Усё болей і болей беларусаў па ўсім свеце далучацца да святкавання Глабальнага тыдня беларускай культуры, які ладзіцца з 5 па 11 ліпеня. Ініцыятыва, распачатая Беларускай Радай культуры пад патранатам Офіса Святланы Ціханоўскай, знайшла водгук у суайчыннікаў па ўсім свеце: у Францыі, Грузіі, Украіне, Польшчы, Аўстрыі ды нават у Бразіліі.
Сёння ў дзень народзінаў Янкі Купалы і Марка Шагала, Міжнародны дзень беларускай культуры, святкаванні, так бы мовіць, уваходзяць у сваю актыўную фазу.
Так, у Літве, на Лукішскай плошчы ў Вільні літаральна зараз жыхары і госці горада змогуць убачыць арт-інсталяцыю «Клетка» ад студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Акцыя распачынае цэлы шэраг мерапрыемстваў, якія будуць доўжыцца цягам тыдня.
Сярод іх, да прыкладу, прэм’ера спектакля «Трэцяя змена» рэжысёра Андруса Дар’яла паводле п’есы Паўла Пражко ў Рускім драматычным тэатры Літвы — 9 ліпеня. Літоўская прэм’ера дакументальнага фільма Аляксея Палуяна «Кураж» у фан-зоне ля Белага моста — 10 ліпеня. Вялікі канцэрт «Культура мацней за дыктатуру» з удзелам Лявона Вольскага, дуэта Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука, Сяргея Kosmas ва ўнутраным дворыку ЕГУ — 11 ліпеня. Цалкам расклад Тыдня беларускай культуры ў Вільні можна глядзець тут.
Гэтаксама ўвечары 7 ліпеня ў парке Рыке ў Тбілісі распачынаецца святкаванне беларускага Купалля. Падзея адкрывае Дні беларускай культуры у Грузіі, якія пройдуць у двух гарадах — Тбілісі і Батумі. Пра праграму Дзён Reform.by пісаў раней, але мы нагадаем, што за музычную частку на вечарах будзе адказваць Алесь Дзянісаў, лідар гурта «Дзецюкі». А беларускую батлейку на сённяшнім вечары прадставіць усім вядомы «Маляваныч» Аляксандр Ждановіч.
З энтузіязмам ладзяць мерапрыемствы і розныя культурніцкія акцыі беларусы ў Польшчы. Катавіцы, Варшава, Вроцлаў… — геаграфія актыўнасцяў даволі прыстойная. Хтосьці запрашае на майстар-класы па вырабе традыцыйнай беларускай лялькі, хтосьці — ладзіць вечар беларускай кухні, хтосьці — вучыць плесці купальскія вянкі. А вось акурат сёння ўвечары на Замкавай плошчы Варшавы распачынаецца вялікі Спеўны сход. Сяржук Доўгушаў, вядомы музыка і лідар этна-гурта «Vuraj» запрашае ўсіх цікаўных далучыцца да выканнання годных беларускіх песен.
Украіна гэтаксама не засталася ў баку ад святкаванняў.
11 ліпеня ў кіеўскім дворыку Магілянкі адбудзецца насычаны мерапрыемствамі Дзень беларускага мастацтва. У яго праграме — чытанні вершаў БУМ-БАМ-ЛІТаўцаў і прэзентацыя новых кніг Сяргея Прылуцкага і Уладзіміра Арлова. Канцэрт з удзелам гуртоў Shuma, «Разбітае сэрца пацана», а гэтаксама Naka piano feat Канстанцін Гарачы. Фотавыстава «Беларусь, якая прачнулася» плюс міні-экспазіцыя ўкраінскага ілюстратара Аляксандра Грэхава.
Беларусы з усяго свету чытаюць верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?», запісваюць відэа са спевамі, цёплымі словамі, перформансамі, дзеляцца фота і відэа святкавання Купалля, выкладваюць у сеціва музыку, кліпы, фільмы.
Бадай, адзін з самых кранальных відэалістоў прышоў з Бразіліі. Музычны канал Grupo Bhramari запісаў вядомую песню Міхася Чарота і Уладзіміра Тэраўскага «Купалінка» ў выкананні вакальнага гурта Casa Passarinho пад кіраўніцтвам Крыса Мігела і Данілы Томіча.
Спрычыняемся і святкуем!
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: