выпадковыя твары жанчын, спрабаваць зафіксаваць іх эмоцыі. Эмоцыі жанчын, якія чакалі сыноў, мужоў, братоў пад сценамі Акрэсціна, жаночы імпэт на маршах — усё гэта ўвайшло ў стужку.
Таму і ўзнікла назва фільма «Калі кветкі не маўчаць», назва, якую рэжысёр шукаў некалькі месяцаў, пакуль ішла праца над карцінай.
— Жанчыны былі першыя, хто пасля такой хвалі гвалту, збіцця, абудзілі ўладу і астатніх людзей, — дзеліцца сваімі думкамі Андрэй Куціла. — Яны сваімі дзеяннямі сказалі, што трэба ісці далей, супраціўляцца, хаця б мірным шляхам. Мяне гэта вельмі моцна ўразіла. Фільм, вядома, не толькі пра жанчын — больш пра іх сем’і, увогуле пра людзей, якія не змаглі ў пэўны момант маўчаць. Але ж той момант быў вырашальным, і ён задаў настрой карціне. Таму і ўзнікла назва фільма «Калі кветкі не маўчаць». Доўга думаў над назвай насамрэч, і мне падалося, што гэта добрае рашэнне: жанчыны і кветкі, кветкі, якія не маўчаць.
На пытанне, ці небяспечна было здымаць на вуліцах, Андрэй Куціла адказвае, што ўмовамі працы ў Беларусі сёння ўжо нікога не здзівіш.
— Вядома, што працаваць было небяспечна, — пагаджаецца ён. — Але проста сядзець на канапе было яшчэ горш. Маральна цяжка. Час бег, сыходзіў, і было зразумела, што хутка ўсіх пачнуць «закатваць у асфальт».
Андрэй Куціла прызнаецца, што ў яго вялікай эйфарыі не было.
— Вядома, я вельмі цешыўся, калі бачыў аб’яднанне людзей, іх уздым. Што з’явілася пэўная мэта, прага ў людзей, а не так, як раней, калі апазіцыя ўспрымалася як нешта маргінальнае. Калі пісьменнікі, музыкі, мастакі, якія «цягнулі» беларускасць і культуру, хоць крыху падпітваючы нацыянальную ідэнтычнасць, успрымаліся як нешта высокаінтэлектуальнае, далёкае. Мяне ўзрадавала сітуацыя, што ў гэтым плане шмат змянілася, што колы людзей, якія паважаюць сябе, сваю культуру, пашырыліся. Але я разумеў, што тое, што адбываецца, улада не даруе.
І тым не менш рэжысёр лічыць, што працэсы, якія пачаліся ў жніўні мінулага года, яшчэ не скончыліся.
— Мяркую, што толькі праз гадоў пяць-дзесяць можна будзе сказаць, калі пачалася беларуская рэвалюцыя, і калі яна скончылася, — разважае ён. — Пакуль жа, на мой погляд, ніхто з абодвух бакоў не перамог. Ды асабліва той бок, ад якога мы адчулі столькі гвалту, ціску, рэпрэсій. Ён зусім не пераможца. Бо калі так было, дзе тады падтрымка мас? Пазітыўная павестка? Іх няма. Таму нельга казаць, што ўсё завяршылася.
— Што гэта было? — працягвае аўтар. — На мой думку, людзі назапашвалі ўнутранае развіццё нацыі, нейкі далягляд, вызначаліся з тым, чаго яны прагнуць, хочуць у жыцці. Пэўным чынам ўсё гэта вылілася на вуліцы.
Тое, што беларускае грамадства сёння пазбавілася ілюзій у дачыненні да ўлады, рэжысёр лічыць важным крокам.
— Зараз «все маски сброшены». І на мой погляд, такая ўстаноўка лепш, чым тое, што было два гады таму, — падсумоўвае кінематаграфіст.
Паглядзець фільм «Калі кветкі не маўчаць» на 37-м Варшаўскім кінафестывалі можна, нагадаем, 9, 10 і 11 кастрычніка ў Кінатэцы ў варшаўскім Палацы культуры і навукі. У дачыненні далейшых паказаў сваёй новай стужкі ў Беларусі ці інтэрнэце Андрэй Куціла пакуль дакладных тэрмінаў не называе. «Але, мяркую, праз пэўны час, можа, і не зусім блізкі, недзе напрыканцы года, стужка будзе паказана ў эфіры тэлеканала», — дадае аўтар.