Каханенькія-родненькія Купалаўцы працягваюць палёт: «Паўлінка» застаецца ў анлайн-доступе

Незалежная тэатральная група Вольныя Купалаўцы вырашыла пакінуць адкрытым доступ да прагляду свайго спектакля «Паўлінка», прэм’ера якога адбылася 23 траўня. «Ёсць абсалютна дакладнае адчуванне, што павестка тэрмінова патрабуе светлых навін«, — пракаментавалі артысты свае рашэнне на афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Нагадаем, што трупа ў выгнанні працуе як рэпертуарны анлайн-тэатр. На Youtube канале Купалаўцаў, які налічавае 144 тысячы падпісчыкаў, можна паглядзець чытыры спектаклі. «Войцэк», «Я», «Страх» паказваюцца ў пазначныя даты ў афішы; трансляцыю легендарных «Тутэйшых» можна глядзець 24 гадзіны ў суткі. Не абмяжоўваць доступ да прагляду новага спектакля «Паўлінка» артысты вырашылі пасля ашаламляльных навін, што ўчора абрынуліся на беларусаў.

Фота: https: facebook.com/kupalaucy

Цікава, што спектакль па аднайменнай легендарнай п’есе Янкі Купалы анансаваўся як рэйс Paulinka International. Гледачы маглі атрымаць адмысловы электронны квіток на сусветны паказ «славутай купалавай «Паўлінкі». Ды адмыслова да прэм’еры незалежная тэатральная група падрыхтавала субтытры на сямі мовах: англійскай, французскай, нямецкай, украінскай, польскай, рускай і нават кітайскай. «Выбраць патрэбны вам варыянт можна ў наладах відэа падчас прагляду«, — падкрэлісваецца ў анатацыі да пастаноўкі.

Калі раптам вы маеце сілы і жаданне перакласці спектакль на сваю родную мову, пішыце нам у сацсетках, падзелімся адаптаваным тэкстам і потым абавязкова дададзім у якасці субтытраў, — дадаюць артысты.

Віктар Манаеў у ролі Пранціся Пустарэвіча. Фота: facebook.com/kupalaucy

Важны момант.

«Паўлінка» рэдакцыі 2021 года вяртаецца да фінала, прапісанага ў п’есе Янкі Купалы. Калі ў вядомай версіі Льва Літвінава, спектаклі-візітоўцы Купалаўскага, які столькі год ішоў на сцэне тэатра, шчаслівая дзяўчына збягала са сваім каханым Якімам Сарокам, то ў пастаноўцы Купалаўцаў хэпі-энда не будзе. Спектакль заканчваецца гэтакжа як і ў драматургічным творы беларускага класіка: Якіма Сароку арыштоўваюць. І гэта досыць трагічная канцоўка ўступае ў дыялог з сённяшнім часам.

Аднак Купалаўцы не былі б Купалаўцамі, не пакінуўшы і аптымістычнага паслання.

Паводле купалаўскай традыцыі, пасля апошняй фразы апошняга спектакля ў сезоне кожны артыст мусіць гучна і ёмка адвесіць са сцэны “Усё”, тым самым сімвалічна завяршаючы сезон, — адзначаюць яны ў развітальным слове. — Мы прайшлі складаны шлях і працягваем несці далей тыя каштоўнасці, якія даверыла нам старэйшае пакаленне легендарных Купалаўцаў. Наша прэм’ера – тое самае гучнае сімвалічнае “Усё”. Мы ідзём далей, але цяпер ужо новым свабодным шляхам, пакідаючы там, у гісторыі, усё найлепшае, што адбывалася з намі, усё горкае, што вучыла нас жыццю, усіх тых, хто да канца застанецца роднымі і блізкімі, як бы нас ні раскідвала па акопах.

Кацярына Алейнікава ў ролі Паўлінкі і Алег Гарбуз — пан Адольф Быкоўскі. Фота: facebook.com/kupalaucy

Безумоўна, 101 сезон увайшоў у гісторыю. Першы сезон за шмат гадоў, які не распачаўся традыцыйнай “Паўлінкай”. Першы сезон, калі мы перасталі быць проста артыстамі. Мы сталі ўсім тэатрам, — падкрэслівае трупа. — І гэта не развітанне, гэта сапраўднае нараджэнне Незалежнай тэатральнай групы “Купалаўцы”.

Палёт каханенькіх-родненькіх Купалаўцаў працягваецца.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!